ПЛАДАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл. Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн. га.

На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс. га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс. т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш. Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл.), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.

Літ.:

Плодоводство. М., 1979;

Плоды и овощи в питании человека. Мн., 1983.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІЛЬЁН (Roussillon),

гістарычная вобласць на Пд Францыі, каля граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Уключае дэпартамент Усходнія Пірэнеі. Пл. 4,1 тыс. Нас. каля 400 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — Перпіньян. Рэльеф пераважна горны, на З да 2921 м (пік Карліт). Клімат міжземнаморскі (на ўзбярэжжы), умераны (у гарах). Ападкаў 800—900 мм за год. У гарах захаваліся дубовыя і дубова-грабавыя лясы. Раён вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва; на горных пашах — жывёлагадоўля. Харч. прам-сць. ГЭС. На беразе мора — курорты (Сен-Сіпрыен і інш.). Турызм.

У старажытнасці тэр. Р. насяляла племя сардонаў з цэнтрам у Русцыно (адсюль назва). У 8—9 ст. графства ў дзяржаве Карла Вялікага (уваходзіла ў Ісп. марку); з 915 улада графаў стала спадчыннай.З 1172 пад уладай каралёў Арагона, але да 1258 заставаўся пад франц. суверэнітэтам. У 1276—1344 у складзе каралеўства Маёрка. У 1463 анексіраваны франц. каралём Людовікам XI. У 1943 Францыя вярнула Р. Іспаніі. Шматвяковая вайна за Р. паміж Францыяй і Іспаніяй скончылася Пірэнейскім мірам 1659, паводле якога правінцыя канчаткова замацавана за Францыяй. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 Р. падзелены на дэпартаменты.

т. 13, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНЬДУ́Н,

правінцыя на У Кітая, на аднайм. паўвостраве і часткова на Вял. Кітайскай раўніне. Пл. 153 тыс. км². Нас. 90,4 млн. чал. (2001). Адм. ц. — г. Цзінань. Цэнтр. ч. займаюць Шаньдунскія горы (выш. да 1524 м), акаймаваныя Вял. Кітайскай раўнінай. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -1,3 да -1,6 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1000 мм за год. Найб. рэкі Хуанхэ (ніжняе цячэнне) і Вэйхэ. Лясы высечаны, у гарах невял. гаі з хвоі, дубу, клёну. Ш. — індустр.-агр. раён Кітая. Здабыча каменнага вугалю, нафты, жал. руды, баксітаў, графіту. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. станка-, судна- і вагонабудаванне, вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці), электронная, хім. і нафтахім., лёгкая, харч., фарфора-фаянсавая. Выпрацоўка электраэнергіі пераважна на ЦЭС. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, проса, гаалян, кукурузу, бабовыя, з тэхн. — бавоўнік, арахіс, тытунь. Садоўніцтва. Вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, аслоў, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Суднаходства па рэках Хуанхэ, Сяацынхэ і Вял. канале. Марскія парты: Цындао, Яньтай, Вэйхай, Шыдао.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

штат на ПдУ Аўстраліі. Пл. 227,6 тыс. км². Нас. 4468,3 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Мельбурн. На Пд Аўстралійскія Альпы з вяршынямі да 2 тыс. м акаймоўваюць вузкую паласу ўрадлівай берагавой раўніны з субтрапічным кліматам і вечназялёнай расліннасцю. На паўд. і паўд.-ўсх. схілах гор (ападкаў 2000 мм за год) — густыя вечназялёныя лясы, на паўн. схілах, больш засушлівых, — паркавыя лясы, якія на Пн змяняюцца сухімі стэпамі. На Пн і ПнЗ — алювіяльная раўніна р. Мурэй (Мары) са стэпавай, часткова паўпустыннай расліннасцю. Вікторыя — другі па эканам. значэнні (пасля Новага Паўднёвага Уэльса) штат краіны. Здабыча бурага вугалю, у прыбярэжных водах — нафты і прыроднага газу. Буйныя ЦЭЦ, а таксама некалькі значных ГЭС (на У у Снежных гарах). Развіта металаапр., маш.-буд., хім., нафтаперапр., авіяц. прам-сць, з галін лёгкай прам-сці — абутковая, швейная, шарсцяная, а таксама харч. (вінаробчая, кансервавая, масларобчая і інш.). Асн. прамысл. цэнтры — Мельбурн, Джыланг, Баларат, Бендыга. Гал. с.-г. культуры: пшаніца, авёс, ячмень, бульба. Вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля малочная і мяса-воўнавая. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Вытв-сць на экспарт масла, сыроў, мяса, шэрсці. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Важнейшыя парты Мельбурн і Джыланг.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕДО́К (Languedoc),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пд Францыі; на З ад ніжняга цячэння р. Рона паміж Цэнтр. масівам, узбярэжжам Міжземнага м. і Пірэнеямі. На тэр. Л. дэпартаменты Усх. Пірэнеі, Од, Эро, Гар, Лазер і частка некалькіх суседніх. Пл. 42,1 тыс. км². Нас. каля 2,5 млн. чал. (1995). Гал. горад Тулуза. Гал. раён вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч., лёгкая, маш.-буд., металаапр., нафтаперапрацоўчая. Асн. прамысл. цэнтры — цэнтры дэпартаментаў: гарады Тулуза, Перпіньян, Нім, Каркасон, Манпелье, Манд; г. Маркуль — цэнтр атамнай прам-сці. Невял. здабыча вугалю і баксітаў. Турызм.

З канца 2 ст. да н.э. рым. правінцыя Нарбонская Галія, з 5 ст. пад уладай вестготаў. У 720 захоплены арабамі, у сярэдзіне 8 ст. — франкамі. У сярэдзіне 9 ст. на тэр. Л. ўзнікла Тулузскае графства, у 10—11 ст. буйная феад. дзяржава на Пд Францыі. У 12—13 ст. цэнтр ерэтычнага руху. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 далучаны да франц. кароны (канчаткова ў 1271). Меў правы самакіравальнай правінцыі, з 14 ст. правінцыяльныя штаты, з 1420 парламент. У 16 ст. ў час рэлігійных войнаў значную частку Л. захапілі гугеноты. У 17 ст. пры А.​Ж.​Рышэльё самакіраванне скасавана. У 17—18 ст. цэнтр антыфеад. руху. У 1791 падзелены на дэпартаменты.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,

горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.​Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.

На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст. н.э. рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст. балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг. нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАТУ́ (Poitou),

гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс. км². Нас. каля 1,2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.

У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст. Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЦЗЯ́Н-УЙГУ́РСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Сіньцзян,

аўтаномны раён на ПнЗ Кітая. На Пн і З мяжуе з Манголіяй, Расіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, Індыяй. Пл. 1600 тыс. км², нас. каля 18 млн. чал. (2001), у т. л. уйгуры (75%), сярод астатніх найб. кітайцаў. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Урумчы. Большая ч. паверхні — пустынная і паўпустынныя Джунгарская і Кашгарская раўніны, падзеленыя хрыбтамі Усх. Цянь-Шаня. На Пд горы Куньлунь і Каракарум (г. Чагары выш. 8611 м), на Пн Мангольскі Алтай. Клімат субтрапічны засушлівы, кантынентальны. Ападкаў на раўнінах 100—300 мм за год, у гарах да 800 мм. Расліннасць пераважна пустынная і паўпустынная. У гарах хваёвыя лясы. Найб. развіта сельская гаспадарка. Земляробства пераважна на арашальных землях. Гал. с.-г. культуры — пшаніца, кукуруза, рыс (займаюць больш за 50 % апрацаваных зямель), а таксама бавоўнік, рапс, каноплі. У аазісах вінаградарства і садоўніцтва (абрыкосы, яблыкі, грушы, грэцкі арэх), бахчаводства (дыні, кавуны). Шаўкаводства. У пустынях і паўпустынях (найб. на Пн) жывёлагадоўля (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, вярблюды, коні). Здабыча нафты, вугалю, рэдкіх і каштоўных металаў, графіту, нефрыту. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр., металургічная, маш.-буд. (аўтазборка і аўтарамонт, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім., буд. матэрыялаў, тэкст., гарбарная. Рамёствы (тканіны, дываны, кашма, скуры і скураныя вырабы, папера і інш.). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫР (Trier),

горад на ПдЗ Германіі, на р. Мозель, зямля Рэйнланд-Пфальц. Каля 150 тыс. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: вінаробчая, тытунёвая, металаапр., эл.-тэхн., тэкст., абутковая. Цэнтр раёна вінаградарства і вінаробства. Ун-т. Музеі: зямлі Рэйнланд, Епіскапскі. Арх. помнікі: рым. — амфітэатр (каля 100), імператарскія тэрмы (каля 300), гар. вароты (пач. 4 ст., уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), базіліка (1-я пал. 4 ст.); раманскія — сабор (4—18 ст.), дамы «Франкентурм» (11 ст.) і «Драйкёнігенгаўз» (пач. 13 ст.); гатычная царква (каля 1250), рэнесансавыя і барочныя будынкі.

Засн. рымлянамі ў 16 да н.э. як ваен. лагер на тэр. гальскага племя трэвераў (наз. Аўгуста Трэверорум, з 7 ст. Трэверыс, пазней Т.). Быў гал. населеным пунктам стараж.-рым. прав. Галія Белгіка, потым усёй прэфектуры Галія. З 475 пад уладай франкаў. З 9 ст. цэнтр архібіскупства. Паміж 1160 і 1190 атрымаў гар. права. У 15 ст. вольны імперскі горад. У 1473—1797 тут існаваў ун-т. З 1794 уладанне Францыі, гал. горад (да 1814) франц. дэпартамента Саар. У 1815 далучаны да Прусіі (Германія). Радзіма К.Маркса. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны. Пасля вайны ў складзе франц. зоны акупацыі Германіі, з 1949 у ФРГ.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ТГАРТ (Stuttgart),

горад на ПдЗ Германіі. Адм. ц. зямлі Бадэн-Вюртэмберг. 587 тыс. ж. (1995). Трансп. вузел. Порт на р. Некар. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, аўтамаб., каляровая металургія, вытв-сць рухавікоў, станка- і прыладабудаванне, у т. л. вытв-сць фотакінаапаратуры, хім., паліграфічная, тэкст., папяровая, гарбарна-абутковая, харчовая. Цэнтр буйной вобласці пладаводства і вінаробства. Выпрабавальны цэнтр авіяцыі і касм. палётаў. Метрапалітэн. Ун-т. Каля 30 музеяў: краязнаўчы, прыродазнаўчы, «Даймлер-Бенц», «Поршэ», Дзярж. галерэя (адзін з найбагацейшых збораў твораў Пікасо), вінаградарства, этнаграфіі і інш. Арх. помнікі 12—18 ст.

Кельцкія пасяленні на месцы Ш. вядомы да н.э. Каля 90 н.э. на іх месцы заснаваны стараж.-рым. г. Некарлімес з крэпасцю ў Канштаце. Каля 950 герцаг Луітольф Швабскі пабудаваў тут конны завод і крэпасць. У пісьмовых дакументах Ш. згадваецца каля 1160, гар. правы атрымаў у 1219. З 1321 рэзідэнцыя графаў Вюртэмбергскіх, з 1520 пад панаваннем Аўстрыі. У 1806, у час напалеонаўскіх войнаў, стаў сталіцай новастворанага каралеўства Вюртэмберг. З сярэдзіны 19 ст. ў горадзе інтэнсіўна развівалася прамысловасць. З 1918 Ш. — сталіца зямлі Вюртэмберг, з 1953 — аб’яднанай федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Ш. — месца нараджэння філосафа Г.В.​Ф.​Гегеля.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)