АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш. Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАМЕГА́ЛІЯ (ад акра... + мегала...),
хвароба, якая характарызуецца празмерным ростам рук, ступняў і асабліва касцей твару, што прыводзіць да развіцця масіўнай ніжняй сківіцы і цяжкіх надброўяў. Выклікаецца залішняй сакрэцыяй гармону росту (самататрапіну) пры ацыдафільнай пухліне гіпофіза. Лішкі самататрапіну выклікаюць таксама гіпафізарны дыябет, абумоўлены тармажэннем сакрэцыі інсуліну. Акрамегалія назіраецца ў маладым узросце, развіваецца паступова, доўгія гады. Суправаджаецца болем галавы, палавой слабасцю, спыненнем менструацый, парушэннем зроку. Лячэнне: рэнтгенаўскае апрамяненне, хірург. выдаленне пухліны.
т. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЫЛКА,
1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.
2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.
т. 4, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАПІ́РАВАННЕ (ад франц. décaper ачышчаць метал),
выдаленне хім. або электрахім. спосабам найтанчэйшых плёнак аксідаў з паверхні метал. вырабаў. Пры Д. адбываецца лёгкае пратраўліванне слоя металу, што садзейнічае добраму счапленню яго з гальванічным пакрыццём. Робіцца з дапамогай слабых раствораў сернай, салянай або азотнай кіслот, а таксама цыянідаў калію або натрыю перад аксідаваннем, пасівіраваннем, нанясеннем гальванічных пакрыццяў. Выкарыстоўваюцца таксама перад халоднай штампоўкай стальных вырабаў, каб зняць акаліну з паверхні і павялічыць выцяжку.
т. 6, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЛАСЦЬ, бязрогасць,
прыроджаная адсутнасць рагоў у жывёл. У некат. парод с.-г. жывёл К. — спадчынная прыкмета (напр., у абердзін-ангускай пароды буйн. раг. жывёлы, гемпшырскай, шропшырскай і інш. парод авечак). У асобных парод авечак (мерыносавая, рамбулье) бязрогія толькі маткі. У буйн. раг. жывёлы К. — дамінантная прыкмета. Пры скрыжаваннях жывёл камолых парод з рагатымі атрымліваюцца мяшанцы першага пакалення пераважна камолыя. Выкарыстоўваюць таксама штучнае выдаленне рагоў у жывёл для спадручнай гадоўлі.
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нефрэктамі́я
(ад гр. nephros = нырка + ektome = выразанне)
аперацыйнае выдаленне ныркі пры зваротных або прагрэсіруючых паталагічных працэсах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эпіля́цыя
(фр. epilation, ад лац. ex = з + pilus = волас)
выдаленне валасоў з лячэбнай або касметычнай мэтай.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАРТАЛІНІ́Т,
запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.
І.У.Дуда.
т. 2, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНО́ІДЫ (ад адэна... + грэч. eidos падобны),
пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).
т. 1, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРАСКЛЕРО́З (ад грэч. nephros нырка + склероз),
хвароба нырак, пры якой парэнхіма ныркі замяшчаецца злучальнай тканкай, што вядзе да зацвярдзення і зморшчвання ныркі і парушэння яе функцый. Узнікае ад атэрасклерозу дробных артэрый (артэрыёл). пры цяжкіх формах гіпертанічнай хваробы (першасна зморшчаная нырка), ад хранічнага нефрыту і піеланефрыту і інш. хвароб (другасна зморшчаная нырка). Прыкметы: нізкая ўдз.в. мачы, выдаленне з мачой бялку, крыві, урэмія; у цяжкіх выпадках — нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт., у цяжкіх выпадках хірургічнае.
т. 11, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)