ГРУШЭ́ЎСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 20.4.1952, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1976) і кампазіцыі (1985, клас Дз.Смольскага). Працуе ў розных жанрах, апіраецца на бел. песенна-танц. фальклор.

Сярод твораў: араторыя «Гусаўца голас» на тэкст М.Гусоўскага (1985), кантата «Сэрца роднае» на сл. М.Багдановіча (1991); карціна «А хто там ідзе?» (1982), Рамантычная паэма (1984), Сюіта (1991) для сімф. аркестра; камерна-інстр. і вак. музыка.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.Броўкі, П.Глебкі, І.Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк. нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т.л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.Коласа (1941) і кінафільмаў, у т.л. «Новы дом» (з І.Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Журавлев Д.Н. И.И.Любан. Л., 1968.

Дз.М.Жураўлёў.

І.І.Любан.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГУ́ТНЫ БО́ЖА»,

міжнародны фестываль духоўнай музыкі. Праводзіцца з 1993 штогод у Магілёве. Засн. па ініцыятыве Бел. каталіцкага т-ва і рымска-каталіцкай парафіі. Назва ад духоўнага гімна М.Равенскага «Магутны Божа» на вершы Н.Арсенневай, які стаў муз. эмблемай фестывалю. Мае на мэце аб’яднанне пры дапамозе музыкі прадстаўнікоў розных хрысц. канфесій, захаванне і развіццё традыцый сусв. і бел. духоўнай музыкі. У фестывалі ўдзельнічаюць прафес. і аматарскія, прыходскія хар. калектывы і вак. ансамблі розных складаў, салісты. Праводзяцца конкурсы вакалістаў, у т.л. на лепшае выкананне гімна «Авэ Марыя», канцэрты хар., вак. і арганнай музыкі і інш. У рэпертуары творы сусв. духоўнай класікі і бел. кампазітараў, у т.л. М.Шчаглова, В.Селяха-Качаноўскага, В.Панфілавай і інш. Сярод лаўрэатаў фестывалю: Дзярж. акад. нар. хор імя Г.І.Цітовіча, магілёўскі мужчынскі камерны хор «Унія», актэт «Чысты голас», камерны хор «Гродзенскай капэлы», Гомельскі дзіцячы хор правасл кафедральнага сабора Пятра і Паўла (Беларусь), Бранскі муніцыпальны акад. хор, Казанскі муніцыпальны мужчынскі хор «Кафедра» (Расія); акад. Галіцкі хор «Еўшан», салісткі Л.Дарэнская, Г.Хасцян (Украіна). Сярод чл. журы В.Роўда, Г.Каржанеўская, Л.Каспорская, В.Скорабагатаў.

С.У.Вераценнікава.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУР’Я́Н (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 25.3.1954, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг. муз. часткі Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы.

Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар. арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота, «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Дракон» Я.Шварца, «Інтымны тэатр Е.Міровіча»), кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Р.М.Аладава.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЕ́М’ЕЎ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),

рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА ў музыцы,

1) у мензуральнай натацыі знакі, што абазначаюць дзве і болей ноты, якія выконваюцца звязна, звычайна на адзін склад. 2) Абазначэнне аб’яднання 2 суседніх нот аднолькавай вышыні ў адну ноту сумарнай працягласці з дапамогай лігі — дугападобнай рысы, выгнутай уверх або ўніз. Ліга над групай нот рознай вышыні патрабуе іх звязнага выканання і адасаблення ад суседніх гукаў ці іх груп, у вак. музыцы — выканання ўсіх аб’яднаных лігай нот на адзін склад.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́ШКА (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 24.4.1947, г. Брэст),

бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т.л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т.л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц. т-ва «Лужнікі».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,

тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУПА́ЛІНКА»,

жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж. нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.Антонава, В.Марозава, Н.Баканава, Н.Бранковіч, Н.Гумянюк, А.Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел. нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)