НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й у Стакгольме,

буйнейшы маст. музей Швецыі. Засн. ў 1792. У зборы калекцыі ант. і ўсх. мастацтва, жывапісу, графікі, скульптуры асн. еўрап. школ розных часоў, у т. л. творы Рэмбранта, Эль Грэка, Я.​Іорданса, Ж.Б.​С.​Шардэна, Ф.​Гоі, А.​Рэнуара, П.​Сезана, карціны жывапісцаў Швецыі (К.​Ларсана, А.​Расліна, А.​Цорна) і інш. скандынаўскіх краін, рус. іканапісу і жывапісу. Будынак музея ўзведзены ў 1850—56 у стылі неарэнесансу (арх. А.​Шцюлер). Філіял Н.м. — Сучасны музей (засн. ў 1958), які захоўвае творы еўрап. (пераважна шведскіх) мастакоў 20 ст. У распараджэнні Н.м. таксама маст. скарбы каралеўскіх палацаў.

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.​С.​Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСТ (Brest),

горад на ПнЗ Францыі, на п-ве Брэтань. 153,1 тыс. ж. (1990). Гандл. і рыбалоўны порт у Брэсцкай бухце Атлантычнага ак., буйнейшы ваенна-марскі порт Францыі (база атамных падводных лодак). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Судна- і машынабудаванне, галіны па абслугоўванні партовай гаспадаркі, выраб катлоў, канатаў, ветразяў; хім., тэкст., гарбарная, дрэваапр., металургічная прам-сць. Арсеналы. Ун-т. Вышэйшая марская школа. Ін-т акіяналогіі, выкарыстання акіянаў. Музеі. Помнікі архітэктуры 12—18 ст., у т. л. замак 12 ст. (пазней перабудаваны).

У старажытнасці рым. порт. З 1239 належаў герцагству Брэтань, у 1342—97 — Англіі. З далучэннем Брэтані да Францыі — ваен. порт. У 2-ю сусв. вайну герм. база падводных лодак, моцна разбураны авіяц. бамбардзіроўкамі.

т. 3, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕКАНА́НДА (Свамі) (сапр. Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),

індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».

Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.

Тв.:

The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.

Літ.:

Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1936. Т. 19.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́П (Lysippos),

старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з пер шых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).

Лісіп. Апаксіямен. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖУ́ХІН (Іван Ільіч) (26.9.1889, Масква — 18.1.1939),

расійскі кінаакцёр. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Працаваў у правінцыяльных т-рах, маскоўскім Увядзенскім нар. доме. З 1911 здымаўся ў кіно. Буйнейшы акцёр рас. дарэв. кінематографа. Іграў рамант. герояў у меладрамах, здымаўся ў быт. камедыях, салонных і дэкадэнцкіх драмах. Сярод роляў: гвардзейскі афіцэр Маўрушка («Домік у Каломне» паводле А.​Пушкіна, 1913), Стаўрогін («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы», 1915), Герман («Пікавая дама» паводле Пушкіна, 1916), князь Касацкі («Айцец Сергій» паводле Л.​Талстога, 1918). З 1920 у эміграцыі, здымаўся пераважна ў Францыі: «Дзіця карнавала» (1921, 1933, сцэнарыст і рэжысёр), «Дом таямніц» (1922), «Касцёр палае» (1923, сцэнарыст і рэжысёр), «Міхаіл Строгаў» (1926) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,

буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.​Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.​Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.​Чэхава, «Навальніца» А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.​Арленеў, А.​Астужаў, М.​Блюменталь-Тамарына, У.​Давыдаў, М.​Клімаў, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, І.​Масквін, М.​Радзін, В.​Тапаркоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭТРЫ́ ((Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст) (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),

французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧМА (Леанід Данілавіч) (н. 9.8.1938, с. Чайкіна Ноўгарад-Северскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1994). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1960). У 1960—86 працаваў у канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (у 1982—86 1-ы нам. ген. канструктара). У 1986—92 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Паўд. маш.-буд. з-д» у Днепрапятроўску (буйнейшы ў свеце канцэрн па вытв-сці ракет). Нар. дэп. Украіны (з 1990). У 1992—93 прэм’ер-міністр Украіны і чл. Рады нац. бяспекі. З ліп 1994 прэзідэнт Украіны (у ліст. 1999 абраны прэзідэнтам на другі тэрмін). У 1994—96 сустаршыня Канстытуц. камісіі. Ленінская прэмія 1981, Дзярж. прэмія Украіны 1993.

І.​Р.​Бунечка.

Л.Д.Кучма.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́Я,

горад у Японіі, на Пд цэнтр. часткі в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Айты. 3213 тыс. ж. (1998). Н. — ядро агламерацыі, якая ўключае 27 гарадоў, з насельніцтвам каля 6 млн. чал. (1998). Буйнейшы (пасля Токіо і Осакі) эканам. і культ. цэнтр краіны, адзін з асн. партоў у зал. Ісе Ціхага ак. (каля палавіны знешнегандл. грузаабароту Японіі). Прам-сць: разнастайнае машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; судна- і аўтамабілебудаванне, дакладнае прыладабудаванне; чорная і каляровая металургія, нафтахім., тэкст., харч., паліграф., фарфора-керамічная, мэблевая. Метрапалітэн. Ун-т. Маст. музей Такугава, Маст. галерэя прэфектуры Айты, Музей скарбаў замка Нагоя. Бат. сад. Сінтаісцкае свяцілішча Ацута (пачатак н. э.), храм Тафукудзі (8 ст.), замак Нагоя з паркам (17 ст.), Ваенна-марскі арсенал.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)