ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ВІ́ЦЯЗЬ».
Створана ў 1976—78 як Віцебскі тэлевізійны з-д, з 1989 — сучасная назва. У ВА уваходзіць таксама канструктарскае бюро «Дысплей». Асн. прадукцыя (1996): тэлевізійныя прыёмнікі каляровага і чорна-белага адлюстравання, відэаманіторы каляровага і манахромнага паказу прамысл. прызначэння, мед. тэхніка, мэбля, спец. інструменты.
т. 4, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ, «Віцьтэкс». Засн. ў 1946 у Віцебску як арцель «Чырвоны гарбар». З 1954 арцель, з 1960 ф-ка «Тэкстыльшчык» (з 1976 галаўное прадпрыемства Віцебскага тэкстыльнага аб’яднання), з 1991 ВА «Віцьтэкс» («Віцебскі тэкстыль»). Асн. прадукцыя (1996): дывановыя вырабы, баваўняныя, паўшарсцяныя і махровыя тканіны, швейныя вырабы.
т. 4, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТО́ГРАФА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «БЕЛГЕАДЭ́ЗІЯ»,
вытворчае аб’яднанне па забеспячэнні Рэспублікі Беларусь тапаграфічнымі здымкамі, геадэзічнымі і картаграфічнымі матэрыяламі. Засн. ў 1947 у сістэме Гал. ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі СССР пад назвай Зах. аэрагеадэзічнае прадпрыемства, у 1962—90 — Прадпрыемства № 5 ГУГК СССР. З 1997 у падпарадкаванні Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. У складзе аб’яднання 3 тапографа-геад. экспедыцыі ў Мінску (№ 81, 82, 83), Гомельскі і Полацкі геад. цэнтры, 4 цэхі камеральных работ і інфарм.-выліч. цэнтр у Мінску. Ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па стварэнні і аднаўленні дзярж. геад. сеткі, стварае тапагр. карты маштабу ад 1:10000 да 1:1000000, планы гарадоў у адпаведнасці з патрэбамі суб’ектаў гаспадарання, навукі і абароны краіны. Праводзіць тапографа-геад. работы для зямельнага кадастру, пры праектаванні і буд-ве, рэжымныя назіранні пры эксплуатацыі асабліва важных аб’ектаў, паўторныя нівеліроўкі ўсёй тэр. Беларусі або на асобных палігонах (гл. Геадынамічны палігон). Стварае карты адкрытага выкарыстання шырокай тэматыкі, у т. л. для вучэбных мэт, і лічбавыя для выкарыстання на ЭВМ.
М.Ф.Віняцкі.
т. 8, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ, «Белавія». Створана ў 1993 на базе Бел. ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі. Абслугоўвае (май 1996) каля 20 рэйсаў у краіны СНГ (Алматы, Кіеў, Масква, Ніжнявартаўск, Омск, Уфа і інш.), 8 міжнар. авіяліній — у Берлін, Варшаву, Вену, Ларнака (Кіпр), Лондан, Тэль-Авіў, Франкфурт-на-Майне, Шанан (Ірландыя). Выконвае таксама чартэрныя рэйсы ў замежныя краіны.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» імя У.І.Леніна.
Створана ў 1975 у Магілёве. У складзе аб’яднання: Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі завод штучнага валакна, з-ды: арган. сінтэзу, поліэфірных нітак, рамонтна-мех., па перапрацоўцы прамысл. сцёкавых вод і апрацоўцы асадку; вытв-сць сінт. комплексных нітак. Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, віскозная тэкст. нітка, віскозная абалонка для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, тавары нар. ўжытку.
т. 9, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БАА) у Нью-Йорку, грамадская арг-цыя, якая займаецца культ.-асв. дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў у ЗША. Засн. ў 1965. Асн. мэты: пашыраць і падтрымліваць ідэалы амер. канстытуцыі, распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, аказваць дапамогу сябрам арг-цыі. БАА ладзіць літ. вечары, курсы для моладзі, адзначае бел. гіст. ўгодкі. Выдае інфармацыйныя лістоўкі, прэс-рэлізы. У кіраўніцтва БАА уваходзяць К.Мярляк, В.Шчэцька і інш.
В.Кіпель.
т. 2, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ О́ПТЫКА-МЕХАНІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БелОМА). Створана ў 1971 на базе Мінскага мех. з-да
(галаўное прадпрыемства, працуе з 1957, выпускаў фотаапараты і станкі для апрацоўкі аптычных дэталяў). Уключае з-ды «Зеніт» (г. Вілейка),
«Дыяпраектар» (г. Рагачоў), «Свет» (г. Жлобін) і ЦКБ «Пеленг» (г. Мінск). Спецыялізуецца па выпуску фота-, відэа-, дыяпраектарнай, мед. і экалагічнай тэхнікі, назіральных прылад, оптыкі для акуляраў, перыферыйных устройстваў для вылічальнай тэхнікі, а таксама оптыка-электронных сістэм абарончага прызначэння.
т. 2, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «ПАЛІМІ́Р».
Засн. ў 1975 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. на базе Полацкага хім. камбіната (пабудаваны ў 1964—68). З 1968 асвоена вытв-сць этылену і поліэтылену, з 1971 — нітрылу акрылавай кіслаты, з 1972 — валакна нітрону. З 1974 працуе 2-я чарга па вытв-сці поліэтылену. Сыравіна — прадукты нафтаперапрацоўкі. Асн. прадукцыя (1999): поліэтылен, валокны поліакрыланітрыльныя, нітрыл акрылавай кіслаты, ацэтонцыянгідрын, метылакрылат, звадкаваныя вуглевадародныя фракцыі, сульфат амонію, поліэтыленавая эмульсія, суперканцэнтраты пігментаў, палімерныя смолы.
т. 11, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».
Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр. з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн. т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.
т. 11, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)