МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ Макар Трафімавіч (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў угаз. «Беларуская вёска», з 1935 учас. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 угаз. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗАВА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма, у якой працэс прыстасавання (адаптацыі) да непрадбачаных змен уласцівасцей кіравальнага аб’екта і навакольнага асяроддзя адбываецца шляхам аўтам. змены структуры сістэмы і якаснай змены алгарытму яе функцыянавання. Да С.с. могуць падключацца або адключацца ад іх асобныя падсістэмы, зменьвацца сувязі паміж імі ці схемы іх супадпарадкавання і інш. з мэтай аптымізацыі працэсаў кіравання і кампенсацыі знешніх уздзеянняў, захавання работаздольнасці сістэмы.
Акрамя С.с. да самапрыстасавальных (адаптыўных)сістэм у залежнасці ад спосабу адаптацыі адносяцца саманастройвальныя сістэмы (аўтаматычна зменьваюць уласныя характарыстыкі для кампенсацыі ўзбурэнняў, якія дзейнічаюць на сістэму) і саманавучальныя сістэмы (аўтаматычна мяняюць алгарытм свайго функцыянавання па меры назапашвання вопыту кіравання). Выкарыстанне ўсіх тыпаў самапрыстасавальных сістэм, у т. л. і С.с., дазваляе аптымізаваць рэжым функцыянавання кіравальнага аб’екта, спрашчае уніфікацыю сістэм кіравання, скарачае час на выпрабаванне і наладку кіроўных прыстасаванняў і інш. Да адаптыўных сістэм адносяцца самапрыстасавальныя робаты. Прынцыпы С.с. выкарыстоўваюцца для аптымізацыі сістэм аўтаматычнага кіравання, пры мадэліраванні біял. працэсаў.
Літ.:
Самоорганизующиеся системы: Пер. с англ.М., 1964;
Николис Г., Пригожин И. Самоорганизация в неравновесных системах: Пер. с англ.М., 1979;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Берже П., Помо И., Видаль К. Порядок в хаосе: Пер. с фр.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́Я (грэч. Troia), Іліён,
старажытны горад на ПнЗ М.Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманаму выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.Дзёрпфельд (1893—94), К.Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш. росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. УчасТраянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.
Літ.:
Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;
Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;
Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;
Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДЗЬБА́ СПАРТЫ́ЎНАЯ,
від лёгкай атлетыкі. Ад звычайнай хадзьбы адрозніваецца абавязковым выпростваннем апорнай нагі ў каленным суставе пры верт. становішчы, ад бегу — адсутнасцю безапорнай фазы руху. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца на дыстанцыях 5, 10 і 20 км, сярод мужчын — 5, 10, 15, 20, 30, 50 км і на час (1 і 2 гадз). Спартсмен за 1 мін робіць 200—210 крокаў даўж. 110—120 см.
Як від спорту склалася ў 2-й пал. 19 ст. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў аматарскім Атлетычным клубе (1866, Англія) на дыстанцыі 7 міль (11 км). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны; дыстанцыі 3,5 км і 10 міль), з 1932 мужчыны спаборнічаюць на дыстанцыі 50 км. з 1956 — і на дыстанцыі 20 км; жанчыны — на дыстанцыях 10 км (з 1992) 1 20 км (з 2000). У праграме чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы з 1934. чэмпіянатаў свету — з 1976. Буйнейшыя міжнар. асабіста-камандныя спаборніцтвы па Х.с. на Кубак г. Лугана (Швейцарыя) з 1961. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі, Швецыі і інш.
На Беларусі Х.с. ўваходзіць у лёгкаатлетычныя праграмы з 1944. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры Алімп. гульняў Я.Маскінскоў (1956), Я.Іўчанка і П.Пачынчук (1980); прызёры чэмпіянатаў свету Я Місюля (1991, 1995), М.Хмяльніцкі (1997), В.Цыбульская (1997, 2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. Упаліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш.У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн.У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІО́РКСКІ КАГАНА́Т,
дзяржава племяннога саюза цюркаў у 552—745 на тэр.Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Кітая. На чале дзяржавы стаяў каган. У 545 цюркі разграмілі уйгурскія плямёны, у 551 — жужан. У 555 пад уладай цюркаў былі ўсе народы Цэнтр. Азіі, у т. л. кідані ў Зах. Маньчжурыі і енісейскія кіргізы. У 560-я г. яны перамаглі Эфталітаў дзяржаву, у 570-я г. ў залежнасць ад Ц.к. трапілі паўн.-кіт. дзяржавы Чжоў і Цы. У саюзе з Візантыяй Ц.к. пачаў вайну супраць Ірана за кантроль над Вялікім шаўковым шляхам; у 571 мяжа паміж імі праходзіла па р. Амудар’я, а ў 588—589 да Ц.к. далучаны і некаторыя вобласці на зах. беразе Амудар’і. У 576 цюркі захапілі Баспор (Керч), у 581 узялі ў аблогу Херсанес Таўрычаскі. У канцы 6 ст. з-за міжусобіц і паліт. крызісу Ц.к. распаўся на ўсх. (цэнтр.-азіяцкую) і зах. (сярэднеазіяцкую) часткі. Асн. землі Зах. Ц.к. ў 658—659 акупіраваны кіт. войскамі. У 704 Зах. Ц.к. вызваліўся ад кіт. залежнасці, але напады суседзяў і ўнутр. супярэчнасці прывялі яго да гібелі ў 740. Усх. Ц.к. у 609—619 аднавіў свой уплыў уЦэнтр. Азіі, але пасля паражэння ў 630 у вайне трапіў у залежнасць ад Кітая. У 691—716 на кароткі час ён пашырыў сваю тэр. ад Маньчжурыі да Сырдар’і; цюркскія атрады дайшлі да Самарканда. У 712—713 ён пацярпеў паражэнне ў бітвах з арабамі. Усх. Ц.к. распаўся на ўдзельныя княствы, а на яго месцы ўзнік Уйгурскі каганат (745—840).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗАЛЕ́Й (лац. mausoleum ад грэч. Mausōleion),
манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эміру Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай учасваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш.У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў уВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа па Зах. Дзвіне, учас якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 уЛюбчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».