1) састаўная частка палявой вывучкі войскаў; асн. прадмет баявой падрыхтоўкі мотастралк. і танк. падраздзяленняў. Мае на мэце навучыць ваеннаслужачага дасканала валодаць зброяй (узбраеннем), весці разведку цэляў, вызначаць адлегласць да іх, хутка і трапна паражаць іх першымі выстраламі (чэргамі), выкарыстоўваць усе спосабы вядзення агню з улікам метэаралагічных і балістычных умоў і інш. Праводзіцца на занятках па вывучэнні зброі, боепрыпасаў і правілаў стральбы, на трэніроўках, вучэбных і кантрольных стрэльбах і інш. 2) Перыяд агнявога паражэння праціўніка перад атакай. Праводзіцца сіламі артылерыі, ракетных войск і авіяцыі для прарыву рубяжа абароны, пры ўводзе ў бой другіх эшалонаў (рэзерваў), а таксама ў абароне пры нанясенні контрудараў. Спыняецца з пераходам наступаючых у атаку або змяняецца агнявой падтрымкай атакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА, бронзавая хвароба,
хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,
штучнае адключэнне ўспрымання болю прыхірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асабліва хірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ СІСТЭ́МАў касманаўтыцы,
бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЛЬГАМА́ЦЫЯў металургіі,
спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр.цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).
Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),
вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана прыцукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),
гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі прыгенет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца прыбэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.