НАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.​Кон, Б.​Шэйфер (ЗША), А.​Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.​Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац. дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.​М.​Трубяцкой і І.​А.​Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.​А.​Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.​Доўбу, Р.​Эмерсан, Р.​Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.

У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццё нац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.

Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.

У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл. Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).

Літ.:

Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;

Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОТАДРУКАВА́ННЕ,

паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.

Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.​Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.​Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.​Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.​Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.​Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.​Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.​Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.​Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.​Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.​Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.​Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).

На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл. Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.​Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.

Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.

Літ.:

Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;

Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Л.​П.​Касцюкавец.

Да арт. Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.​Міладоўскага.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),

штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс. км². Нас. 8053 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд. ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч. прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ. квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.

Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар. т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус. т-ва ўзаемадапамогі і інш. Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.​Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.​Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Нью-Джэрсі).

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),

від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш. муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш. царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.​Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.

У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.​Гламазінскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, І.Кокля, Д.​Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.​Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес. зах.-еўрап. інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.​Цітоў, М.​Дылецкі, М.​Бавыкін, С.​Пекаліцкі, М.​Калашнікаў, С.​Бяляеў, Вінаградскі, Дз.​Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.​Светлы, Давідовіч, Г.​Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.​Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.

Літ.:

Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;

Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;

Пг., 1916, 1922;

Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),

1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.

2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.​Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).

3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).

4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).

5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.

Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.

Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.​Рымшы, Я.​Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, А.​Рыпінскага, П.​Багрыма, У.​Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт. Беларусь.

Літ.:

Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. Мн., 1983;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мв., 1987;

Кавалёў С.В. Як пакахаць ружу: Літ.-крытыч. арт. пра маладую бел. паэзію 80-х гг. Мн., 1989.

А.​М.​Андрэеў, У.​В.​Гніламёдаў (бел. паэзія).

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,

перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр. драм. і оперных спектакляў.

Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц. т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял. Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.

У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш. Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У.​І.​Ядранцаў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),

фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.​Верхахта, А. ван Норта, О.​Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.​Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац. маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум. рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.​Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.

Літ.:

Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;

П.​П.​Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;

Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;

Буркхарт Я. Рубенс: Пер. с нем. СПб., 2000.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.П.Рубенс.
П.П.Рубенс. Вакх. Паміж 1638 і 1640.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сліж 1 ‘галец’ (Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘невялікая сомападобная рыбка’ (Нар. лекс.), слі́жык ‘галец’ (Гіл.), ‘дробная рыбка’ (Бяльк.), ‘дробная рыбка, падобная на ўюна’ (Нар. лекс.), сліж, слі́з ‘галец’ (Сцяшк.), ‘уюн’ (Скарбы), ‘малюск’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. слижъ ‘галец’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сліж ‘галец, Cobitis barbatula’, рус. слиз ‘рыба Biennius, з пароды вугроў’, польск. śliz, śliż, śliżyk ‘галец, Nemalhilus barbatula’, в.-луж. sliž ‘уюн’, šliž ‘галец’, н.-луж. sliž ‘смоўж’, славац. slíž ‘рыба галец’, чэш. дыял. slíž, šlíž, šliž ‘тс’. Паўночнапраслав. *slizъ, *slizi̯o‑ (Фасмер, 3, 671). Звязана з слізкі (гл.), таму што гэтыя рыбы пакрытыя тоўстым слоем слізі (Міклашыч, 307; Праабражэнскі, 2, 322), паколькі большасці з названых рыб характэрна выдзяленне слізі (Каламіец, Рыбы, 40). Сумненні ў Махэка₂ (555) з прычыны таго, што назва адносіцца да розных рыб, але, відаць, яны неапраўданыя. Басай і Сяткоўскі (Słownik, 380–381) адводзяць меркаванне пра запазычанне польск. śliżek праз чэш. sližek з ням. Schleisse ‘рыба Nemachilus barbatulus’.

Сліж 2 ‘праснак’ (Сцяшк.), ‘печыва з мукі’ (ЛА, 5), сліжы ‘праснакі, якія ядуць на калядную Куццю з цёртым макам’ (Сцяшк. Сл.), ‘клёцкі’ (смарг., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (ашм., шальч., Сл. ПЗБ), слі́жыкі ‘тс’ (Нас.; гродз., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (паст., іўеў., воран., Сл. ПЗБ), слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), слі́зікі ‘кавалачкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя макавай сумессю’ (Скарбы). Польск. śliż(yk), чэш. sliž ‘від ежы’, дыял. slíž(ek), славац. slíž, у тым ліку і ‘мучныя клёцкі, якімі кормяць гусей перад забоем’. Беларускае, лічачы па лакалізацыі, відаць, з польскай. Махэк₂ (555) этымалогію лічыць няяснай, але не выключае, што гэта дэрыват ад слізкі; да гэтага параўн. тлумачэнне Насовіча (Нас., 590): іх ядуць з сытой або макавым малаком, ад чаго яны робяцца слізкімі.

Сліж 3 ‘доўгае бервяно, якое кладзецца па баках маста для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк., ПСл; віл., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, 5), ‘бервяно, па якім спускаюць на ваду лодку’ (ТС), ‘бервяно, па якім усцягваюць наверх цяжкія калоды’ (ПСл, ЛА, 5), сліжакі́, сліжы́ ‘лагі’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), слеж ‘падваліна’ (брэсц., кобр., Нар. сл.), сле́жык ‘аснова печы’ (іван., Нар. сл.), слі́жка ‘шасток у хаце для адзежы’ (Касп.), сліз ‘падоўжная бэлька ў гаспадарчых будынках на сохах’ (ЛА, 4), сліс, сліш ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слиж ‘папярочны брус у столі з прутоў’, сляж ‘тс’, сле́жык ‘адзін з слупоў, на якіх пастаўлена печ’; сюды ж ст.-польск. śleżej ‘бервяно пры будове моста’, польск. дыял. śleżyna ‘доўгая жэрдка, да якой прыбіваюцца штакеціны’, чэш. slizej ‘ледарэз; бервяно, што ахоўвае млын ад ільдзін’, sluzuj, sluzej ‘бервяно ў аснове моста’, славац. дыял. šlezaj ‘бервяно, перакінутае праз раку; бервяно паверх насцілу моста’. Махэк₂ (559) меркаваў, што заходнеславянскія тэхнічныя тэрміны грунтуюцца ў рэшце рэшт на ням. Schleuse ‘шлюз’ (гл. шлюз, слюз), а зыходнымі трэба лічыць формы з ‑u‑ (< ням. ‑eu‑), параўн. слюга (гл.). Борысь (Etymologie, 599–601) атаясамлівае паходжанне заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх форм, што ўзыходзяць да *sъlěga/*sъlęgti, прыставачных дэрыватаў *legti, *ležati, *lěgati ‘лажыць, лажыцца’, гл. ляжаць, слега. Усё гэта не выключае ўзаемнага ўплыву на форму і семантыку народнага і запазычанага тэрмінаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел. тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2–3, 393). Параўн. укр. тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус. тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус. тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск. tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб. tål ‘патыліца’; н.-луж. tył, tyło ‘карак’, в.-луж. tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш. týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац. tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен. tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв. zàtiljak, pòtiljak, серб. за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял. тил ‘патыліца’, балг. тил ‘карак, патыліца’, макед. тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял. тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл. *tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ. tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус. tūlan ‘шмат’, вал. twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням. бавар. Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск. doll ‘тоўсты’, ст.-грэч. τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб. tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд. tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е. *teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл. *tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл. *ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑ — *tu̯el‑, параўн. каш.-славін. tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням. Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням. twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск. tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́ ‘сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус. тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылу ‘ззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)