(Teodorescu)] Тудор (21.5.1880, г. Бухарэст — 14.7.1967),
румынскі пісьменнік. Акадэмік Румынскай АН (з 1955). За антыўрадавыя памфлеты ў 1930-я г. зняволены, за выступленні супраць фашызму ў 1943 кінуты ў канцлагер. Аўтар зб-каў лірыкі «Патрэбныя словы» (1927), «Сем песень з закрытым ротам» (1939), «Новыя вершы» (1963), «Ноч» (1967), раманаў «Вочы Божай маці» (1934), «Могілкі Дабравешчання» (1936) і інш. Пісаў таксамасатыр. прозу, нарысы, эсэ, апавяданні для дзяцей. Паэт-гуманіст, схільны да філас. абагульненняў. Рэфарматар рум. верша. На бел. мову вершы Аргезі перакладалі А.Бачыла і П.Прыходзька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЗЬЕЎ (сапр.Цівунчык) Аркадзь Станіслававіч
(13.11.1897, в. Журбілавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 27.2.1969),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў тэатр. студыю ў Омску (1921). Арганізатар, гал. рэжысёр і вядучы акцёр Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (з 1956), рэжысёр Бабруйскага муз.-драм.т-ра і Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі (1963—66). Найб. значныя пастаноўкі: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1957, выканаў таксама ролю Лявона Зябліка), «Вясёлка» М.Заруднага (1958), «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (1961), «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1962).
Літ.:
Вавула Г. Аркадзь Аркадзьеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЫЯ (Arkadia),
гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-га тыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,
у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн.м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,
зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік m, што Am > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»
(«Archiwum domu Sapiehów»),
зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НІУС ((Arrhenius) Свантэ Аўгуст) (19.2.1859, маёнтак Вейк, каля Упсалы, Швецыя — 2.10.1927),
шведскі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Член Каралеўскай Шведскай АН (1901), замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1903), ганаровы акадэмік АН многіх краін, у т. л.СССР (1926). Скончыў Упсальскі універсітэт (1878). З 1905 дырэктар Нобелеўскага інстытута. Навуковыя працы па тэорыі раствораў электралітычнай дысацыяцыі, даследаванняў па хімічнай кінетыцы (ураўненне Арэніуса), а таксама па астраноміі, астрафізіцы, біялогіі (дастасаванне фізіка-хімічных законаў да біялагічных працэсаў), тэорыі касмічнага паходжання жыцця на Зямлі. Нобелеўская прэмія 1903.
Літ.:
Соловьев Ю.И. Сванте Аррениус, 1859—1927. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў IХрабры
(Boleslaw I Chrobry; 966 ці 967 — 17.6.1025),
польскі князь у 992—1025 і кароль у 1025. З дынастыі Пястаў. Сын Мешкі I. Да канца 10 ст. завяршыў пачатае бацькам аб’яднанне польскіх зямель (сталіца — г. Гнезна). У 1000 са згоды герм. імператара Атона III заснаваў самаст. Гнезненскае арцыбіскупства. У 1002—04 уладарыў таксама ў Чэхіі. У выніку трох войнаў (1002—18) супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» набыў у якасці леннага ўладання Лаўзіц (Лужыцу). У 1018 ажыццявіў паход на Кіеў, заняў чэрвеньскія гарады (Чэрвень, Луцк, Суцейск, Броды і інш.). Каранаваўся ў Гнезне вясной 1025.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РС, леапард (Panthera pardus),
драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.
Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА ПЛАНЕ́Т,
знешняя газавая абалонка планет Сонечнай сістэмы. Фарміраванне атмасферы планет звязана з эвалюцыяй планеты; структура, дынаміка і хім. састаў вызначаюцца месцазнаходжаннем планеты, яе масай і параметрамі руху. Сярод зямной групы планет атмасферу маюць Зямля, Венера, Марс; практычна пазбаўлены газавай абалонкі Меркурый, а таксама Месяц.
У атмасферы Зямлі асн. кампанентамі з’яўляюцца азот і кісларод, у атмасферах Венеры і Марса — вуглякіслы газ (95%). Планеты-гіганты маюць магутныя вадародна-геліевыя атмасферы з метанам і аміякам. Даследаванне структуры, саставу і дынамікі атмасферы планет праводзяць з дапамогай касм. апаратаў «Месяц», «Венера», «Марс», «Марынер», «Вікінг», «Вояджэр» і інш.