шмо́цце, ‑я, н., зб.
1. Паношанае рванае адзенне, бялізна і пад. Бычыха наўмысля апранала сына ў такое шмоцце, што толькі б Шмуілу яго выкінуць. Кулакоўскі. [Паліцыянты] перавярнулі ўсё шмоцце на палацях, адзін палез на печ і пачаў ператрушваць Салвесішыну пасцель. Сабаленка.
2. Кусочкі, шматкі чаго‑н. Апошняя пачка [грошай] была разарвана на шмоцце. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
белабры́сы, ‑ая, ‑ае.
Разм. У якога белыя, светлыя бровы, вейкі і валасы. Ля прычалу проста на мурагу сядзелі дзве жанчыны і белабрысы хлопец. Асіпенка. // Вельмі светлы, бялявы (пра валасы, бровы, вейкі). [Стась] сцягнуў на лбе белабрысыя бровы і адвярнуўся. Чорны. Слава заўсёды быў дагледжаны, як лялька: белабрысыя валасы былі акуратна зачасаныя, твар заўсёды чысценькі, умыты. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відо́вішча, ‑а, н.
1. Тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі, з’яўляецца прадметам агляду. Было ў дарозе шмат відовішч, Малюнкаў розных, гора, слёз, Што тлум людскі з сабою нёс. Колас. Каровы, устрывожаныя відовішчам агню, збіліся ў гурт і наперабой рыкалі. Навуменка.
2. Паказ, прадстаўленне (тэатральнае, цыркавое і пад.). Рыхтавалася цудоўнае відовішча. Выступалі лёгкаатлеты Беларускай чыгункі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акра́вак, ‑раўка, м.
1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.
2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зяле́пуха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.
Разм.
1. Пра зялёны, недаспелы плод. Яшчэ нядаўна на вішняку, у засені якога мы з Анастассяй Паўлаўнай сядзелі цэлымі днямі, віднеліся вішанькі-зялепухі, а цяпер яны аж чорныя. Сабаленка. — Навошта ж гэта столькі гуркоў матка налаташыла? Яны ж зялепухі яшчэ горкія. Масарэнка.
2. перан. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́цемна, прысл.
1. Да світання, пакуль яшчэ цёмна. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Галя мала і бачылася з Вадзімкам: зацемна бегла на ферму і вярталася таксама прыцемкам ужо. Сабаленка.
2. Разм. Пасля змяркання; прыцемкам. Улетку зацемна вернешся з поля, не паспееш павячэраць, як песні клічуць цябе з хаты. Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мянта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Наждачная лапатка, якой востраць косы. [Алесь] спыніўся, узяў вехцік сакавітай травы, абцёр палатно касы, і яна зазвінела, заспявала пад мянташкаю. Сабаленка.
2. перан. Разм. Пра таго, хто многа і без толку гаворыць; трапло. Шкада, што мянташкам Там-сям давяраюць І волю даюць Языкамі мянціць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашпігава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.
1. што. Начыніць (салам, часнаком і пад.). Нашпігаваць мяса. // чаго. Прыгатаваць шпігаваннем у нейкай колькасці. Нашпігаваць гусей.
2. перан.; каго. Разм. іран. Забяспечыць неабходнымі ведамі, звесткамі і пад. Нашпігаваць галаву рознымі ідэямі. □ [Рабочы:] — Бач, гад печаны, нават фабрыку «Праца» ведае. Добра цябе, відаць, нашпігавалі перад тым, як скінуць сюды. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
немаве́дама, прысл. (у спалучэнні са словамі «што», «як», «адкуль», «куды» і пад.).
Невядома, незразумела. Такі адказны момант, а інжынер, якому даручана важнейшая справа, знаходзіцца немаведама дзе. Шыцік. Рыпучыя колы бежанскай фурманкі мелюць жарству дарогі, якая вядзе немаведама куды. Сабаленка. Шафёр немаведама чаму даў сігнал, ды такі рэзкі, што Карл.. ад нечаканасці шарахнуўся ўбок. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўда́ліца, ‑ы, м. і ж.
Разм. Такі, якому нічога не ўдаецца; няўмелы, няўклюдны чалавек. Няўдаліца Сцяпан і тут не выкіраваў як трэба — утулкаю кола зачапіў за .. шула. Мележ. Яўсей толькі скоса пазіраў на сына і моўчкі сабе думаў: якая няўдаліца гэты яго меншы. Сабаленка. // Што‑н. дрэнна зробленае. [Воз] быў няўдаліца: крывабокі, завалены ўправа. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)