РУБ-ЭЛЬ-ХА́ЛІ,

пустыня на ПдУ Аравійскага п-ва ў Саудаўскай Аравіі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км, пл. каля 650 тыс. км² (адна з самых вял. пясчаных пустынь на зямным шары). Раўніна паніжаецца з З на У ад выш. 500—1000 м да 100—200 м. Пераважаюць рухомыя пяскі, што ўтвараюць барханы (выш. да 200 м), грады і асобныя масівы. Сярод пяскоў месцамі камяністыя раўніны. На У вял. саланчакі. Ападкаў менш за 50 мм за год, могуць не выпадаць некалькі гадоў запар. Пастаянны паверхневы сцёк адсутнічае. У міжградавых паніжэннях рэдкая расліннасць (салянкі, вярблюджая калючка). Качавая вярблюдагадоўля. Радовішчы нафты.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс. га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЕ́Ц,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на З ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 720′м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 12,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, пад пашай, на ПдУ разараныя. На Пн і Пд забалочаная пойма шыр. 10—100 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Востраў пл. 0,2 га. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, прыбярэжная зона на З і У пясчаная. Зарастае. Упадаюць ручай і меліярацыйная канава, выцякае р. Валынка.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,

паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах. ч. паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАЗАТРЫМА́ННЕ, снеганамнажэнне,

агратэхнічны прыём, накіраваны на назапашванне снегу. Праводзіцца на палях з азімымі культурамі і на зябліве пад пасеў яравых культур. Садзейнічае памяншэнню глыбіні прамярзання глебы, ахоўвае азімыя культуры ад вымярзання, стварае дадатковыя запасы вільгаці на палях, паляпшае ўмовы інфільтрацыі расталай вады вясной. С. ажыццяўляюць з дапамогай куліс, полеахоўных лясных палос, штучных перашкод з галля ці шчытоў, снегавых валоў, размешчаных упоперак пануючых вятроў, пакінутага ў полі высокага ржышча і інш. На Беларусі праводзіцца пераважна на ПдУ, дзе ў маі і чэрв. назіраецца недахоп вільгаці, а таксама на пясчаных і рыхласупясчаных глебах, на неаблесеных вяршынях марэнных град, водападзелах і інш., асабліва ў маласнежныя зімы.

т. 15, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНЕНКІ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 17 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,25 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 2,2 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км, пл. вадазбору 7,2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы на Пд і Пн выш. да 1 м, на З і У 6—8 м, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд утвараюць вузкія залівы. Дно выслана сапрапелем, участкамі каля берагоў пясчанае. Зарастае ўздоўж берагоў на шыр. да 15 м, да глыб. 1,5 м. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у воз. Межна.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРТА́К, Лучыла,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,54 км², даўж. 1,76 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 11,4 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 6—9 м (на ПдУ 10—15 м), пад лесам. На ПнУ і ПдЗ пойма шыр. 100—150 м, парослая хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі пад хмызняком, забалочаныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці. Ракой Ушача злучана з азёрамі Мурагі і Царкавішча.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМА́ЧАЛ-ПРА́ДЭШ,

штат на Пн Індыі. Пл. 55,6 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1991); хіндустанцы, пахары і інш. Адм. ц. — г. Сімла. З ПнЗ на ПдУ штат перасякаюць горныя хрыбты Зах. Гімалаяў; з ПдЗ на ПнУ зменьваюцца Сівалікскія горы, хр. Дхааладхар, Вял. Гімалаі і хр. Заскар. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Вярхоўі рэк Сатледж, Біяс, Раві, Чынаб. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Пераважае сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, ячмень, рыс, бульбу; пладаводства (яблыкі, персікі, абрыкосы, арэхі, гранаты); нарыхтоўка лекавых раслін. Здабыча каменнай солі. Лесанарыхтоўкі; дрэваапр. і цэментная прам-сць. Рамесніцкая вытв-сць шарсцяной пражы, хустак і тканін. Горны курорт Сімла.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́РНІЦА.

мялка, традыцыйная сялянская прылада для першаснай апрацоўкі (мяцця) ільняной ці канаплянай трасты. На Беларусі вядомы 2 асн. тыпы Ц.: нахільная (Пн, У) і гарыз. (ПнЗ, ПдУ), 1- і 2-рэбравыя. Выраблялі іх звычайна са ствала дрэва даўж. больш за 1,5 м, выкапанага з каранямі, якія з аднаго канца служылі ножкамі (другі канец ляжаў на зямлі). У ствале па даўжыні выдзёўбвалі жолаб, у які ўстаўлялася 1- ці 2-рэбравае біла. Гарыз. Ц. складалася з 2 або 3 гарызантальна ўмацаваных на стойках дошчачак (шчок), у адтуліну паміж якімі зверху заходзіла біла (язычок). У наш час выйшлі з ужытку.

Г.​М.​Курыловіч.

Церніца.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)