фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г.Асн. яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італіі — спец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н XXIII [Giovanni; свецкае Ранкалі; (Roncalli) Анджэла Джузепе; 25.11.1881, Сота-іль-Монтэ каля г. Бергама, Італія — 3.6.1963],
папа рымскі ў 1958—63. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Бергама, атрымаў тэалагічную адукацыю ў Рыме і прыняў сан свяшчэнніка (1904). У 1919—21 рэктар семінарыі. З 1925 біскуп, у 1925—53 прадстаўнік Ватыкана ў шэрагу краін. У 1953 атрымаў сан кардынала. У 1953—58 патрыярх Венецыі. Праводзіў курс ватыканскай палітыкі, накіраваны на абнаўленне царк. жыцця і аб’яднанне з інш.хрысц. цэрквамі; выступаў за мірнае суіснаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, за раззбраенне і мірнае вырашэнне спрэчных міжнар. пытанняў. З мэтай прыняцця каталіцкай царквой новага курсу і ўмацавання яе пазіцый у 1962 склікаў 2-і Ватыканскі сабор і кіраваў 1-й сесіяй (гл.Ватыканскія саборы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́ШКА МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк,
герой усх.-слав. чарадзейных казак пра юнака-асілка, пра тры падземныя царствы і інш.
Нараджаецца ад мядзведзя, валодае магутнай сілаю, яшчэ большай, чым яго памочнікі Вярнідуб і Вярнігара. Падобны вобраз (ідзе ад міфаў і легенд) ёсць у казках многіх краін. Зах.-еўрап. казкі пра Мядзведжага сына часткова далучаюцца да анекдотаў пра дурных чарцей. Большасці ўсх.-слав. казак гэтага тыпу характэрна сац.-сатыр. накіраванасць: асілак звычайна сутыкаецца і распраўляецца з панам, папом або царом (асабліва выяўляецца ў бел. і ўкр. варыянтах). У бел. казках пра Мядзведжае вушка вобраз героя пад уплывам традыц. легенд пра асілкаў набывае нярэдка фантаст. рысы волата.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 43—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (19.11.1900, г. Казань, Татарстан — 15.10.1980),
расійскі матэматык і механік, стваральнік навук. школы прамысл. выкарыстання выбуху. Акад.АНСССР (1946), АН Украіны (1939). Чл. акадэмій і навук. т-ваў многіх краін свету. Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1922 ва ун-тах Масквы, Кіева і Новасібірска, з 1935 y АНСССР (у 1957—75 віцэ-прэзідэнт), арганізатар і першы старшыня Сіб.аддз.АНСССР. Навук. працы па новых кірунках тэорыі функцый, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, механікі суцэльнага асяроддзя (гідрадынамічная тэорыя кумуляцыі) і дастасавальнай фізіцы (фізіка выбуху і імпульсных працэсаў). Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКЕ́Т (англ. cricket),
спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр.краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРМА́ЙСТАР (ням. Quartiermeister ад Quartier кватэра, пастой + Meister гаспадар),
1) у 16—20 ст. службовая асоба (афіцэр, генерал) у органах кіравання войскамі многіх еўрап.краін, у т. л. Расіі (з пач. 18 ст.), якая напачатку (16 ст.) займалася размяшчэннем войск лагерам ці па кватэрах, а пазней (17—20 ст.) пераважна аператыўнымі пытаннямі.
2) Начальнік тылавой гаспадаркі палка ў рас. арміі (пач. 18 ст. — 1881, наз. кватармістр), войсках ВКЛ і Польшчы (паводле штату 1789).
3) Начальнік службаў харч. і рэчавага забеспячэння ў палку Чырв. Арміі (да 1928, наз. кватармістр).
4) Пасада унтэр-афіцэра карабельнай службы ВМФ Расіі (да 1917), які загадваў гасп. пытаннямі.
5) Службовая асоба ва ўзбр. сілах ЗША і Вялікабрытаніі, якая кіруе вырашэннем усіх пытанняў кватэрнага і рэчавага забеспячэння войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш.краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.