БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,
грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.Варонка (старшыня ўправы), В.Ластоўскі, А.Вальковіч, А.Галавінскі, К.Дуж-Душэўскі, В.Захарка, А.Ружанцоў, А.Рэшка, А.Цвікевіч, Я.Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.
т. 4, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНО́М,
кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.
У.І.Пашкевіч.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве,
1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,
палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч
(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.
т. 2, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.
Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.Луцкевіча, В.Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.Астроўскага, А.Сакаловай-Лекант, Я.Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Белавежы.
Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.
В.Луба.
т. 2, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДКО́Ў (Ігар Аляксандравіч) (11.4.1934, г. Смаленск, Расія — 27.12.1994),
рускі крытык і літ.-знавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1957—76 у газ. «Северная правда» (Кастрама). Літ. дзейнасць пачаў у 1958. Даследаваў сучасную прозу. Аўтар кн. «Васіль Быкаў» (1980), у якой падрабязна прааналізаваў творчасць бел. пісьменніка, рэцэнзій на аповесці В.Быкава «Дажыць да світання» і «Пайсці і не вярнуцца», раман «Карнікі» А.Адамовіча.
Тв.:
Возвращение к себе. М., 1978;
Во все концы дорога далека. Ярославль, 1981.
т. 6, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.
Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.
т. 6, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)