АМАРТЫЗА́ТАР,

прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НАЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Беларусі, у Дубровенскім і часткова Аршанскім р-нах Віцебскай вобласці. Пераважна вярховага (64%) і нізіннага (34%) тыпаў, на водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны. Пл. 5,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м, сярэдняя 2,2 м. Першапачатковыя запасы 12,8 млн. т. На 1,4 тыс. га выяўлены адклады сапрапелю. Асушаныя ўчасткі часткова пад сенажаццю і ворывам, месцамі пад лесам. 2 пясчаныя астравы, на аднымр.п. Асінторф.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),

індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1965.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСАРЫ́»,

«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны ​2/4 або ​3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НЧЫК (Авянір Маркавіч) (1889, Гродна — 29.12.1935),

ваенны лётчык, камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». Вучыўся ў Віленскім ваен. вучылішчы, скончыў Гатчынскую авіяц. школу. Вызначыўся ў 1916 на Паўн.-Зах. фронце: паспяхова бамбіў стратэгічна важныя станцыі варожага тылу; у адным з баёў цяжка паранены, але закончыў бамбардзіроўку і вярнуўся на аэрадром. За заслугі ў 1-ю сусв. вайну ўзнаг. ордэнам Св. Георгія. Помнік ў Стоўбцах, дзе ён жыў да 1935.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА ў друкарскім наборы,

прамавугольны брусочак з друкарскага сплаву, дрэва або пластмасы з рэльефнай (выпуклай) выявай (вочкам) літары, лічбы ці інш. знака на адным з яго тарцоў. Памеры Л. вызначаюцца кегелем, таўшчынёй і ростам (пастаянны для ўсіх Л.). Выкарыстоўваюцца як друкавальны элемент пры ручным ці літараадліўным наборы. Пры друкаванні вочка пакрываецца фарбай і дае адбітак на паперы.

Літара: а — ножка; б — галоўка; в — вочка; г — кегель; д — таўшчыня; е — рост (пастаянны для ўсіх літар).

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРАІ́ЗМ,

рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЛ (італьян. molo ад лац. moles маса, насып),

гідратэхнічнае агараджальнае збудаванне ў выглядзе вузкай сценкі, якое адным канцом прылягае да берага і засцерагае партовую акваторыю ад хваль. Можа выкарыстоўвацца для размяшчэння прычалаў і перагрузачных прыстасаванняў. Размяшчаюць М. з улікам формы берага і дна, напрамку вятроў і цячэнняў. Спалучаюць з хваляломамі. Бываюць гравітацыйныя (масіўныя), і палевыя; жалезабетонныя, каменныя і драўляныя. На гал. частцы М., што выступае ў мора, устанаўліваюць партовы сігнальны агонь або маяк.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПУС (лац. opus праца, твор),

музычны твор з нададзеным яму пры публікацыі парадкавым нумарам, часам зборнік твораў аднаго жанру, пазначаных адным нумарам. Напачатку (з канца 16 ст.) нумар О. ставіў выдавец. Пачынаючы з Л.​Бетховена, кампазітары пры публікацыі сваіх твораў самі пазначаюць нумар О. (напр., opus 17 або варыяцыі ор. 17). Пры выданні твораў кампазітарскай спадчыны выкарыстоўваюць абазначэнне opus posthumum (о́пус по́стумум, лац. — пасмяротны твор, скароч. ор. posth.). У пераносным значэнні О. — увогуле твор, праца.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)