ПАЛАЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., на р. Даколька, на аўтадарозе Глуск—Старыя Дарогі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 166 км ад Мінска. 519 ж., 170 двароў (2000). Лясніцтва, спіртзавод. Пач. школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,

група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.

Літ.:

Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАТНАЕ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пд ад г. Жлобін, 104 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Мормаль. 893 ж., 358 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,

газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),

частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 ​oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 ​oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,

паверхневыя цячэнні Сусв. акіяна ў трапічных і экватарыяльных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў, якія выклікаюцца пасатамі. Накіраваны з У на 3, падзяляюцца міжпасатнымі супрацьцячэннямі. У паўн. ч. Індыйскага ак. з-за мусоннай цыркуляцыі П.ц. назіраюцца зімой. У зах. ч. акіянаў даюць пачатак цячэнням: Антыльскаму і Бразільскаму ў Атлантычным ак., Мінданао і Усх.-Аўстралійскаму ў Ціхім ак., Самалійскаму (зімой) і Мазамбікскаму ў Індыйскім ак.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІДА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць у жывых клетках акісленне розных рэчываў (напр., амінаў, тлустых к-т, цытахрому); клас аксідарэдуктаз. Утрымліваюцца пераважна ў расл. тканках (напр., у каранях хрэну, соку фігавых дрэў). Адыгрываюць важную ролю ў дыханні раслін (каталізуюць акісленне дыхальных храмагенаў у пігменты). Найб. вывучана П. хрэну — актыўны фермент (прастэтычная група — гем), які выкарыстоўваецца ў медыцыне для вызначэння глюкозы ў крыві і мачы, у цытахім. даследаваннях.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЦЭ́НЫ, піцэнты (лац. piceni),

старажытнае італійскае племя, якое па мове адносілася да оска-умбраў. Жылі ва ўсх. частцы Італіі (вобл. Піцэн). Лічаць, што П. перасяліліся ў Італію ў пач. жал. веку. Змяшаўшыся са стараж. насельніцтвам Піцэна, стварылі своеасаблівую культуру Навілара (9—7 ст. да н.э.).

У 269—268 да н.э. заваяваны рымлянамі; нязначную частку П., якія жылі на Пд Кампаніі, рымляне адцяснілі ў Луканію да Пестума.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),

комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)