энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.
Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл.Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э.U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе E — электрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току падН.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току,
, дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІ — вольт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЮ́РНБЕРГ»
(«Nürnberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр.т.зв.генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс.мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,
працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл.дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі .
Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — . У слабых палях
, дзе ε0 — эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл.П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл.Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКІ ФРОНТ (ПАГФ, ПАФ),
аб’яднанне антыфаш. сіл Румыніі ў 2-ю сусв. вайну. Узнік у чэрв. 1943 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Уваходзілі КПР, «Фронт земляробаў» (засн. ў 1933), Саюз патрыётаў (засн. ў 1942), Саюз венг. працоўных у Румыніі (засн. ў 1934), Сял.сацыяліст. партыя, некаторыя мясц. арг-цыі С.-д. партыі; сац. база — рабочыя, сяляне, ч. інтэлігенцыі. Яго праграма (платформа) прадугледжвала арганізацыю актыўнай, у т. л. ўзброенай, барацьбы за звяржэнне ваен. дыктатуры І.Антанеску, выхад Румыніі з вайны на баку фаш. дзяржаў і далучэнне да антыгітлераўскай кааліцыі, неадкладнае спыненне паставак харч. і ваен. тавараў Германіі, пакаранне ваен. злачынцаў і інш. ПАФ — этап на шляху да Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944. 12.10.1944 арг-цыі — удзельніцы ПАФ разам з прафсаюзамі і інш. аб’яднаннямі ўтварылі Нац.-дэмакр. фронт, які істотна паўплываў на далейшае паліт. развіццё Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг.Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял.Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),
1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П.індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.
2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),
полацкая князёўна, дачка полацкага кн.Рагвалода, жонка вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, маці кн.Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.І.Грыбкоў.