ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.
Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.
т. 13, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,
разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.
Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл. Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.
Літ.:
Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ. М., 1980.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.
2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
несціха́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.
2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. Той, хто спявае, падпяваючы каму‑, чаму‑н. Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася. Колас.
2. перан. Разм. Той, хто падтрымлівае каго‑н. з карыслівых меркаванняў. — Ах ты, падпявала мамін! — сказаў Зыбін, беручы на руку сына. Мележ. — Слухай ты, кулацкая падпявала, на Салаўкі захацела, контра? — Вера гаварыла праз зубы, ціха, але пагрозліва. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што і без дап.
Выклікаць радасць, прыносіць радасць. Але ў той жа час Кузняцова радавала тое, што з такім чалавекам можна ісці любой дарогай, нават самай цяжкай... Пташнікаў. [Ад’езд] і радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Тым часам разведка збірала апошнія звесткі. Яны не радавалі. Дзенісевіч. // (у спалучэнні з назоўнікамі «вока», «слых», «сэрца» і пад.). Быць прыемным, даваць асалоду. За імі [праспектамі] ўзрунелыя густа палі Зялёнымі хвалямі радуюць вока. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.
1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.
2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сліма́к, ‑а, м.
1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.
2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Малімонік, малімонічак, малімончык, маліму͡он ’пястун, распешчаны’, ’ахвочы да ласункаў, прысмакаў, ’пераборлівы ў ядзе’, ’чалавек, які карыстаецца прывілеямі і злоўжывае імі’ (Нас., Федар. 2; драг., З нар. сл., Нар. лекс.; КЭС, лаг.; Пан. дыс.), малімонка ’жанчына, разборлівая ў ежы’, ’фанабэрыстая жанчына’, ’пястуха’ (Нас.; віл., Нар. сл.), малімонтка ’какетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); малімонікі ’ласункі, пяшчота, абяцанкі’ (Нас.), малімоніць ’песціць, як дзіцё’, малімоніцца ’ўдаваць сябе за малога’ (КЭС, лаг.), ’песціцца, як малыя дзеці, цырымоніцца’ (Нас.), малімон, марымон ’пірог з гатунковай пшанічнай мукі’, марымоны ’смачныя рэчы’ (ТС). Польск. malimończyk, marymontczyk ’вучань колішняй сельскагаспадарчай і лясной школы ў мястэчку Marymont, (якое нібыта з франц. Mariemont ’гара Марыі’) каля Варшавы, дзе быў і ўзорны млын, які малоў муку высокага гатунку’. Адсюль пазней значэнне ’печыва — далікатэс з марымонцкай мукі’ > ’ласунак’ > ’той, хто есць ласункі, далікатэсы’ > ’паніч, беларучка, пястун’ (Варш. сл., 2, 890; Карскі, 1, 148; 2–3, 101; Марозаў, Пыт. мовазн. і метад., 161).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Або́ра 1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).
Або́ра 2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)