ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],
1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).
2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л. міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),
палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч. сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы пра асаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).
Літ.:
Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.
А.А.Цітова.
т. 13, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
У.Я.Казлякоў.
т. 13, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
С.В.Казуля.
т. 13, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),
Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.
Старшыні: Л.Д.Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.Я.Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).
С.А.Фамін.
т. 14, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАКІРАВА́ННЕ,
самастойнасць якой-н. сац. супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. С. адм.-тэр. адзінкамі (мясц. С.) ажыццяўляецца насельніцтвам праз прадстаўнічыя органы кіравання (муніцыпальныя сходы, саветы, камітэты і г.д), адпаведныя органы кіравання (мясц. адміністрацыю), сходы грамадзян, мясц. рэферэндумы, інш. тэр. формы непасрэднай дэмакратыі, а таксама органы тэр. грамадскага С. насельніцтва. Органы мясц. С. звычайна не ўваходзяць у сістэму органаў дзярж. улады, але могуць надзяляцца законам асобнымі дзярж. паўнамоцтвамі, рэалізацыя якіх падкантрольная дзяржаве.
Узнікла разам з дзяржавай. Вядома ў рабаўладальніцкім і феад. грамадстве. На Беларусі пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права. У дарэв. Расіі органамі С. былі гарадскія думы і земствы. Асаблівае значэнне С. набыло ў сувязі з бурж. рэвалюцыямі 17 ст. ў Англіі і 18 ст. ў Францыі, калі буржуазія ў барацьбе з абсалютызмам побач з інш. дэмакр. патрабаваннямі дамаглася ўдзелу народа ў мясц. кіраванні і права кантролю над ім. Гл. таксама Веча, Муніцыпалітэт, Мясцовае кіраванне і самакіраванне, Мясцовыя Саветы дэпутатаў.
т. 14, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ў Цэнтр. Азіі са сталіцай у г. Бухара ў 9—10 ст. Узнікла ў выніку распаду Арабскага халіфата (9 ст.), калі ўладу ў Маверанахры і Харасане захапілі намеснікі з роду Саманідаў. Канчаткова склалася пры Ісмаіле Самані [874—907], які ў 892 абвясціў сябе незалежным эмірам. У перыяд росквіту ўключала Маверанахр, Харасан, Паўн. і Усх. Іран; у васальнай залежнасці ад С.дз. былі Гарган, Сістан, Чаганіян, Табарыстан (Мазендэран) і інш. Саманіды імкнуліся стварыць цэнтралізаваную дзяржаву з суцэльнай сістэмай адм. улады і моцным войскам. У гэты час назіраўся ўздым Бухары, Самарканда, Нішапура, Мерва, Ургенча, Герата як буйных цэнтраў рамяства і гандлю. Саманіды падтрымлівалі навукі і мастацтва, пры іх двары працавалі паэты, пісьменнікі, вучоныя, што спрыяла станаўленню новай мусульм.-перс. л-ры і фарміраванню сучаснай перс. мовы (фарсі). З сярэдзіны 10 ст. пачаўся заняпад С.дз., якая спыніла сваё існаванне пасля захопу ў 999 Бухары цюркамі. С.дз. адыграла важную ролю ў этнагенезе таджыкаў.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА СЛО́ВА,
адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт. правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.
І.І.Катляр.
т. 14, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНКО́Ў (Віктар Іванавіч) (н. 26.12.1925, в. Гімбатаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. прававед. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1980), д-р юрыд. н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1954). Працаваў нар. суддзёй Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. (1954—58). З 1961 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (з 1983 нам. дырэктара). У 1996—97 нач. гал. ўпраўлення па рабоце з органамі заканад. і суд. улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 заг. аддзела Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах прац. права і заканадаўства аб ахове працы, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.
Тв.:
Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;
Охрана труда в СССР. 2 изд. Мн. 1976;
Законодательство о труде: Юридич. справ. Мн., 1991 (у сааўт.);
Трудовое право. Мн., 1997 (у сааўт.).
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,
выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.Новікаў), фін. (І.П.Федзянёў, І.І.Рэйнгольд), нац. (С.І.Берсан), зямельны (Н.М.Дайнека, Саржынскі), працы (І.Я.Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.М.Фрэйман, Ф.Г.Шалаеў), нар. асветы (Л.П.Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.С.Селязнёў, Р.В.Пікель), апекі (В.П.Красноў, В.Л.Муха, В.І.Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.Осіпаў, В.Г.Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.—лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.Казлоў), па справах бежанцаў (М.Віглянскі), аховы здароўя (Л.Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.Л.Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен. к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял. Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв. к-т Зах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел. нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.
М.Я.Сяменчык.
т. 14, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)