РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),

структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.

У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.

Рэзістары: а — пастаянны (1 — керамічная трубка, 2 — токаправодны слой, 3 — вывад); б — пераменны (1 — токаправодны элемент, 2 — шчотачны кантакт, 3 — вывады).

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРА́ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

неарганічныя хім. злучэнні серабра з галагенамі. Найб. пашыраны фтарыд AgF, хларыд (у прыродзе мінерал хлораргірыт) AgCl, брамід (бромаргірыт) AgBr, ёдыд (ёдаргірыт) AgJ.

Крышт. рэчывы; AgCl бясколерны, астатнія С.г. жоўтага колеру. Практычна нерастваральныя ў вадзе (за выключэннем AgF). Раствараюцца ў водным аміяку з утварэннем комплексных аміякатаў. Святлоадчувальныя; пад уздзеяннем святла раскладаюцца з вылучэннем метал. серабра. Атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з галагенамі або з канцэнтраванымі растворамі галагенавадародных кіслот, нерастваральныя — абменным узаемадзеяннем серабра нітрату з адпаведнымі растваральнымі галагенідамі. Хларыд, брамід і ёдыд выкарыстоўваюць для вытв-сці святлоадчувальных матэрыялаў (папера фатаграфічная, плёнка кіна- і фатаграфічная); хларыд як дэтэктар касм. выпрамяненняў, для вырабу элементаў аптычнай часткі інфрачырв. спектрометраў; брамід як каталізатар у арган. сінтэзе; ёдыд пры гальванічным серабрэнні, як крыніцу цэнтраў крышталізацыі вады ў воблаках пры барацьбе з градам.

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клінаста́т

(ад гр. klino = нахіляю + -стат)

прыбор, які выкарыстоўваецца ў доследах па фізіялогіі раслін для пазбаўлення ад аднабаковага ўплыву на іх некаторых фактараў знешняга асяроддзя (у асноўным сілы прыцяжэння, святла).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гало́

(фр. halo, ад гр. halos = круг)

аптычная з’ява ў форме каляровага бліскучага круга вакол Сонца або Месяца, якая ўтвараецца ў выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталіках верхніх слаёў атмасферы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

плагіятрапі́зм

(ад гр. plagios = косы + трапізм)

здольнасць бакавых органаў раслін прымаць становішча пад пэўным вуглом да восевага органа ў залежнасці ад крыніцы раздражнення (сілы цяжару, святла і інш.); параўн. артатрапізм.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фраунго́фераў

[ад ням. J. Fraunhofer = прозвішча ням. фізіка (1787—1826)];

ф-ы лініі — цёмныя лініі ў спектры Сонца, выкліканыя паглынаннем святла пэўных даўжынь хваляў атмасферай Сонца, а некаторых — атмасферай Зямлі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АСТЫГМАТЫ́ЗМ (ад а... + грэч. stigmē пункт),

1) у оптыцы — адна з геаметрычных аберацый аптычных сістэм, пры якой відарысы прадметаў размываюцца; вынік асіметрыі аптычнай сістэмы або падзення пучка святла пад вял. вуглом да гал. аптычнай восі. Пры астыгматызме пучок прамянёў, што выходзіць са святлівага пункта, пасля праходжання праз аптычную сістэму збіраецца на 2 узаемна перпендыкулярныя адрэзкі прамой, якія размешчаны на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Прамежкавыя відарысы пункта маюць выгляд эліпсаў. У складаных аб’ектывах астыгматызм выпраўляецца падборам лінзаў.

2) Астыгматызм вока — недахоп зроку, абумоўлены нераўнамернасцю крывізны рагавіцы, радзей хрусталіка. Пры астыгматызме прамяні не збіраюцца ў асобную кропку на сеткавай абалонцы вока, а адлюстроўваюцца ў выглядзе кружка, авала ці лініі. Прыроджаны астыгматызм вока амаль не змяняецца на працягу жыцця; бывае спадчынны. Набыты астыгматызм узнікае пасля аперацый на вочным яблыку, запаленняў, траўмаў і інш. Пры астыгматызме карыстаюцца акулярамі з цыліндрычнымі лінзамі.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙ ЦЫН (сапр. Цзян Хайчэн; н. 27.3.1910, павет Цзіньхуа правінцыі Чжэцзян, Кітай),

кітайскі паэт. Першы зб. «Да Яньхэ» (1936). У зб-ках «Поўнач» (1939), «Вестка пра золак» (1943), «Ён памёр другі раз» (1946) і паэмах «Да сонца» (1938), «Факел» (1940) стварыў трагічны, з элементамі рамантызму, мастацкі свет, у якім супрацьстаяць сілы святла і цемры, праўды і хлусні. У ходзе кампаніі па барацьбе з іншадумствам (1957) аб’яўлены «правым элементам» і 16 гадоў знаходзіўся ў ссылцы. У 1978 вярнуўся да літ. і грамадскай дзейнасці. Выдаў зб-кі «Песня вяртання» (1980, роздум над гісторыяй чалавецтва і сваёй радзімы), «Лістапад» (1982), «Зарубежныя вершы» (1983), «Кароткія вершы» (1984), аўтабіягр. нарыс «Маё творчае жыццё» (1983). Яго лірыка адметная высокай грамадзянскасцю, філас. накіраванасцю, гуманізмам; выкарыстоўваў напеўную мелодыку нар. песень, строгія памеры класічных жанраў, перавагу аддаваў беламу вершу.

Тв.:

Рус. пер. — Слово солнца: Избр. стихотворения. М., 1989.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСЕН-НЕ́КСЁ (Andersen Nexo; сапр. Андэрсен, псеўд. Нексё) Марцін (26.6.1869, Капенгаген — 1.6.1954), дацкі пісьменнік, прадстаўнік пралет. л-ры. Тагачаснае жыццё адлюстраваў у раманах «Пеле-Заваёўнік» (т. 1—4, 1906—10), «Дзітэ — дзіця чалавечае» (т. 1—5, 1917—21), «У жалезны век» (1929), гіст. трылогіі «Мортэн Чырвоны» (1945—48), «Страчанае пакаленне» (1948), «Жанета» (1957, незавершаны). У кн. «Вершы» (1926), зб-ках нарысаў і апавяданняў «Сонечныя дні» (1903), «Кратавінне» (т. 1—3, 1922—26), «Чорныя птушкі» (1930), «Да святла» (1938), цыкле аповесцяў «Успаміны» (1932—39), драме «Людзі з Дангорда» (1915), публіцыст. творах 1920—30-х г. абараняў ідэалы сацыялізму. У часы ням. акупацыі быў зняволены, пазней — у эміграцыі ў Швецыі і СССР. Пасля вайны вярнуўся ў Данію. Апошнія гады жыў у ГДР.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—10. М., 1951—54.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)