рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.
Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Анатоль Васілевіч) (4.3.1922, г. Сямёнаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. геабатанік. Д-рбіял.н. (1978). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1950). З 1950 у Ін-це лесу АН Беларусі і Бел.НДІ лясной гаспадаркі, з 1962 у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па фітацэналогіі, вывучэнні прадукцыйнасці, кругавароту элементаў мінер. жыўлення ў лясных экасістэмах, уплыву прамысл. выкідаў на ўстойлівасць раслінных комплексаў, па пытаннях навук. абгрунтавання аховы і запаведання прыродных аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Комплексные экспериментальные исследования ландшафтов Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Экспериментальные исследования природных комплексов Березинского заповедника. Мн., 1975 (разам з Я.А.Сідаровічам, А.Б.Майсеевай);
Экспериментальные исследования ландшафтов Припятского заповедника. Мн., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае працэсы перадачы цяпла, вільгаці і паветра ў будынках, збудаваннях і іх канструкцыях.
Метадамі будаўнічай цеплатэхнікі ўстанаўліваюць неабходныя цеплатэхн. якасці і параметры агараджальных канструкцый, заканамернасці іх узаемадзеяння з унутр. і навакольным асяроддзем, вызначаюць цепла- і масаабмен унутры канструкцый, даўгавечнасць збудаванняў, умовы падтрымання (з улікам ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра) тэмпературна-вільготнасных гігіенічных умоў у памяшканнях жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў. Даследаванні па будаўнічай цеплатэхніцы вядуць у натурных умовах і кліматычных камерах; у разліках выкарыстоўваюць сродкі матэм. і фіз. мадэлявання, аналітычныя і інш. метады на аснове тэорыі цеплаперадачы, масаабмену, тэрмадынамікі, тэорыі падобнасці і інш. Роля будаўнічай цеплатэхнікі павышаецца пры пашырэнні ў буд-ве аблегчаных агараджальных канструкцый.
каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл.Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,
штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.
Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл.Палінознае валакно).
Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл.вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).
Літ.:
Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,
тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.
Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
разнавіднасць гідралагічных заказнікаў, прызначаных для захавання і аднаўлення каштоўных у навук. адносінах азёраў і прылеглых да іх прыродных комплексаў. На тэр. азёрных заказнікаў Беларусі забаронены забор вады для гасп. мэтаў, скідванне сцёкавых водаў і бытавых адходаў, правядзенне гідрамеліярац. работ, прамысл. лоў рыбы, знішчэнне прыбярэжнай і воднай расліннасці, турызм і інш. формы арганізаванага адпачынку, выкарыстанне і мыццё маторнага транспарту, узворванне зямель у прыбярэжнай паласе. На тэр., што прылягаюць да азёрных заказнікаў, могуць забараняцца правядзенне гасп. работ, размяшчэнне новых і функцыянаванне наяўных прадпрыемстваў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на стан прыроднага комплексу заказніка. На Беларусі 7 азёрных заказнікаў, усе ў Віцебскай вобл.: Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Рычы, Сосна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,
аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).