недастатко́ва, прысл.
1. прысл. Менш, чым патрэбна; мала. Тое, на што раней мы недастаткова звярталі ўвагі, цяпер становіцца сур’ёзным тормазам. «ЛіМ». // У недастатковай ступені; не зусім добра, слаба. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.
2. безас. у знач. вык. Мала, не хапае. [Шэмет:] — Вашых адчуванняў мне недастаткова. Я.. [Яроту] таксама трошкі ведаю. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нетрыва́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае надзейнай моцы, якасці, хутка разбураецца. Нетрывалы падмурак. Нетрывалая драўніна. □ Грунт аказаўся нетрывалы не толькі ў простым, але і ў пераносным сэнсе. Арабей. Невялікі вецер лёгка разносіў салому, а моцныя віхуры часта зусім разбуралі нетрывалую страху. В. Вольскі.
2. перан. Няўстойлівы, ненадзейны, хісткі. Нетрывалае становішча. Нетрывалыя веды. Нетрывалае шчасце. □ Сон.. [жанок] быў трапяткі, нетрывалы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падшэ́рхнуць, ‑не; пр. падшэрх, ‑ла; зак.
Разм. Падсохнуць крыху ад марозу. [Параска:] — Я садамі ішла. Па садах сушэй. Ужо трохі зямля падшэрхла. Лобан. «Пад раніцу падшэрхла зямля». І слова гэтае «падшэрхла».. так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Скрыган. / у безас. ужыв. На вуліцы падшэрхла нанач, і.. боты месцамі грукалі па голай зямлі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Сцягнуць усё, многае або ўсіх, многіх. К вясне .. паразбіралі хаты і пасцягвалі бярвенне к дарозе. Чорны. — Узяў ён на рукі тое дзіця мёртвае і не бачыць, куды ісці... Ідзе і на дамы, на слупы натыкаецца, бы ўсё адно сляпы... Мы аж пілоткі з галоў пасцягвалі... Сачанка. Гэтым дротам чырвонаармеец пасцягваў дзіркі ў абодвух чаравіках. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўкро́к, ‑у, м.
1. Адлегласць, роўная палавіне кроку. Як бы хацелася Васілю ісці ў нагу з гэтымі людзьмі і ніколі нават на паўкроку не адставаць! Кулакоўскі.
2. Рух нагой у час хадзьбы, у выніку якога пераадольваецца адлегласць, роўная палавіне кроку. Гэта было так нечакана, а малюнак, які раптоўна адкрыўся яму, быў настолькі прыгожым, што Васіль Васільевіч спыніўся на паўкроку. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Кавалак тканіны ва ўсю першапачатковую шырыню. Спадніца з трох полак. □ Вярнуўшыся ў хату, Салвесіха адламала калючы ліст сталетніку, разлупіла яго напалам, прыклала да раны і ўбінтавала галаву беленькай паркалёвай, адарванай ад старой сарочкі, палкай. Сабаленка.
2. Лаўка ў вагоне для сядзення або ляжання. Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг і заплюшчыў вочы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прасвідраваць. [Майстар:] — Будзем лічыць, што вось на гэтай самай планцы нам трэба, пракруціць дваццаць такіх дзірачак. Кулакоўскі.
2. Прывесці што‑н. у вярчальны рух. Пракруціць педалі веласіпеда.
3. Разм. Зрабіць, апісаць круг у якім‑н. танцы. — Больш двух кругоў я польку не пракручу! — гаварыў .. [Пятро] з запалам. Ваданосаў.
4. і без дап. Круціць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Зрабіць абмен, абмяняць. — І яшчэ адно, Андрэй Ігнатавіч, — шэптам загаварыў барадач, — трэба збыць тавар, прамяняць на чырвонцы, з імі спакайней... Якімовіч. // на каго-што. Адмовіўшыся ад каго‑, чаго‑н., аддаць перавагу другому. Ну і кожны з хлопцаў бадай што роднага бацьку прамяняў бы на .. [Піліпа]. Кулакоўскі. — Самасад ні на якія папяросы не прамяняю, — заявіў .. [Васіль], згортваючы цыгарку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасвятляць — прасвятліць і стан паводле знач. дзеясл. прасвятляцца — прасвятліцца.
2. перан. Наступленне спакою, радасці, шчасця. Мабыць ва ўсякім жыцці, нават у самым цяжкім, бываюць свае прасвятленні, свае радасці. Кулакоўскі.
3. Здольнасць ясна, правільна мысліць. У адзін з момантаў прасвятлення .. [Голуб] зноў адрозніў пяшчотны звон Алесінага голасу: — Я буду даглядаць яго, — прасіла яна. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасту́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Ахаладжэнне арганізма чалавека, якое выклікае хваробу. Ферапонт пабойваўся прастуды, дык і ўлетку часта выходзіў на варту ў кажусе. Кулакоўскі. // Разм. Хвароба, выкліканая ахаладжэннем арганізма чалавека. У Віяна была звычайная прастуда, якая потым да раніцы прайшла. Карпюк. Увогуле турбавацца няма прычыны — чалавек на нагах, ці варта звяртаць увагу на яго кашаль — ад прастуды на вайне не капаюць. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)