галагра́фія

(ад гр. holos = увесь + grapho = пішу)

спосаб атрымання аб’ёмнага відарыса прадмета, заснаваны на інтэрферэнцыі двух прамянёў святла, адзін з якіх ідзе непасрэдна ад лазера, а другі асвятляе прадмет, адбіўшыся ад люстэрка.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ве́нчур

(ад англ. venture = адважвацца, рызыкаваць)

заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-н. магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах;

в. бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэмакра́тыя

(фр. démocratie, ад гр. demos = народ + kratos = улада)

1) форма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады (проціл. аўтарытарызм); 2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ра́бства, ‑а, н.

1. Грамадскі лад, заснаваны на рабаўладанні. Антычнае рабства. // Пра грамадскі лад, пры якім клас стваральнікаў асноўных матэрыяльных каштоўнасцей з’яўляецца бяспраўным, пазбаўленым уласнасці на сродкі вытворчасці. Прыгоннае рабства. Каланіяльнае рабства. Наёмнае рабства.

2. Стан, становішча раба (у 1 знач.). Аддаць у рабства. Вызваліцца ад рабства. // Палітычна залежнае становішча чалавека. І паралелі, і мерыдыяны Ім хочацца жалезнымі зрабіць, Каб шар зямны ў краты быў закован, І ў рабстве жыў пакораны народ. Панчанка.

3. перан. Поўнае падпарадкаванне чужой волі, уплыву. Сямейнае рабства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксцэнтры́чны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на рэзкіх гукавых, зрокавых кантрастах ці на незвычайных, смешных прыёмах. Эксцэнтрычны нумар. Эксцэнтрычны трук.

2. Незвычайны, дзіўны, вельмі своеасаблівы, мудрагелісты манерамі, схільнасцямі. Эксцэнтрычны ўчынак. □ Гаю ж цяпер было не да крыўды і парахункаў з такім эксцэнтрычным камендантам. Машара. Шыковіч больш чалавек эмоцый, чым развагі, і таму яго ўчынкі часам здаюцца эксцэнтрычнымі, а змены настрою бываюць вельмі нечаканыя, калі не сказаць дзіўныя. «Полымя».

[Фр. excentrique.]

эксцэнтры́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не мае агульнага цэнтра. Эксцэнтрычныя кругі. Эксцэнтрычныя фігуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́чны

(ад утопія)

1) заснаваны на утопіі;

2) які з’яўляецца утопіяй; нерэальны;

у. сацыялізм — вучэнне аб перабудове грамадства на сацыялістычных асновах, якое зыходзіць не з законаў развіцця грамадства, а з мар аб ідэальным грамадскім ладзе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАКУУММЕ́ТР,

прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.

Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.

М.​І.​Дудо.

Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА ((Archipenko) Аляксандр Парфір’евіч) (30.5.1887, Кіеў — 25.2.1964),

скульптар. Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1902—05). Жыў у Парыжы, Берліне, з 1923 — у ЗША. Выкладаў у студыях, ун-тах і ін-тах мастацтваў ЗША. Знаходзіўся пад уплывам кубізму («Медрана», 1914), канструктывізму, абстрактнага мастацтва. Першы выкарыстаў камбінацыі разнародных матэрыялаў (шкло, метал, дрэва, цэлулоід і інш.). У 1915—20 распрацаваў стыль, заснаваны на трохмернай скульптуры і рэльефе з рамай, фонам і інш. элементамі жывапісу («Эспаньёла», 1916, і інш.); стварыў шэраг «торсаў» з металу і каменю («Торс», 1914). У 1920—30 стварыў рэаліст. скульптуры («Дыяна», «Маладая жанчына», партрэты Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, Т.​Уайлдэра і інш.). У 1924—27 распрацаваў і запатэнтаваў механізм для стварэння ілюзіі руху намаляваных аб’ектаў, якія назваў «архіпентура»; у 1940-я г. пачаў серыю т.зв. «святломадулятараў» — плексігласавых паўпразрыстых скульптур, асветленых знутры; эксперыментаваў у галіне «гукавой скульптуры». У 1960-я г. стварыў бронзавыя скульптуры «Царыца Саўская», «Цар Саламон», серыю літаграфій «Жывыя формы».

Літ.:

Северюхин Д.Я., Лейкинд О.Л. Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. Спб., 1994. С. 41—44.

А.Архіпенка. Торс. Мармур. 1914.
А.Архіпенка. Медрана. 1914.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)