А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),

дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Мікалай Восіпавіч) (1873, г. Ліда — 1903 ?),

дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.​І.​Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Міхаіл Васілевіч) (15.11.1857, Цвярская вобл. — 8.10.1918),

рускі ваенны дзеяч, адзін з арганізатараў белай гвардыі. Генерал ад інфантэрыі (1914). Удзельнік рус.-тур. (1877—78), рус.-яп. (1904—05) войнаў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1890). У 1-ю сусв. вайну нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, галоўнакамандуючы Паўн.-Зах. фронтам; у жн. 1915 — сак. 1917 нач. штаба Стаўкі вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. У сак.—маі 1917 вярх. галоўнакамандуючы, потым ваенны саветнік Часовага ўрада, нач. штаба вярх. галоўнакамандуючага. Пасля Кастр. рэв. стварыў разам з Л.Г.Карнілавым і А.І.Дзянікіным і ўзначаліў на Паўн. Каўказе добраахвотніцкую армію і белагвардзейскі ўрад — «Асобую нараду».

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЖУ́НАС (Пётр) (Пятрас) Іосіфавіч (24.1.1892, в. Грумшлі Біржайскага р-на, Літва — 20.12.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З 1913 у арміі. У 1919 старшыня Мірскага валаснога ВРК, у органах па харч. забеспячэнні Смаленскай губ. і Зах. фронту. У 1921—22 мінскі павятовы харчкамісар. З 1923 старшыня Мінскага, Аршанскага павятовых, з 1928 Гомельскага акруговага выканкомаў. З 1930 нам. старшыні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі БССР, з 1934 нарком, нам. наркома камунальнай гаспадаркі БССР. Старшыня праўлення Саюза архітэктараў БССР (1934—37). Чл. ЦВК БССР (1924—37). Канд. у чл. ЦК (1927—30), чл. ЦК КП(б)Б (1930—37). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (н. 5.5.1930, Масква),

вучоны-эканаміст, сав. дзярж. дзеяч. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1984), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1952). З 1956 на навукова-пед. рабоце. З 1986 дырэктар Ін-та эканомікі Рас. АН, адначасова ў 1989—91 нам. старшыні СМ СССР, старшыня дзярж. камісіі СМ СССР па эканам. рэформе. Навук. працы па праблемах палітэканоміі сацыялізму, удасканалення гасп. механізму, фарміравання канцэпцыі пераходу да рынку.

Тв.:

Политическая экономия и экономическая политика. М., 1970;

Новый тип экономического мышления. М., 1987;

Перестройка: пути и проблемы. М., 1988.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́ЎСКАС ((Baranauskas) Антанас) (17.1.1835, г. Анікшчай, Літва — 26.11.1902),

літоўскі паэт, мовазнавец, царк. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1862). У 1866—84 праф. Каўнаскай духоўнай семінарыі. З 1897 епіскап у г. Сейны (Польшча). Гал. тэматыка твораў Баранаўскаса — гіст. лёс Літвы і літоўскага народа. У паэме «Падарожжа ў Пецярбург» (1859) асуджаў каланізатарскую палітыку царызму. Паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) — першы рамант. твор у літ. паэзіі 19 ст., у якім апаэтызаваны прырода роднага краю і духоўная прыгажосць народа. Заснавальнік літ. дыялекталогіі: зрабіў першую класіфікацыю літоўскіх дыялектаў, сабраў багаты дыялектны матэрыял (выд. 1882, 1920—21); аўтар граматыкі літ. мовы (1899).

А.​Лапінскене.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РУС ((Barbarus) Іаганес) (сапр. Варэс; 12.1.1890, хутар Кійза, воласць Хеймталі, Эстонія — 29.11.1946),

эстонскі паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). У 1940 прэм’ер-міністр, у 1940—46 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эстоніі. Першыя зб-кі «Фата-Маргана» (1918) і «Чалавек і Сфінкс» (1919) створаны пад уплывам сімвалізму і акмеізму. Паэзія 1930-х г. прасякнута нянавісцю да фашызму і мілітарызму (зб-кі «Свет адкрыты», 1930; «Эстонская рэспубліка», 1932; «Кульмінацыя», 1932—34; «Рыбы на сушы», 1937; «Праз парог», 1939). Аўтар патрыят. вершаў і публіцыстыкі перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Узброеныя вершы», 1943; «На франтавых дарогах», 1944).

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАЛЫ́ГА (Дзмітрый Мікалаевіч) (парт. псеўд. Ігнат, Уральскі, Ігнатарскі, Дзм. Радноў; 27.11.1884, в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці — 15.4.1969),

рэвалюцыянер, дзеяч тэатра і кіно. Брат К.М.Басалыгі. У 1904—08 вучыўся ў Харкаве. Чл. РСДРП з 1904. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1907 на нелегальнай рабоце ў Екацярынбургу, Пярмі, Чэлябінску; дэлегат V з’езда РСДРП. У 1910—14 працаваў на кінафабрыцы ў Маскве. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 кіраўнік Саратаўскага т-ра. У 1919 камісар брыгады Чырв. Арміі. З 1920 у Маскве працаваў у дзярж. і грамадскіх тэатральных і кінаўстановах, рэжысёр і сцэнарыст кінафільмаў.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ВІН ((Bevin) Эрнест) (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),

палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.​Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.​Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)