травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс.відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 5 парадкаў, каля 5 тыс.відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 4 парадкаў: капнадыяльныя, датыяральныя, датыдэяльныя, гістэрыяльныя, каля 100 відаў. Большасць аскалакулярных — сапратрофы. Жывуць на розных раслінных субстратах. Ёсць паразіты вышэйшых раслін і грыбоў. Віды з родаў афіябол, вентурыя, лептасферыя, плеяспора, стыгматэя і інш. — узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (парша яблыні і грушы, плямістасці бабовых, гнілі каранёў злакаў і інш.).
Аскалакулярныя ўтвараюць сумкі ў стромападобных утварэннях — аскастромах, або псеўдатэцыях, рознай формы і будовы (сістэматычная прыкмета). Сумкі фарміруюцца сярод тканак пладовых целаў у поласцях — локулах (адсюль назва). Па форме локула падобная да перытэцыю, але без уласнай абалонкі (перыдыю), якую замяняе тканка стромы. У кожнай локуле ўтвараецца 1 або некалькі сумак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),
род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІФАМІЦЭТА́ЛЬНЫЯ (Hyphomycetales),
парадак недасканалых грыбоў. Вядома каля 7500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 2 тыс.відаў, трапляюцца ў розных экалагічных згуртаваннях. Паразіты або сапратрофы. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці антыбіётыкаў (напр., аспергіл, пеніцыл) і іншых рэчываў біял. барацьбы з хваробамі с.-г. культур (трыхадэрма). Многія выклікаюць плямістасць, завяданне, гнілі раслін. Прычыняюць страты сельскай і лясной гаспадарцы.
Міцэлій шматклетачны. Канідыяносцы адзіночныя або сабраны ў карэміі і спарадахіі. Размнажаюцца канідыямі. У многіх гіфаміцэтальных у цыкле развіцця адзначаны склерацыйныя стадыі. Вылучаюць асн. экалагічныя групы гіфаміцэтальных: глебавыя (віды з родаў аспергіл, пеніцыл, літэрнарыя і інш.), паразіты раслін (віды з родаў цэркаспора, вертыцыл, кладаспорый, гельмінтаспорый, ботрыцыс і інш.), водныя (віды з родаў ангвіласпора, трыкладыум і інш.), драпежныя (напр., артаботрыс, дактылярыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,
благушка (Coprinus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.
Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКАЎКА (Stellaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.
Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.