СЦЭНАГРА́ФІЯ (ад сцэна + ...графія), тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва,
сукупнасць прасторавага вырашэння спектакля, што вызначае візуальную значнасць тэатр. вобраза (дэкарацыі, касцюм тэатральны, грым, рэквізіт, асвятленне, пастановачная тэхніка, архітэктурная зададзенасць т-ра, пластычныя магчымасці акцёрскага складу і інш.); адзін з вызначальных і арганічных кампанентаў у арганізацыі маст. цэласнасці спектакля побач з сюжэтна-драм. і гукава-муз. строямі. Сінкрэтычны від мастацтва, які спалучае выяўл. і тэатр. мастацтва. Развіццё С. адбывалася ў рэчышчы гісторыі т-ра і пануючых маст. стыляў.
Элементы С. прысутнічалі ў стараж. абрадах і гульнях (маскі. касцюмы, рэквізіт). З 5 ст. да н.э. ў ант. т-ры вядомы аб’ёмныя дэкарацыі, якія ў эпоху элінізму сумяшчаліся з жывапіснымі. З сярэдневякоўя пачаўся пераход ад гульнявой С. плошчавых прадстаўленняў да сістэмы дэкарац. мастацтва, дзе дамінавалі функцыі выяўлення, сачынення месца дзеяння. У эпоху Адраджэння ўзнік тып архітэктурна-перспектыўнай дэкарацыі з адзіным нязменным месцам дзеяння (Д.Брамантэ, Б.Перуцы, С.Серліо). Пазней рэльефныя дэкарацыі замяняліся жывапіснымі ў стылі барока. У канцы 16—17 ст. феерычны характар прыдворнага оперна-балетнага спектакля абумовіў выкарыстаннетэатр. механізмаў (Б.Буанталенці, Н.Сабаціні ў Італіі, І.Фуртэнбах у Германіі), стварэнне сістэмы куліс (Дж.Алеоці ў Італіі) і сцэны-каробкі (гл.Сцэна). У эпоху класіцызму драматургічны канон адзінства месца і часу сцвердзіў пастаянную і нязменную строгую дэкарацыю. Развіццё опернага мастацтва абумовіла адмаўленне ад сіметрыі, увядзенне вуглавой перспектывы, узмацненне ілюзіі глыбіні кантрастаў святла і ценю і інш. (А.Поца, сям’я Галі-Бібіена, Дж.Валерыяні, П.Ганзага, Італія). У канцы 18 ст. ў Францыі пашырыліся т.зв. працікаблі (аб’ёмныя дэкарацыі — масты. скалы), якія перадавалі складаныя эфекты. Прынцыпы рамантызму з патрабаваннем нац. і гіст. характарыстыкі месца дзеяння (шматкарцінныя дэкарацыі, касцюмы) увасаблялі рэжысёры і дэкаратары П.Сісеры, Ш.Сешан, Э.Дэлакруа, П.Дэларош (Францыя), Ф. фон Дзінгельштэт (Германія), Ч.Кін (Англія), А.Ролер (Расія) і інш. У канцы 19 ст. С. класіцызму і рамантызму супрацьстаялі плыні натуралізму (дакладная перадача сац. асяроддзя — рэж. А.Антуан, О.Брам) і сімвалізму (умоўна-спрошчаныя, стылізаваныя дэкарацыі — М.Дэні, П.Серузье, А.Тулуз Латрэк, Францыя; Э.Мунк, Нарвегія, і інш.). З 1870-х г. ў Расіі да працы ў т-ры прыцягваліся жывапісцы В.Васняцоў, К.Каровін, В.Паленаў, В.Сяроў, М.Урубель, якія сцвярджалі прынцып цэласнай трактоўкі спектакля. На мяжы 19—20 ст. даследаваліся прырода і спецыфіка законаў сцэн. мастацтва, паступова змяніўся прадмет выяўлення ў С., увага скіроўвалася на сутнасныя, нематэрыяльныя паняцці. Новыя прынцыпы афармлення, якія сімвалічна выражалі сэнс драмы, сцвердзілі рэжысёры А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэг (Англія) — ідэя «філас.т-ра» з дапамогай пазачасавай дэкарацыі (кубы, пляцоўкі. лесвіцы і інш.); Г.Фукс (Германія) — праект «рэльефнай сцэны», якая страчвае глыбіню; М.Райнгарт (Германія) — прыёмы ад жывапісна-аб’ёмнай дэкарацыі да абагульнена-ўмоўных нерухомых установак. На развіццё С. ў Расіі паўплывала рэаліст. рэформа Маскоўскага Маст.т-ра (МХТ): індывід. афармленне кожнай пастаноўкі, псіхалагізм (В.Сімаў). Пошукі абнаўлення прыёмаў С. вёў К.Станіслаўскі ў супрацоўніцтве з мастакамі аб’яднання «Свет мастацтва». Створаныя імі ж дэкарацыі ў «Рускіх сезонах» С.Дзягілева ў Парыжы вызначаліся багаццем жывапісу, фантазіяй, густам. У пач. 20 ст. ўмоўную сцэн. прастору распрацоўваў У.Меерхольд з мастакамі А.Галавіным, М.Сапуновым, С.Судзейкіным. З 1910-х г. у С. праявіліся рысы авангардызму, выкарыстанне прыёмаў кубізму, футурызму, прымітывізму (А.Вяснін, К.Малевіч, У.Татлін, П.Філонаў, І.Школьнік, Расія; Дж.Северыні, Ф.Дэперо, Італія; Ф.Лежэ, П.Пікасо, Францыя), у 1920-я г. — экспрэсіянізму (Ж.Грос, Германія). Развіццё С. 1920-х г. у СССР вызначалася шматпланавасцю выразных маст. сродкаў, барацьбой розных стылістычных кірункаў: рэаліст. жывапісная традыцыя дэкарацыйнага мастацтва (М.Крымаў, Б.Кустодзіеў, Сімаў, Ф.Федароўскі), канструктывізм Меерхольда (Л.Папова, В.Сцяпанава), экспрэсіяністычныя тэндэнцыі дэкарацый (Н.Альтман, М.Левін, І.Нівінскі, І.Рабіновіч, Р.Фальк, М.Шагал і інш.). С. 1930—50-х г. вызначылі мастакі М.Акімаў, Альтман, А.Басулаеў, М.Бобышаў, П.Вільямс, Б.Волкаў, У.Дзмітрыеў, Б.Кноблак, А.Рыкаў, В.Рындзін, А.Тышлер, Ф.Федароўскі, Н.Шыфрын і інш. У 1960—70-я г. С. дасягнула росквіту ў сусв. т-ры. Вызначыліся асн. яе кірункі — ад авангарду, абагульненай формулы чыстай пустой прасторы (Х.Эйхенбаўэр, Бразілія) да дзейснай С., якая характарызавалася імкненнем мастакоў раскрыць сутнасць дзеяння праз глабальныя праблемы чалавечага жыцця, абагульнена-метафарычнае асяроддзе: Дз.Бароўскі, С.Вірсаладзе, Э.Качаргін, М.Кітаеў. В.Левенталь, Д.Лідэр, А.Фрэйберг і інш. (СССР); Дж.Бары, Р.Колтаі, Т.О’Брайн (Вялікабрытанія) з дызайнерскім падыходам да афармлення спектакля; І.Свобада (Чэхія) з цыклам архітэктурна-кінетычных, светлавых, праекцыйных і лазерных вырашэнняў спектакляў. У 1980—90-я г. С. ўласцівы стылістычны плюралізм, раўназначнае суіснаванне розных прынцыпаў і прыёмаў афармлення сцэн. дзеяння.
На Беларусі элементы С. былі ўжо ў рытуальным адзенні і атрыбутах удзельнікаў нар. абрадаў, русалляў, Купалля і Каляд, прадстаўленнях скамарохаў і валачобнікаў. Дэкарацыя, грым, касцюм, тыпаж лялек былі неад’емнай часткай паказаў батлейкі; своеасаблівую бутафорыю мела народная драма. Удасканаленне сцэн. пляцоўкі, выкарыстанне складанай машынерыі, светлавых эфектаў, распрацоўка тэатр. касцюма адбывалася ў школьным тэатры. З 18 ст. развіццё С. звязана з дзейнасцю прыгонных тэатраў, дзе працавалі мастакі К.Атасельскі, К.Д.Гескі, Мікалаеўскі, М.Скржыцкі, з 19 ст. — з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, у пач. 20 ст. — Першай беларускай трупы І.Буйніцкага, паказамі бел. вечарынак, тэатр. калектываў, якія выкарыстоўвалі этнагр. прынцып у афармленні. У 19 — пач. 20 ст. ў т-рах Беларусі выкарыстоўвалі т.зв. тыпавыя дэкарацыі, якія з’яўляліся абстрактным фонам для любога прадстаўлення (мастакі Ю.Главацкі, Я.Кураткевіч, Ю.Рэйнберг, А.Трэнін, К.Ульрых). У рэаліст. кірунку працавалі В.Біцілеў, А.Каўльбарс, І.Удараў. Развіццё С. ў 1920-я г. звязана са стварэннем дзярж. т-раў (бел. т-ры імя Я.Купалы, імя Я.Коласа, Бел. трэцяга). Рэаліст. традыцыі нац.т-ра ўвасобілі тэатр. мастакі К.Елісееў, А.Марыкс, К.Ціханаў. Вял. значэнне мела афармленне масавых тэатр. відовішчаў, якія вымагалі пошукаў новых узаемаадносін паміж сцэн. дзействам і навакольным асяроддзем. З 2-й пал. 1920-х г. пашырыліся выразныя сродкі афармлення, выкарыстанне новых матэрыялаў, удасканальванне тэхнікі сцэны, увага да асвятлення. Эксперыментальнасцю вызначаліся работы Марыкса, Л.Нікіціна, Дз.Крэйна і інш. У 1930-я г. пад уплывам канструктывізму стваралі дэкарацыі М.Аксельрод, М.Валех, Л.Кроль, Б.Матрунін, С.Тоўбін і інш. Эстэцкае стылізатарства ў С. праявілася ў творчасці Г.Гольца, Р.Распопава. Станаўленню рэаліст. жывапіснага кірунку ў С. бел.муз.т-ра спрыяла дзейнасць рас. мастакоў М.Бобышава, Б.Волкава, Матруніна, С.Нікалаева. У канцы 1930-х г. працавалі мастакі А.Басулаеў, П.Масленікаў, Я.Нікалаеў, І.Ушакоў. У 1940—50-я г. ў С. дамінавала жывапісна-аб’ёмная сістэма дэкарацый. Цікавасцю да нац. драматургіі, імкненнем падпарадкаваць выразныя сродкі для раскрыцця зместу твора вызначаюцца дэкарацыі А.Грыгар’янца, Я Нікалаева, Ушакова ў драм., М.Блішча, У.Кульваноўскага, С.Нікалаева, І.Пешкура ў муз. т-рах. У 1960—70-я г. пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова з традыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаюцца сродкі выразнасці сцэн. прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва С. М.Апіёка, М.Волахава, В.Галубовіча, Л.Ганчаровай, Э.Гейдэбрэхта, Б.Герлавана, Грыгар’янца, Я.Ждана, Т.Карвяковай, А.Кляўзера, В.Лесіна, Я.Лысіка, З.Марголіна, У.Матросава, Дз.Мохава, Л.Рулёвай, А.Салаўёва, Ю.Тура, В.Цімафеева, Я.Чамадурава, У.Чарнышова, М.Якуніна і інш. ў драм. і муз. т-рах. Развіваецца С. лялечнага т-ра (мастакі Л.Быкаў, А.Вахрамееў, Л.Герлаван, У.Зайцава, А. і Г. Сідаравы, Л.Сідзельнікава, В.Рачкоўскі, А.Фаміна і інш.).
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Карнач П.А. Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973;
Яго ж. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1989—94. Т. 3—6;
Сыркина Ф.Я., Костина Е.М. Русское театрально-декорационное искусство. М., 1978;
Михайлова А.А. Образ спектакля. М., 1978;
Березкин В.И. Искусство оформления спектакля. М., 1986;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Н.В.Грэская.
Да арт.Сцэнаграфія. А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да спектакля, «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча. 1923.Да арт.Сцэнаграфія. Я.Чамадураў. Сцэнаграфія да балета «Альпійская балада» Я.Глебава. 1967.Да арт.Сцэнаграфія. Д.Лідэр. Сцэнаграфія ла спектакля «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. 1975. (Макет.)Да арт.Сцэнаграфія. Б.Герлаван. Сцэнаграфія да спектакля «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
манапо́лія
(гр. monopolia)
1) выключнае права на выраб, продаж або выкарыстанне чаго-н. (напр. м. знешняга гандлю);
2) буйное аб’яднанне, якое ўзнікла на аснове канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу з мэтай устанаўлення панавання над якой-н. галіной гаспадаркі і атрымання найбольшых прыбыткаў;
3) сітуацыя на рынку, калі ўсе прапановы тавараў і паслуг засяроджаны ў руках аднаго прадаўца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
арыентава́ць
(фр. orienter, ад лац. oriens, -ntis = усход)
1) даваць магчымасць вызначыць сваё месцазнаходжанне або напрамак руху (напр. а. карабель у моры);
2) перан. памагаць каму-н. разабрацца ў якіх-н. пытаннях (напр. а. у праблемах навукі);
3) перан. ставіць перад кім-н., чым-н. пэўную мэту, указваць на кірунак далейшай дзейнасці (напр. а. на выкарыстанне мясцовых рэсурсаў).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.
2.зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка.«Звязда».// Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка.// Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.
3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.
•••
Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ПРЫРОДЫ
Арганізацыя аховы прыроды на Беларусі накіравана на захаванне, аднаўленне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў і з’яўляецца часткай дзярж. палітыкі. Яна мае экалагічнае, эканам. і сац. значэнне, накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы і рацыянальнае прыродакарыстанне.
На Беларусі спрадвеку выхоўвалася пачуццё ашчаднага і беражлівага стаўлення да прыроды: паляванне на пэўных звяроў і птушак вялося толькі ў адпаведныя сезоны; ашчадна высякаліся дрэвы ў лесе (каб не пашкодзіць маладняк-падрост); каля вясковых пабудоў і двароў, уздоўж вуліц і дарог высаджваліся дрэвы і кусты. Не знішчаліся без патрэбы рэдкія звяры і птушкі; ствараліся буслянкі, шпакоўні; дзецям забаранялася разбураць гнёзды птушак; бортнікі ў дзікіх пчол забіралі толькі частку мёду. Рыбу не лавілі ў час нерасту; нават не званілі царкоўныя званы, каб не пужаць яе. Многія з гэтых звычаяў пазней уведзены ў заканадаўчыя акты. У 16 ст. ў сувязі з памяншэннем у лясах колькасці паляўнічых жывёл прымаліся спец. статуты, якія абмяжоўвалі здабычу каштоўных жывёл, вызначалі правілы палявання і памер штрафаў за іх парушэнне. Ахоўныя «правілы», вызначаныя ў «Статуце на валокі» (1557), у Статутах Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, былі накіраваны на ахову жывёл і асяроддзя іх пражывання. У савецкі час прынята значная колькасць дэкрэтаў і пастаноў аб выкарыстанні і ахове лесу, паляўнічай жывёлы, водных рэсурсаў, рыбных запасаў, садоў і паркаў, помнікаў прыроды, курортных мясцін і інш. У 1923 і 1926 СНКБССР выдаў пастановы аб парадку аховы помнікаў старажытнасці, мастацтва, нар. побыту і прыроды, абвясціў іх дзярж. уласнасцю. У 1925 створаны 1-ы на Беларусі Бярэзінскі дзярж. запаведнік, у 1939 — запаведнік «Белавежская пушча». У 1930—40 у Беларусі вяліся работы па ўпарадкаванні і аднаўленні лясоў, асушэнні балот, вызначаны водаахоўныя лясы. У пасляваенны час адноўлена дзейнасць запаведнікаў, створаны органы рыбааховы, упраўленні пры СНКБССР па справах паляўнічай гаспадаркі, запаведнікаў, у 1960 — Дзярж. камітэт Савета Міністраў БССР па ахове прыроды (з 1994 Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). У 1961 прыняты закон аб ахове прыроды. У ліку першых у незалежнай Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), які рэгулюе прыродаахоўныя адносіны ў сферы навакольнага асяроддзя і з’яўляецца асновай для галіновых законаў, прынятых у 1993—2003. Галіновыя законы прадугледжваюць правядзенне экалагічнай экспертызы, паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, ахову прыродных тэрыторый і аб’ектаў, ахову і выкарыстанне жывёльнага і расліннага свету, ахову атмасфернага паветра, радыяцыйную бяспеку, гідраметэаралагічную дзейнасць і інш. У 1997—2002 прыняты шэраг кодэксаў Рэспублікі Беларусь, у т. л. аб нетрах, вадзе, зямлі, лесе і інш. Беларусь падпісала 18 (на пач. 2004) міжнар. прыродаахоўных канвенцый і пратаколаў да іх, супрацоўнічае з міжнар. міжурадавымі і фінансавымі арганізацыямі ў галіне прыродаахоўнай дзейнасці. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць у БДУ і Бел.тэхнал. ун-це. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуюць Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія», Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір», Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі навук. даследаванняў па ахове прыроды разглядаюцца на Навук. савеце па праблемах біясферы і Экалагічнай камісіі Нац.АН Беларусі. Даследаванні па ахове прыроды ажыццяўляюць н.-д. ін-ты Нац.АН Беларусі, ун-ты, нац. паркі і запаведнікі. Гл. таксама Ахова прыроды (т. 2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,
раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.
Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.Р.Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст.Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.Эмбдэн, О.Меергоф, О.Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.А.Беліцэр, амер. А.Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).
На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.П.Цітаўца, А.М.Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.М.Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.І.Фрадкін, Н.Г.Аверына, А.Б.Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РШВІН (Gershwin) Джордж (26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),
амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л.фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей!» (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.
Літ.:
Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;
Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;
Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.