БРО́ДСКІ (Аляксандр Ільіч) (19.6.1895, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.8.1969),
украінскі фізікахімік. Чл.-кар.АНСССР (1943), акад.АН УССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1927 у Ін-це фіз. хіміі АН УССР, з 1939 яго дырэктар. Навук. працы па фіз. хіміі. Упершыню ў СССР атрымаў цяжкую ваду (1934) і выкарыстаў ізатопы для даследавання механізму хім. рэакцый. Аўтар падручніка «Фізічная хімія» (1928; т. 1—2. 6-е выд. 1948), манаграфій «Сучасная тэорыя электралітаў» (1934) і «Хімія ізатопаў» (2-е выд. 1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 71—72.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НТЭР (Аляксандр Васілевіч) (10.10.1878, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 9.3.1958),
савецкі вучоны ў галіне энергетыкі. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1912). Кіраваў буд-вам першай у Расіі электрастанцыі на торфе («Электраперадача», цяпер ДРЭС імя Р.Э.Класона), Шатурскай ДРЭС, Дняпроўскай ГЭС і інш. З 1944 нам. дырэктара Энергет. ін-та АНСССР. Даследаваў энергет. рэсурсы краіны, пытанні рацыяналізацыі энергасістэм, эксплуатацыі магутных электрастанцый і інш.
Літ.:
А.В.Винтер. М.; Л., 1950;
Маркин А.Б. А.В.Винтер // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),
дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛАляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял.кн.Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́Б’ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),
рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр.нар. песень.
Літ.:
Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ТКІН-УЛАДЗІ́МІРСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (15.10.1885, с. Вазнясенскае, Кастрамскі р-н — вер. 1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1918—21 чл. Прэзідыума ВЦСПС. У 1921 на дзярж. рабоце ў Туркестанскай АССР. З 1922 інструктар ЦК РКП(б). У маі 1923 узначаліў партыйна-ўрадавую камісію па ўзбуйненні БССР. З лют. 1924 сакратар Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). У маі—вер. 1924 1-ы сакратар ЦККП(б)Б. У 1924—29 старшыня праўлення Усесаюзнага с.-г. банка. З 1930 на сав., парт., дзярж. і навук. рабоце. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСЬ (Аляксандр Яўхімавіч) (н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.І.Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.С.Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.С.Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар. прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯГЕ́ЛІНАляксандр Іванавіч [1800—1859 (1860?)], удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў 1-м кадэцкім корпусе. З 1822 паручнік. З 1823 у Літ. піянерным батальёне (Беластоцкая вобл.). Уваходзіў у навагрудскую масонскую ложу «Вузел адзінства». Адзін з арганізатараў тайнага т-ва«Ваенныя сябры». Удзельнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825, агітаваў салдат не прысягаць Мікалаю I, сарваў прысягу салдат сваёй роты, спрабаваў узняць паўстанне ў інш. часцях. 26.12.1825 арыштаваны, пазбаўлены дваранства і прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі (1827) сасланы на 10 гадоў на катаргу з наступным пасяленнем у Сібіры. У 1837 па ўласнай просьбе накіраваны на службу радавым у Каўказскі асобны корпус, у 1843 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),
французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв.гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц.муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Пятровіч) (н. 25.12.1935, в. Чырвонабярэжская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі вытворчасці і фізікахіміі торфу. Д-ртэхн.н. (1987). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1959). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фіз.-хім. уласцівасцей торфу і метадах яго рацыянальнага выкарыстання з атрыманнем новых прадуктаў.
Тв.:
Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);
Повышение качества торфа как удобрения. Мн., 1978 (у сааўт.);
Превращения торфа при добыче и переработке. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.