помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРУК,
друкаваныя выданні, якія выпускаюцца праз пэўныя прамежкі часу; адзін са сродкаў навукова-тэхнічнай масавай інфармацыі і прапаганды. Да іх адносяцца газеты, часопісы, альманахі, бюлетэні і перыяд. зборнікі, што распаўсюджваюць грамадска-паліт., сац.-эканам., культ.-асв. і навук.-тэхн. інфармацыю. Ім уласцівы рэгулярнасць выхаду (ад штодзённага да гадавога), пастаянная назва, нумарацыя (нумар выдання, выпуску і г.д.), аб’ём, як правіла, фармат, аднатыпнае афармленне. Падзяляюцца на агульнаграмадскія (змяшчаюць інфармацыю пра ўсе сферы жыцця) і вузкаспец. (навук., спарт., рэкламныя і інш.). У Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана (на 1.1.2001) 1113 перыяд. выданняў, у т. л. 731 газета, 329 часопісаў, 48 бюлетэняў, 2 альманахі, 1 каталог. Выходзіць штогадовы бібліягр. паказальнік «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусв.перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s International periodical directory» («Міжнародны даведнік «Улрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social Science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.Гл. таксама ў арт.Выдавецкая справа.
Jlint.: Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981; Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМА́ТЫКА [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
1) адзін з раздзелаў семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і іх карыстальнікамі. Асн. ідэі П. сфармулявалі амер. філосафы Ч.Пірс і Ч.Морыс (прапанаваў тэрмін «П.» ў канцы 1930-х г.). Улічвае ўласцівасці і магчымасці чалавечага інтэлекту і чалавечых зносін, імкнецца іх змадэляваць з мэтай вырашэння міждысцыплінарнай праблемы стварэння т.зв. штучнага інтэлекту.
2) Галіна даследаванняў у мовазнаўстве; вывучэнне мовы як універсальнай знакавай сістэмы, што выкарыстоўваецца чалавекам. Уключае комплекс праблем: узаемадзеянне ў працэсе камунікавання адрасанта (таго, хто гаворыць), адрасата і сітуацыі зносін; правілы і мэты размовы, ускосныя сэнсы выказванняў, экспрэсіўныя сродкі маўлення, адносіны суразмоўцаў да прадметаў рэчаіснасці, прэсупазіцыі тых, хто гаворыць (аб’ём і разнастайнасць іх ведаў, што адбіваецца на маўленчым кантакце); прынцыпы і магчымасці інтэрпрэтацыі выказанага; форма, стыль, жанр, логіка маўлення, яго рытарычныя характарыстыкі. Узаемазвязана з праблематыкай розных гуманітарных навук і іх раздзеламі (стылістыка, рыторыка, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, тыпалогія маўлення, тэорыя камунікацыі, тэорыя дыскурсу і інш.).
Літ.:
Арутюнова Н.Д., Падучева Е.В. Истоки, проблемы и категории прагматики // Новое в зарубежной лингвистике. М., 1985. Вып. 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІР,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Мядзел. Пл. 22,28 км², даўж. 14,1 км, найб.шыр. 2,3 км, найб.глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі 31,2 км. Пл. вадазбору 364 км². Аб’ём вады 104,3 млн.м³. Катлавіна лагчыннага тыпу. Зах. схілы выш. 12—15 м (участкамі да 25 м), разараныя ці пад хмызняком, усходнія — выш. 3—5 м, параслі лесам. Пойма на У і Пншыр. да 200 м, пад зрэджаным хмызняком, забалочаная, парэзаная сеткай меліярац. каналаў. Берагі высокія (да 0,7 м), месцамі зліваюцца са схіламі, усходнія — нізкія, забалочаныя. У цэнтры і на Пд пясчаныя мелі (2 і 3,4 м). Дно да глыб. 4 м пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелістае. Мінералізацыя вады да 260 мг/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае ўздоўж усх. берагоў, у вытоку Свірыцы і месцы ўпадзення Смолкі паласа трыснягу і чароту дасягае шыр. 200 м. Упадаюць рэкі Смолка, Вял. Перакоп, некалькі ручаёў. На Пн выцякае р. Свірыца. Гідралаг. назіранні з 1965. Месца адпачынку, каля возера санаторый «Свір».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФЕ́РТ (франц. transfert ад лац. transferre пераносіць, пераводзіць),
1) перадача права валодання імяннымі каштоўнымі паперамі (акцыі, вэксалі, аблігацыі, чэкі) адной асобай другой, перанос аплаты па здзелцы з аднаго рахунка на другі. Перадача права валодання ажыццяўляецца, як правіла, пры дапамозе перадатачнага надпісу — індасаменту.
2) Перавод замежнай валюты або золата з адной краіны ў другую; банкаўскія аперацыі па сустрэчных пераводах валют дзвюх або некалькіх краін (валютны Т.).
3) Перавод бюджэтных сродкаў для фінансавання абавязковых выплат насельніцтву: пенсіі, стыпендыі, кампенсацыі, інш.сац. выплаты, якія ўстаноўлены заканадаўствам (сацыяльны Т.).
4) Перадача права ўласнасці на рэальны тавар пакупніку без фіз. перамяшчэння тавару (кніжны Т.).
5) Пераезд грамадзян з адной краіны ў другую на аснове міжнар. пагаднення, аўтаматычнае змяненне грамадзянства; перавозка турыстаў з аэрапорта ў гасцініцу або паміж гарадамі. Т. называюць таксама перадачу тэхналогій. перавод грашовых сум, гуманіт. і тэхн. дапамогі. Напр., у 2000 аб’ём Т. у Рэспубліку Беларусь склаў 54,7 млн.дол., у т. л. з краін СНД — 1,2 млн.дол., Расіі — 1 млн.дол., інш. краін — 53,5 млн. дол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОНДААДДА́ЧА,
абагульняльны паказчык выкарыстання сукупнасці асноўных вытворчых фондаў; суадносіны кошту прадукцыі, вырабленай за год (або за іншы перыяд часу), і сярэднегадавога кошту асн.вытв. фондаў. Ужываецца для аналізу і ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання асн. фондаў на розных узроўнях нац. эканомікі: прадпрыемства, галіны прам-сці, эканомікі ўвогуле. Можа быць разлічаны па аб’ёме продажу ці рэалізаванай (адгружанай) прадукцыі. Для больш поўнага аналізу і выяўлення рэзерваў павышэння ф. разлічваюць дадатковыя паказчыкі з улікам асаблівасцей кожнай галіны прам-сці. Напр., пры невял. колькасці відаў гатовай прадукцыі вызначаюцца адносіны аб’ёму выпуску дадзенага прадукту ў натуральным выяўленні да кошту асн.вытв. фондаў. У галінах прам-сці выкарыстоўваюць і спецыфічныя паказчыкі, якія характарызуюць ступень выкарыстання пэўнага абсталявання гэтай галіны і вызначаюцца ў адносінах да фактычнага часу, затрачанага на работу. Пры ацэнцы паказчыкаў Ф. па прам-сці ўвогуле ўлічваюць структурныя зрухі і ўзроўні фондаёмістасці розных галін. Павышэнне Ф. дазваляе павялічыць аб’ём выпуску прадукцыі, знізіць выдаткі, павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць прыбытак, павысіць рэнтабельнасць і канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, садзейнічаць вырашэнню сац. праблем і павышэнню якасці жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое суправаджаецца зменай яго прыродных уласцівасцей, найперш перавышэннем натуральных канцэнтрацый у ім прыродных ці пранікненнем у асяроддзе не ўласцівых яму хім. рэчываў і злучэнняў.
На Беларусі асн. агенты Х.з. (штогадовы выкід) атм.паветра: аксід вугляроду (каля 700 тыс.т), дыаксід серы (140 тыс.т), аксіды азоту (135 тыс.т), лятучыя арган. рэчывы (240 тыс.т), цвёрдыя рэчывы (65 тыс.т), таксама фармальдэгід, фенол, аміяк, цяжкія металы і інш.; паверхневых вод: хларыды (78 тыс.т), сульфаты (64 тыс.т), завіслыя рэчывы (15 тыс.т) і арган. (11 тыс.т) рэчывы, нафтапрадукты (230 т), медзь (18 т), інш. металы (491 т) і інш.; глеб : пестыцыды (да 1,5 ГДК), цяжкія металы (да 0,8 ГДК), сульфаты (да 0,9 ГДК), нітраты (да 1 ГДК). Вядомыя выпадкі Х.з. паверхневых вод да 30 ГДК нафтапрадуктамі, аманійным і нітрытным азотам, цынкам, меддзю, малібдэнам. Асн. забруджвальнікі паветра — аўтатранспарт і інш. рухомыя ўстаноўкі (72,7%), аб’екты энергетыкі (5%), прамысл. прадпрыемствы (асабліва нафтахім., металургічныя, мінер. угнаенняў). Асн.аб’ём забруджаных сцёкавых вод утвараецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (46%), прам-сці (31%), сельскай гаспадарцы (9,5%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАДЭ́ЛЬ (ад італьян. citadella літар. — маленькі горад),
1) найб. умацаваная цэнтр.ч. горада або крэпасці, разлічаная на самаст. абарону ў выпадку разбурэння вонкавых фартыфікацыйных збудаванняў; апошні пункт абаронцаў пры штурме. Ц. ўзніклі ў гарадах Стараж. Егіпта, Месапатаміі і інш.Гіст. назвы — акропаль (Стараж. Грэцыя), капітолій (Стараж. Рым). На Беларусі Ц. былі дзядзінцы, пазней астрогі. З 13—14 ст. ролю Ц. выконвалі замкі і вежы-данжоны (гл.Камянецкая вежа, Тураўская вежа). Ц. складаліся з абарончых збудаванняў розных тыпаў і канструкцый (умацаваныя драўляныя тыны, равы, валы, муры, вежы і інш.), дзе размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай і інш. Часцей іх будавалі на натуральных або штучных узвышшах, на лініі крапасных сцен, унутры горада (крэпасці) ці за іх межамі. Ц. мелі абароннае значэнне да пач. 20 ст. (гл.Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць).
2) Унутраны аб’ём карабля (да 3/4 яго даўжыні), абмежаваны бранявымі паясамі, пераборкамі (траверзамі) і палубай, для размяшчэння жыццёва важных часцей (машынных і кацельных аддзяленняў, боезапасаў і інш.).
3) У пераносным значэнні Ц. — гал. апорны пункт (цэнтр) якой-н. арг-цыі, цвярдыня, крэпасць, апора.