перадача дзяржавай прыватным асобам (адкупшчыкам) правоў на збор дзярж. прыбыткаў.
Існаваў пераважна ў дакапіталіст. фармацыях, калі не было развітога дзярж.-фін. апарату. Дзяржава, напр., аддавала на водкуп вытворчасць і рэалізацыю солі, алкагольных напіткаў, тытуню, збор мытнай пошліны, падаткаў з насельніцтва і інш. Быў пашыраны ў Францыі, Італіі, Іспаніі. У Расіі існаваў вінны водкуп і мытны водкуп. Адкупшчыкамі былі купцы, пасадскія людзі, іншаземцы. На Беларусі быў пашыраны вінны водкуп у гарадах. Парадак водкупу вызначала гарадское кіраўніцтва. З умацаваннем і цэнтралізацыяй дзярж. улады (18 ст.) водкуп змяніўся сістэмай акцызу (у Расіі з 1863), а ў асобных краінах (ЗША, Турцыя, Італія) захаваўся да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне водакарыстання. Зацверджаны Вярх. Саветам Беларусі 27.12.1972, уведзены ў дзеянне з 1.7.1973. Складаецца з 5 раздзелаў. Вызначае задачы воднага заканадаўства рэспублікі ў рэгуляванні водных адносін, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на воды, парадак кантролю за выкарыстаннем і аховай вод, умовы размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемстваў і збудаванняў, што ўплываюць на становішча вод. Вызначае кола водакарыстальнікаў, іх правы і абавязкі, аб’екты і віды водакарыстання, мерапрыемствы па ахове вод, рэгламентуе парадак дзярж. ўліку вод і іх выкарыстання, вядзенне воднага кадастра і інш. Вызначае крымін., адм. і матэрыяльную адказнасць за парушэнне воднага заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.5(10.6).1917 да ліст. 1918 у Мінску на бел. мове. У 1917 выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 штотыднёва. Рэдактар Я.Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліп. 1917 Т-вабел. культуры. Спачатку выступала за культ.-нац. і дзярж. аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакр. федэратыўнай Расіі. Пасля абвяшчэння БНР «Вольная Беларусь» пачала выступаць за незалежную дэмакр. Беларусь, заклікала да стварэння бел.нац. войска, крытыкавала палітыку ваен. камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Актыўнымі супрацоўнікамі газеты былі З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах.Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел.нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЫ,
зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.
Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНІ́ДЫЯ (Actinidia),
род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).
Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУ́РВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
павышэнне ўрадлівасці глебы з дапамогай агратэхн., аграхім. і меліярац. мерапрыемстваў. Акультурваюць паглыбленнем ворнага гарызонту, сістэм. апрацоўкай, угнойваннем, вапнаваннем або гіпсаваннем, рэгуляваннем воднага рэжыму. Праводзяць на глебах з нізкай прыроднай урадлівасцю. Ва ўмовах Беларусі водны рэжым рэгулююць асушэннем і арашэннем, адвядзеннем паверхневых водаў, баразнаваннем, рыхленнем падворнага гарызонту, унясеннем мікраўгнаенняў, увядзеннем севазваротаў з шматгадовымі травамі. Глебы, схільныя да воднай і ветравой эрозіі, аруць упоперак схілаў, на іх робяць перарывістае баразнаванне, залужэнне, садзяць лясныя палосы і інш. На землях, парушаных у выніку с.-г. работ, праводзіцца рэкультывацыя, ствараецца новы ворны гарызонт.
Літ.:
Кулаковская Т.Н. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.п. Кіраўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́КСІНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Ларыса Канстанцінаўна) (н. 20.1.1913, Мінск),
бел. танцоўшчыца, балетмайстар. Засл. дз. маст.Беларусі (1995). Дачка К.А.Алексютовіча. Вучылася ў балетнай студыі пры БДТ-1 (1921—28), адначасова працавала ў балетнай трупе т-ра. З 1928 артыстка Бел. аб’яднання муз., эстрадных і цыркавых работнікаў, у 1937—41 — Ансамбля бел.нар. песні і танца Бел. філармоніі. У 1950—73 балетмайстар ансамбля танца БДУ, выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Ставіла танцы ў драм. спектаклях. Стварыла шэраг сцэнічных танцаў на традыц. аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (1978), кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).