ЖА́ВАРАНКАЎ (Мікалай Міхайлавіч) (7.8.1907, с. Стралецкія Выселкі Разанскай вобл., Расія — 5.8.1990),
сав. хімік і тэхнолаг. Акад.АНСССР (1962; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1930), дзе і працаваў (з 1948 рэктар). У 1962—88 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі і Ін-та новых хім. праблем АНСССР. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі, тэхналогіі неарган. матэрыялаў. Даследаваў гідрадынаміку, Маса- і цеплаабмен у працэсах адсорбцыі, рэктыфікацыі, малекулярнай дыстыляцыі. Прапанаваў спосабы аптымізацыі некаторых стадый вытв-сці аміяку і азотнай к-ты, прамысл. метады атрымання ізатопаў азоту 15N і кіслароду 18O высокай канцэнтрацыі, спосабы раздзялення стабільных ізатопаў лёгкіх элементаў. Дзярж. прэмія СССР 1953, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЧУ́ЖНЫ,
пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РЫКАЎ (Іван Сямёнавіч) (н. 15.9.1921, в. Хацілавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскую вет. акадэмію (1951). У 1957—91 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (у 1968—88 дырэктар). Навук. працы па біял. асновах прафілактыкі паразітозаў с.-г. жывёл. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць меры барацьбы з трэматадозамі жвачных жывёл, рэкамендацыі па абеззаражванні гною з выкарыстаннем радыебіял. метадаў.
Тв.:
Экономическая эффективность ветеринарных мероприятий. Мн., 1981 (у сааўт.);
Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд, Мн., 1990 (у сааўт);
Лекарственные средства и биологические препараты в ветеринарии. Мн., 1993 (разам з А.Е.Антаненкам, С.С.Ліпніцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Раіса Мікалаеўна) (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),
дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял.Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЯ́НІН (Якім Аляксандравіч) (22.8.1903, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.8.1979),
дзеяч КПБ, адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Віцебшчыне ў Вял.Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1948). З 1927 на сав. і парт. рабоце, з 1939 заг. аддзела кадраў ЦККП(б)Б, сакратар Магілёўскага абкома КП(б)Б. У 1941—44 упаўнаважаны эвакуацыйнага савета пры СНКСССР. З 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Віцебскага, 1-ы сакратар Полацкага абкомаў КП(б)Б, з 1946 у ЦККП(б)Б, у 1949—59 старшыня Магілёўскага аблвыканкома. Чл.ЦККПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—63, Вярх. Савета СССР у 1950—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в.Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант.маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫТО́МІР»,
рачны маніторсав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач.Вял.Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел.АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г.Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст.Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́ДНА»
(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.