МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Фелікс Станіслававіч) (1.2.1920, в. Машчонае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.8.1992),
бел. вучоны-эканаміст. Акад.АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1966). Д-рэканам.н. (1964), праф. (1965). Скончыў БДУ (1946). З 1947 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (у 1964—80 дырэктар). Адначасова ў 1966—70 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па развіцці і размяшчэнні прадукц. сіл Беларусі, эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Даследаваў заканамернасці размяшчэння галін сельскай гаспадаркі і фарміравання с.-г. зон. Удзельнічаў у распрацоўцы навук. прагнозаў па комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і развіцці прадукц. сіл Палесся. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар кн. «Эканамічная геаграфія Беларускай ССР» (1956), «Беларуская ССР» (1957), «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў Беларускай ССР за гады Савецкай улады» (1970).
Тв.:
Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий. Мн., 1975 (разам з А.І.Мяцельскім);
Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),
найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.Бажыкоўскі, В.Немаёўскі, Т.Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.Гажкоўскі, Я.Тысоўскі, А.Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац.к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,
хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс.чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць ў Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш.Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж.улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект. дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл.Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦАВА ((Némcová) Бажэна [дзявочае Панклава) (Panklová) Барбара; 4.2.1820, Вена — 21.1.1862], чэшская пісьменніца; адна з заснавальнікаў рэалізму ў чэш. л-ры. Літ. дзейнасць пачала з апрацовак нар. казак: «Народныя казкі і паданні» (ч. 1—7, 1845—47). Вядомасць прынеслі апавяданні і аповесці пра жыццё сялян: «Барушка» (1853),
«Карла» (1855), «Дзікая Бара», «Горная вёска», «У замку і каля замка» (усе 1856) і інш. Лепшы яе твор — «Бабулька» (1855) сцвярджае ідэю адукаванай і гуманнай улады, што апіраецца на волю і мудрасць народа. Цыклы нарысаў «Карціны домажліцкага наваколля» (1845—47), «Лісты з Францішкавых лазняў» (1846), «Карціны жыцця славакаў» (1859) і інш. адметныя сац.-паліт. накіраванасцю. Сабрала і выдала ў пер. на чэш. мову «Славацкія казкі» (1857—58).
Тв.:
Рус.пер. — Сказки, повести, рассказы. М., 1961;
В замке и около замка: Рассказы. Повести. Письма к родным и друзьям. Л., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ КАМУНІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКАЯ (ПКБ),
палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне і паліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых і эканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт. і інш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных і сац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ.«Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар. і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б.Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабе інш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.