ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),

італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.​Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк. праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш. царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.

Літ.:

Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;

Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;

Cande P. de. Vivaldi. Paris, 1967;

Opera and Vivaldi. Austin, 1984.

Партрэт А.Вівальдзі. Мастак невядомы. 18 ст.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРЭ́ННЕ,

знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.

У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл. Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім. прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.

А.​Р.​Архіпенка, У.​М.​Сацута.

Да арт. Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Узеір Абдул Гусейн аглы) (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),

азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес. муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар. арт. СССР (1938). Акад. АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж. азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац. муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб. нар. песень (з М.​Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.

Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л. найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб. нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб. нар. песень і інш.

Літ.:

Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;

Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.

У.Гаджыбекаў.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае аб’екты на аснове геаметрычнага падыходу. Асн. паняцце графаў тэорыі — граф: мноства пунктаў (вяршынь) і мноства сувязей (рэбраў, дуг), што злучаюць некаторыя (або ўсе) пары вяршынь. Напр., сетка чыгунак, аўтамаб. (або інш.) дарог з пазначэннем на дугах адлегласцей паміж населенымі пунктамі або іх прапускных здольнасцей. Выкарыстоўваецца ў тэорыі перадачы інфармацыі, тэорыі трансп. сетак, камп’ютэрнай графіцы, аўтаматызацыі праектавання і інш.

Першыя задачы графаў тэорыі былі звязаны з рашэннем галаваломак і матэм. забаўляльных задач (напр., задачы аб Кёнігсбергскіх мастах, аб расстаноўцы ферзей на шахматнай дошцы, аб перавозках, кругасветным падарожжы, задача 4 фарбаў і інш.). Адным з першых вынікаў у графаў тэорыі быў крытэрый існавання абходу графа без паўтораў рэбраў (Л.Эйлер, 1736). У 19 ст. з’явіліся работы, у якіх пры рашэнні практычных задач атрыманы важныя вынікі ў графаў тэорыі (задачы пабудавання эл. ланцугоў, падліку хім. рэчываў з рознымі тыпамі малекулярных злучэнняў і інш.). У 20 ст. задачы, звязаныя з графамі, з’явіліся ў тапалогіі, алгебры, тэорыі лікаў, тэорыі імавернасці і інш. Найб. развіццё графаў тэорыя атрымала з 1950-х г. у сувязі са станаўленнем кібернетыкі і развіццём выліч. тэхнікі.

На Беларусі даследаванні па графаў тэорыі вядуцца ў БДУ (уплыў розных параметраў на ўласцівасці графаў), Ін-це матэматыкі (розныя прадстаўленні графаў, алгарытмічныя аспекты графаў тэорыі), Ін-це тэхн. кібернетыкі (графы ў задачах аптымальнага ўпарадкавання) Нац. АН.

Літ.:

Лекции по теории графов. М., 1990.

Ю.​Н.​Сацкоў.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.​Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац. статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЦІК (лац. porticus),

галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл. драм. т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.

Г.​С.​Ларкін.

Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).
Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ,

распрацоўка прагнозу; спец. навук. даследаванне перспектыў развіцця якога-н. аб’екта або з’явы; вызначэнне тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных працэсаў на аснове аналізу даных аб іх мінулым і сучасным стане. Найб. распаўсюджаныя аб’екты П.: навук.-тэхн. (развіццё фундаментальных і прыкладных даследаванняў, розных галін тэхнікі, новыя тэхналогіі і матэрыялы і інш.), тэхніка-эканам. (тэхніка-эканам. паказчыкі вытв-сці, асваенне новых відаў прадукцыі і інш.), ваенна-паліт. (ваенныя канфлікты, блокі і інш), прыродныя (навакольнае асяроддзе, паводкі і інш.). У іх аснове ляжаць 3 узаемадапаўняльныя крыніцы атрымання інфармацыі: экстрапаляцыя ў будучыню тэндэнцый, заканамернасці развіцця якіх у мінулым і цяпер добра вядомы; мадэліраванне аб’ектаў навук. вывучэння, паказ іх у спрошчаным, схематычным выглядзе; прагнозная ацэнка экспертаў. У адпаведнасці з гэтым існуюць 3 спосабы П., якія дапаўняюць адзін аднаго: экстрапаліраванне і інтэрпаліраванне — пабудова дынамічных радоў развіцця паказчыкаў прагназіруемага працэсу; мадэліраванне — пабудова пошукавых і нарматыўных мадэлей; анкетаванне. Алгарытм (сац. тэхналогія) П. можа быць наступным: вывучэнне праблемы (праблемнай сітуацыі) — распрацоўка сац. заказу — пашпартызацыя — распрацоўка мэт і задач — распрацоўка даследчага прагнозу — канструяванне нарматыўнага прагнозу — верыфікацыя і карэкціроўка прагнозаў. Існуе вял. колькасць прагнозаў, якія ўтрымліваюць пошукавыя і нарматыўныя аспекты П. (праграмныя, пошукавыя, аналітычныя, мэтавыя і інш.).

Літ.:

Рабочая книга по прогнозированию. М., 1982;

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование. М., 1987;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РА,

горад, цэнтр Самарскай вобл. Расіі. 1156 тыс. ж. (2000). Порт на р. Волга, пры ўпадзенні ў яе р. Самара. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць авіякасм. тэхнікі, самалётаў, нафтавага абсталявання, матора-, станка-, прыладабудавання, радыёэлектронікі, тэлевізараў; з-ды падшыпнікавы, аўтатрактарнага электраабсталявання, аэрадромнага абсталявання, эл.-тэхн. і інш., нафтаперапр. і нафтахім., хім., металургічная, харчасмакавая (мяса- і тлушчакамбінаты, шакаладная ф-ка), лёгкая. Метрапалітэн (з 1987). ГРЭС. 10 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.

Цырк. Філармонія. 5 музеяў, у т. л. краязн. і мастацкі.

Засн. ў 1586 як драўляная вартавая крэпасць Рас дзяржавы ў новадалучаных землях Паволжа. С. — адзін з цэнтраў нар. рухаў пад кіраўніцтвам С.​Ц.​Разіна (1670—71) і Е.​І.​Пугачова (1773—75). З 1708 у складзе Казанскай, з 1718 — Астраханскай губ. З 1780 павятовы горад Сімбірскага намесніцтва, з 1796 — Сімбірскай губ., з 1851 губернскі горад. У 1877 праз С. прайшла Арэнбургская чыгунка. У пач. 20 ст. (разам з Ніжнім Ноўгарадам і Саратавам) буйнейшы цэнтр па перапрацоўцы збожжа ў Расіі. З 1928 — цэнтр Сярэдняволжскай вобл., перайменаванай у Сярэдняволжскі край (1929), Куйбышаўскі край (1935). У 1935—91 наз. Куйбышаў. У Вял. Айч. вайну сюды былі эвакуіраваны ўрадавыя ўстановы з Масквы, пасольствы і прадстаўніцтвы замежных дзяржаў, прамысл. прадпрыемствы, у т. л. з Беларусі.

У цэнтры Самары.
Самара. Рачны вакзал.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)