Ratio contra vim parum valet

Розум перад/у параўнанні з сілай мала значыць.

Разум перед/в сравнении с силой мало значит.

бел. Сіла ёсць ‒ розуму не трэба. Дурню і Бог дарогу ўступае. Здаровы каню таварыш. Толькі дурань любіць, каб перад ім станавіліся на калені.

рус. Сила ‒ уму могила. Сила есть ‒ ума не надо. Сила ум ломает.

фр. Où force domine raison n’a pas lieu (Где преобладает сила, нет места уму).

англ.

нем. Bei großer Gewalt ist große Narrheit (При большой силе/насилии ‒ большая глупость).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

Клок 1 ’жыццёвая сіла ў зярне’ (Чач., КЭС, лаг.). Гл. клёк.

Клок 2 ’касмык, жмут сена, валасоў’ (Мат. Гом., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Укр. клоччя, рус. клок ’тс’, балг. клъчище, серб.-харв. ку̑к, славен. kólke ’пакулле’, польск. kłak ’касмык, пакулле’. Найбольш верагодная версія да *plъkъ, генетычна суаднесенага з літ. plaukaĩ ’валасы’, лат. plaukas ’валокны’, с.-в.-ням. floccho ’касмык’ (Мацэнаўэр LF, 51, 125; Фасмер, 2, 252). Іншыя этымалогіі бяздоказныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысу́ха 1 ’каханая, любая’ (ТСБМ), ’прыгажуня, чараўніца’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. присо́хнути ’адчуўшы сімпатыю, прыхільнасць да некага, надта пакахаць яго’, рус. дыял. прису́ха ’каханы чалавек; прыгажуня’, ’чараўніца’. Гл. наступнае слова.

Прысу́ха 2 ’злая (міфічная) істота’; ’звышнатуральная сіла’ (Інстр. 2, Мат. Гом.). Утворана ад прысушыць ’прыманіць варажбой, прымусіць каго-небудзь сохнуць ад кахання’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Мат. Гом.), гл. сушыць. Параўн. рус. дыял. прису́ха ’прыварожванне, чараўніцтва; вядзьмарства’; укр. прису́шений ’прычараваны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аўтадзі́н

(ад аўта- + гр. dyn(amis) = сіла)

1) машына для пераўтварэння сілы пераменнага току ў сілу пастаяннага току;

2) радыёпрыёмнік з дадатнай зваротнай сувяззю для прыёму тэлеграфных сігналаў і прывядзення ў дзеянне аўтаматычных прыстасаванняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фа́ктар

(лац. factor = які робіць, стварае што-н.)

1) рухальная сіла, прычына якога-н. працэсу, якая вызначае яго характар або асобныя рысы (напр. ф. нечаканасці, ф. часу);

2) уст. пасрэднік, камісіянер;

3) мат. сумножнік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АСЦЫЛЯ́ТАР (ад лац. oscillare вагацца) гарманічны, сістэма, што выконвае механічныя (матэм. маятнік), электрамагнітныя (вагальны контур) або інш. ваганні, пры якіх патэнцыяльная энергія прапарцыянальная квадрату адхілення ад стану раўнавагі. Па ліку ступеняў свабоды адрозніваюць лінейныя, 2-, 3-мерныя і інш. Класічны асцылятар — часціца масай m, што вагаецца каля стану ўстойлівай раўнавагі, дзе яе патэнцыяльная энергія u мае мінімум. Пры гэтым пераменная сіла, што дзейнічае на часціцу, F = − ∂u ∂x = −kx , дзе k — пастаянная, x — зрушэнне ад стану раўнавагі. Пры малых зрушэннях x рух часціцы апісваецца лінейным ураўненнем гарманічнага вагання, калі зрушэнні x не малыя — нелінейным ураўненнем і асцылятар наз. ангарманічны. Квантавы асцылятар апісваецца Шродынгера ўраўненнем, у якім патэнцыяльная энергія E = − kx2 2 . Адрозненні квантавага асцылятара ад класічнага: дыскрэтны набор значэнняў энергіі і найменшая магчымая энергія не роўная нулю (гл. Нулявая энергія). Паняцце асцылятара шырока выкарыстоўваюць у тэарэт. фізіцы, у т. л. для апісання працэсаў эл.-магн. выпрамянення.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГІ,

прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.

Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл. Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).

П.​А.​Пупкевіч.

Вагі: а — аўтамабільныя; б — электрамеханічныя канвеерныя; 1 — узмацняльнік; 2 — сілавымяральнік; 3 — рама грузапрымальнага прыстасавання; 4 — ролікавыя апоры; 5 — стужачны транспарцёр; 6 — датчык тахометра; 7 — электронны блок.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПА́Д,

падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.

Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.
Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),

«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.​Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.

Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫН ((Greene) Генры Грэм) (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)