МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),

навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л. сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.Ф.Гамалея, С.Кітазата, К.Б.Ніл, Э.Ру і інш.

На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед. ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял. НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел. н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.І.Кудзіну, В.В.Первазванскаму, А.Л.Пескіну, А.І.Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.І.Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.А.Паўловіч і інш., вет. М. — Д.Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.С.Самсонава і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел. НДІ эпідэміялогіі і М., інш. с.-г. і мед. н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;

Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;

Микробиология. М., 1998.

Л.П.Цітоў.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБС-ПЛА́СТЫК,

тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105 °C, шчыльн. 1,08∙10​3 кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЫЯ (італьян. avaria),

1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.

2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у Мінску на базе Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў агароднінных культур і тэхналогій вытв-сці іх насення; распрацоўка энергазберагальных і прыродаахоўных тэхналогій і сістэм вядзення агародніцтва ў адкрытым і ахаваным грунце і інш. Ін-там створана больш за 100 сартоў і гібрыдаў агароднінных культур.

А.А.Аутка.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУДМЕХАНІЗА́ЦЫЯ»,

Дзяржаўны канструктарска-тэхналагічны інстытут «Аграбудмеханізацыя» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1986 у Мінску на базе праектна-канструктарскага бюро (з 1965), да 1992 — Усесаюзны канструктарска-тэхнал. ін-т буд. механізацыі.

Асн. кірункі дзейнасці: стварэнне сродкаў механізацыі буд.-мантажных работ, у т. л. па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка бетонамяшальных установак і комплексаў, вагавых дазатараў вады, цэменту і напаўняльнікаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці сценавых блокаў павышанай дакладнасці.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ (Георгій Уладзіміравіч) (23.4.1901, Масква — 23.1.1953),

рускі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1926). Працаваў у авіяц. прам-сці (1927—47). З 1949 дырэктар Ін-та фіз. хіміі АН СССР. Распрацаваў тэорыю карозіі металаў (1933—38), класіфікацыю метадаў выпрабавання на карозію, стварыў тэхналогію атрымання гарачатрывалага сплаву для дэталяў авіяц. рухавікоў і шэраг марак нержавейнай сталі. Тры Дзярж. прэміі СССР.

Тв.:

Основы учения о коррозии и защите металлов. М., 1946.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,

група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.

Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАФЕНО́ЛЫ,

арганічныя араматычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; C6H4(NH2)OH. Вядомы крышталічныя ізамеры амінафенолаў, орта-амінафенолы, tпл 174 °C; мета-амінафенолы, tпл 123 °C і пара-амінафенолы, tпл 186 °C. Амфатэрныя, утвараюць солі з кіслотамі і шчолачамі. Атрымліваюць аднаўленнем адпаведных нітроза- і нітрафенолаў. Ізамеры (мета- і пара-амінафенолы) выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра (карычневы колер), пара-амінафенолы і яго вытворныя — праявіцелі ў фатаграфіі. Амінафенолы могуць выклікаць дэрматыт.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІЛІ́Т (ад грэч. argillos гліна + ...літ),

асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́ШНЯ,

на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)