НАРО́ДНЫ МАСТА́К БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 7.1.1944. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзеячам выяўл. мастацтва, якія маюць ганаровае званне заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (не менш як 5 гадоў), вял. заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, манум. і дэкар.-прыкладнога, тэатр., кіна- і тэлемастацтва.

Народныя мастакі Беларусі

1944. З.​І.​Азгур, В.​К.​Бялыніцкі-Біруля, А.​В.​Грубэ.

1949. І.​В.​Ахрэмчык, С.​П.​Нікалаеў.

1955. А.​А.​Бембель, В.​В.​Волкаў, А.​К.​Глебаў.

1961. А.​П.​Марыкс.

1963. Я.​А.​Зайцаў, В.​К.​Цвірка, С.​І.​Селіханаў, Я.​Р.​Чамадураў.

1967. Я.​Дз.​Нікалаеў.

1972. А.​А.​Анікейчык, М.​А.​Савіцкі.

1983. Л.​Дз.​Шчамялёў.

1988. Г.​Х.​Вашчанка, У.​І.​Стальмашонак.

1991. В.​А.​Грамыка, А.​М.​Кашкурэвіч, А.​М.​Кішчанка, В.​П.​Шаранговіч, Л.​М.​Гумілеўскі.

1992. Б.​Ф.​Герлаван.

1994. П.​В.​Масленікаў.

1995. М.​В.​Данцыг.

1997. Г Г.​Паплаўскі.

1999. Р.​У.​Кудрэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),

найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.​Бажыкоўскі, В.​Немаёўскі, Т.​Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.​Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.​Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.​Гажкоўскі, Я.​Тысоўскі, А.​Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац. к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ ВІН, У Не Він,

Шу Маўн (24.5.1911, Паўнгда, М’янма),

ваенны і дзярж. дзеяч М’янмы. Вучыўся ў Янгонскім ун-це. Чл. патрыят. арг-цыі Дабама асіаён. Паплечнік Аун Сана, у 1940—41 разам з ім прайшоў ваен. падрыхтоўку ў яп. арміі і служыў у створаных японцамі Арміі незалежнасці М’янмы і Арміі абароны М’янмы. З 1944 у кіраўніцтве Антыфашысцкай лігі народнай свабоды, у 1945 адзін з кіраўнікоў антыяп. паўстання. У 1950—72 нач. Ген. штаба і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі М’янмы, у 1958—72 міністр абароны. У 1958—60 прэм’ер-міністр М’янмы. 2.3.1962 здзейсніў дзярж. пераварот, у 1962—74 кіраўнік Рэв. савета, у 1974—81 прэзідэнт краіны. У 1971—88 старшыня Выканкома Партыі Бірманскай сацыяліст. праграмы. Курс Н.В. на сацыяліст. пераўтварэнні і эканам. аўтаркію аказаўся беспаспяховым. Пад націскам масавых нар. выступленняў у ліп. 1988 падаў у адстаўку з усіх пасад.

Літ.:

Листопадов Н.А. У Не Вин // Вопр. истории. 1997. №11.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л. рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл. Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).

Літ.:

Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл. Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас. вял. князям, у т. л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.

Літ.:

К.​П.​Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),

паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.​Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (27.7.1877, г. Курск, Расія — 3.6.1960),

бел. гісторык і грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1940), д-р гіст. н. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1918 праф. Смаленскага ун-та, у 1918—21 Маскоўскага пед. ін-та. З 1922 праф. і заг. кафедры сярэдніх вякоў, з 1953 усеаг. гісторыі ў БДУ. Адначасова ў 1943—59 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі на канферэнцыі ААН у Сан-Францыска ў 1945, дзе быў падпісаны статут ААН. Аўтар прац па ўсеаг. гісторыі, гісторыі грамадскай думкі, гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1954; 2-е выд., 1961). Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—60.

Тв.:

Очерки новой истории (XVI—XIX вв.). 3 изд. 1918 (разам з А.​А.​Яфімавай);

Гогенцоллерны. М., 1918;

Экономическое развитие Англии в XIX в. Мн., 1924;

Очерк истории Германии XVIII в. Мн., 1959.

У.М.Перцаў.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТЭНАЎ ((Rathenau) Вальтэр) (29.9.1867, Берлін —24.6.1922),

германскі прамысловец, дзярж. дзеяч, публіцыст. Д-р фіз. н. (1889). Сын яўр. прамыслоўца Эміля Р. (1838—1915), які ў 1880-я г. засн. у Германіі Усеагульную эл. кампанію (УЭК). Вучыўся ў Страсбургскім і Берлінскім ун-тах (1886—89). У 1893—99 дырэктар т-ва «Электрахімічныя заводы» ў г. Бітэрфельд. З 1899 чл. праўлення, з 1915 старшыня назіральнага савета УЭК. У 1902—07 уладальнік Берлінскага гандл. т-ва. У 1914—15 кіраўнік аддзела сыравіны Ваен. мін-ва Прусіі. У 1921 міністр аднаўлення. Прыхільнік палітыкі выканання Германіяй умоў Версальскага мірнага дагавора 1919. З лют. 1922 міністр замежных спраў; у час Генуэзскай канферэнцыі 1922 разам з К.​А.​Віртам падпісаў Рапальскі дагавор 1922 з РСФСР. Аўтар сац. і культ.-філас. артыкулаў (друкаваўся з 1897) і кніг «Да крытыкі часу» (1912), «Да механікі духу» (1913), «Пра будучыя рэчы» (1917), «Новая гаспадарка» (1918). Забіты членамі антысеміцка-праваэкстрэмісцкай арг-цыі.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 12.9.1936, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1989), д-р фіз.-матэм. н. (1976), праф. (1981). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Сын С.​Ф.​Рубанава. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі). Адначасова з 1996 старшыня савета Бел. рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па лазернай фізіцы, кагерэнтнай оптыцы і галаграфіі. Распрацаваў фіз. асновы дынамічнай галаграфіі. Выявіў новую фіз. з’яву — абарачэнне хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцей рэчыва, узбуджэння гіпергуку. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1982.

Тв.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);

Тепловой режим твердотельных оптических кванговых генераторов. М., 1973 (разам з Б.​Р.​Беластоцкім);

Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.С.Рубанаў.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),

Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.

Старшыні: Л.​Д.​Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.​Я.​Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).

С.​А.​Фамін.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)