захліпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да захліпнуцца.
2. Сутаргава задыхацца пры моцным смеху, плачы, хуткай гаворцы і пад. Аксана захліпалася ад нястрымнага рогату. Пянкрат. — Нявестачка, родненькая мая.. Як я рады, — аж захліпаецца словамі бацька і цалуе.. Іру. Сабаленка. // перан. Утвараць частыя пералівістыя гукі; залівацца, захлёбвацца. На вечарынцы захліпаўся гармонік. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дро́вы, дроў, дрывам; адз. няма.
Распілаваныя і паколатыя дрэвы, пасечанае галлё, якія ідуць на паліва. Яловыя дровы. Сухія дровы. Секчы дровы. □ Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Лынькоў. Дровы.. разгарэліся добра, аж грубка гула. Сабаленка.
•••
Наламаць дроў гл. наламаць.
Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наві́ць, наўю, наўеш, наўе; наўём, наўяце; пр. навіў, ‑віла, ‑ло; заг. наві; зак., што і чаго.
1. Наматаць, накруціць на што‑н. Навіць ніткі на шпульку.
2. Звіваючы, сплятаючы, нарыхтаваць у нейкай колькасці. [Галя:] — Я чула, што вы вяроўкі добрыя віць умееце? [Яўсей:] — Чаму ж не ўмею. [Галя:] — Дык от наўяце нам пастронкаў, лейцаў, вяровак. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́крыўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.
Тое, чым накрыта зверху што‑н. Накрыўка каструлі. Накрыўка люка. □ Трошкі ўзбоч ад фабрыкі мясціўся старэнькі цвікавы завод. Яго можна было адрозніць па жалезнай з накрыўкай трубе. Сабаленка. Вогнішча абстаўлена чыгункамі, варэйкамі і кацялкамі, у якіх булькоча і, прыўзнімаючы накрыўкі, пускае пару страва. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насто́йка, ‑і, ДМ ‑стойцы; Р мн. ‑стоек; ж.
1. Спіртны напітак, настоены на ягадах або травах. Паставіць настойку. Вішнёвая настойка. □ Перакуліўшы добры келіх .. настойкі і смачна закусіўшы грыбамі, Сабастыян быў цяпер у тым добрым настроі, калі хочацца чалавеку марыць. Сабаленка.
2. Тое, што і настой (у 1 знач.). Ёдная настойка. Валяр’янавая настойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак., што і чаго.
Нарабіць чаго‑н. непажаданага, дрэннага, заганнага. — Што ты.. натварыў! — не адказваючы на прывітанне, накінулася Насця на хлопца. Мележ. Здаецца, што ўсе людзі глядзяць на мяне, нават паказваюць пальцамі, быццам ведаюць, чаго я ўчора натварыў. Сабаленка. Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́це, часціца.
1. Тое, што і на 2 (у 1 знач.), толькі пры ветлівым звароце або звароце да многіх. [Карэспандэнт:] — Вось наце, прачытайце, я напісаў апавяданне. Сабаленка. [Родны:] Наце вам і мае гранаты. Бывайце, таварыш лейтэнант! Крапіва.
2. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, гневу і пад. Наце ж вам, такое здарэнне ў такі позні час!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нача́льства, ‑а, н.
1. зб. Начальнікі. Аднойчы ў другой палове дня ў вёску прымчалася поўная машына начальства. Федасеенка.
2. Разм. Начальнік. Дзяжурны рэгуліроўшчык, прыняўшы мяне за начальства, далажыў, што на пасту ўсё ў парадку. Сабаленка. Будзьце ласкавы, мілая, скажыце, хто тут у вас начальства і дзе яго знайсці? — пачціва звярнуўся да [маладой жанчыны] Пракоп. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нетутэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Які не нарадзіўся або не жыве ў гэтай мясцовасці; прыезджы. Арандаваць зямлю папрыязджалі нетутэйшыя людзі. Чорны. // Які не адносіцца да гэтай мясцовасці; чужы. Неўзабаве Руневіч заўважыў у натоўпе.. дзіўнага ягамосця ў цывільнай нетутэйшай вопратцы. Брыль. Як і сам чалавек, гэтак і яго песня была нетутэйшая і незразумелая нам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нітава́цца, ‑туецца; незак.
1. Злучацца нітамі 1.
2. перан. Злучацца, сплятацца; звязвацца. І песня шчасця чуецца Між сёл і гарадоў, А з песняй той нітуецца Геройства і любоў. Кляшторны. І ўночы Галі не далі спакою думкі: яны нітаваліся адна з адною, і ўсё больш думалася пра Стася. Сабаленка.
3. Зал. да нітаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)