ЖО́ЛУДЗЕЎ (Віктар Рыгоравіч) (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах, Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.

В.Р.Жолудзеў.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЯ́ЦІН (Мікалай Мітрафанавіч) (18.5.1900, г. Ліпецк, Расія — 12.7.1965),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р с.-г. н. (1937), праф. (1935). Скончыў Петраградскі вет.-зоатэхн. ін-т (1923). З 1946 заг. аддзела Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1949 заг. кафедры БСГА, з 1959 — Гродзенскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні канстытуцыі с.-г. жывёл і падборы іх паводле прынцыпу стымулявання развіцця патомства, узроставага і палавога падбору. Адзін з аўтараў пароднай групы бел. чорна-пярэстых свіней.

М.М.Замяцін.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Георгій Няфёдавіч) (24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Іван Антонавіч) (18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДАЎ (Віктар Міхайлавіч) (19.4.1925, с. Адскочнае Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1999),

бел. вучоны ў галіне агульнай гігіены. Д-р мед. н. (1977), праф. (1978). Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1954). З 1960 у Гродзенскім мед. ін-це (да 1994 заг. кафедры). Навук. працы па гігіене працы і харчавання, вітаміналогіі, ахове навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Заболеваемость рабочих азотнотукового производства // Гигиена труда и охрана здоровья населения. Мн., 1974;

Гигиенические аспекты охраны атмосферного воздуха современного крупного города (у сааўт.) // Медико-биологические и гигиенические аспекты охраны воздушной среды. Мн., 1986.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН (Цімафей Георгіевіч) (н. 19.1.1918, с. Мармыжы Льгоўскага р-на Курскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н., праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Маскоўскую вет. акадэмію (1948). З 1952 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1970—90 заг. кафедры). Навук. працы па гельмінтозах с.-г. жывёл і мерах барацьбы з імі.

Тв.:

Осложнения у животных при противопаразитарных обработках. Мн., 1984 (разам з А.​А.​Шаўцовым);

Личиночные цестодозы животных. Мн., 1989 (разам з М.​П.​Карасёвым, М.​К.​Сляпнёвым).

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЕРАЎ (Уладзіслаў Аляксандравіч) (11.10.1769, с. Боркі Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 17.9.1816),

рускі драматург. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1787). Друкаваўся з 1794 (вершы, вольныя пераклады). Першая п’еса — трагедыя «Яраполк і Алег» (1798). У вершаваных трагедыях «Эдып у Афінах» (1804), «Фінгал» (1805), «Дзмітрый Данскі» (паст. 1807), «Паліксена» (1809) спалучэнне рыс класіцызму і сентыменталізму. П’есы О. садзейнічалі фарміраванню рус. нац. школы акцёрскай ігры.

Тв.:

Трагедии. Стихотворения. 2 изд. Л., 1960.

Літ.:

Вяземский П.А. О жизни и сочинениях В.​А.​Озерова // Соч. М., 1982. Т. 2;

Гордин М.А. Владислав Озеров. СПб., 1991.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Віктар Ціханавіч) (н. 9.8.1944, г. Растоў-на-Доне, Расія),

адзін са стваральнікаў сістэмы нац. ваен. адукацыі на Беларусі. Ген.-маёр (1989). Дац. (1995). Скончыў Ваенна-камандную акадэмію ППА імя Г.​К.​Жукава (1978). З 1982 камандзір дывізіі, корпуса ППА. У 1991—94 нач. Мінскага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча ППА, з 1995 нам. нач. Ваен. акадэміі Беларусі. У 1997—99 нам. гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар артыкулаў па праблемах рэфармавання Ўзбр. Сіл Беларусі і дапаможнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў ППА.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖАЗІ́НСКІ ((Porzeziński) Ян Віктар) (4.8.1870, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 12.3.1929),

расійскі і польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892). У 1901—21 праф. Маскоўскага, у 1922—29 Люблінскага і Варшаўскага ун-таў. Вучань П.Ф.Фартунатава. Вывучаў слав. мовы. Асн. працы ў галіне гісторыі і дыялекталогіі балт. моў. Аўтар прац «Уводзіны ў мовазнаўства» (1907), «Нарыс параўнальнай фанетыцы старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1912), «Параўнальная марфалогія старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1916), «Уводзіны ў індаеўрапейскае мовазнаўства» (1929) і інш.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЫ́НІН (Фёдар Пятровіч) (20.10.1906, с. Сухі Астрог Балакоўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 21.11.1981),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген-палк. авіяцыі (1946), Герой Сав. Саюза (1938). Скончыў Аб’яднаную і Арэнбургскую школы лётчыкаў (1929, 1931), курсы ўдасканалення нач. саставу пры Ваенна-паветр. акадэміі (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1955). Вызначыўся ў яп.-кіт. вайне 1937—38. У Вял. Айч. вайну з 1943 камандуючы 6-й паветр. арміяй, якая ўдзельнічала ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1944—47 у Войску Польскім, потым на камандных пасадах у ВПС.

т. 12, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)