ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял. Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл. Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц. т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я,

вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.

Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.​Г.​Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Іванаўна) (н. 7.2.1928, Казань),

расійскі антраполаг. Д-р гіст. н. (1969), акад. Рас. АН (1992). Скончыла Маскоўскі ун-т (1951). Працуе ў НДІ антрапалогіі імя Дз.​М.​Анучына. Распрацавала комплексную праграму морфафізіял. даследаванняў у антрапалогіі, па ёй вывучала насельніцтва розных рэгіёнаў Усх. Еўропы. Даследавала краніялагічныя серыі ўсх. славян 11—15 ст. у параўнанні з матэрыяламі пахаванняў зах. і паўд. славян, балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў.

Тв.:

Этногенез восточных славян по данным антропологии. М., 1973;

Географическая среда и биология человека. М., 1977;

Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙГУ́НСКІ ДАГАВО́Р 1858.

Падпісаны паміж Расіяй і Кітаем 28.5.1858 у г. Айгунь (цяпер г. Хэйхэ, Кітай) у выніку мірных перагавораў. Устанаўліваў мяжу па р. Амур. Да Расіі пераходзіў левы бераг Амура ад р. Аргунь да вусця; правы бераг Амура да р. Усуры заставаўся за Кітаем. Тэр. паміж р. Усуры і Японскім м. абвяшчалася агульным уладаннем Расіі і Кітая. У выніку Расіі вернута тэрыторыя, якая паводле Нерчынскага дагавора 1689 адыходзіла да Цынскай імперыі. Плаванне па рэках Амур, Сунгары і Усуры дазвалялася толькі рас. і кіт. суднам. Канчаткова мяжа паміж Расіяй і Кітаем зацверджана Пекінскім дагаворам 1860.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЯЦІ́МСКІ (Марк Аляксандравіч) (24.4.1886, г. Слуцк — 10.11.1938),

бел. паліт. дзеяч. Да 1918 у Рас. партыі эсэраў. У 1919—20 чл. ЦК Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у 1919—24 старшыня яе Слуцкага к-та, чл. культ.-асв. т-ва «Папараць-кветка» ў Слуцку. У 1920 чл. Бел. рады Случчыны, узначальваў вярбовачны пункт Бел. Вайск. камісіі ў Слуцку. У 1919 і 1921 быў арыштаваны ВЧК. У 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1930-я г. працаваў эканамістам Гомельскага тлушчакамбіната. 11.2.1938 арыштаваны, 1.11.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 13.7.1960.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЭКАНО́МІЯ, Берасцейскае староства,

феад. каралеўская гаспадарка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1598 з дзярж. маёнткаў, даходы якіх ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара, у т. л. мястэчак Дзівін, Ламазы, Пяшчатка, Воін, Мілейчыцы. У 16—17 ст. была асобнай адм.-гасп. адзінкай, маёнткі яе здаваліся ў арэнду. У пач. 18 ст. аб’яднана з Кобрынскай эканоміяй. У 1783 у Берасцейскай эканоміі 45 ключоў, 8 гарадоў, 223 вёскі, 5745 валок зямлі (1 валока — 21,36 га), нас. 47 тыс. чал., уключала таксама Белавежскую пушчу. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1795) землі Берасцейскай эканоміі ўрад падараваў ці прадаў прыватным асобам.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОСЦЬ,

буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́НДЭРЭР (Wunderer) Іаган Давід, нямецкі падарожнік 16 ст., пастар. Вучыўся ў Страсбуры і Ростаку. У 1590 з Ростака праз Кёнігсберг прыбыў у ВКЛ, наведаў Крожы, Вільню, потым Пскоў, Рыгу. У дзённіку падарожжа, які пазней дапоўніў звесткамі з літ. крыніц, даў апісанне Літвы, храмаў, народаў, якія насялялі Вільню, дамоў і крамля ў Пскове, рэшткаў язычніцкага свяцілішча каля горада, побыту рас. войска, манет, гандлю. Дзённік упершыню надрукаваны ў 1812 у Германіі.

Тв.:

Рус. пер. — Иоанна Давида Вундерера путешествия в Данию, Россию и Швецию в 1589 и 1590 гг. // Чтения в О-ве истории и древностей Российских. 1863. Кн. 2.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ (Георгій Нарбертавіч) (23.2.1860, Масква — 5.4.1907),

рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.​І.​Мечнікава, Р.​Коха, П.П.​Э.​Ру, П.​Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук. працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксама вытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял. ін-т Маскоўскага ун-та.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)