ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць спецыялізаваных галін прам-сці, якія вырабляюць прадметы масавага ўжытку: тканіны, трыкатаж, дываны, швейныя, футравыя, галантарэйныя вырабы, абутак, тэхн. тканіны, а таксама сыравіну і зыходны матэрыял для ўласных і інш. галін прам-сці. Выкарыстоўвае сыравіну расліннага (бавоўна, лён, кенаф, каноплі, джут і інш.), жывёльнага (воўна, скуры, футра, шоўк) і хім. (штучныя і сінт. валокны, штучная скура) паходжання. Аб’ядноўвае 19 галін прам-сці і 30 вытворчасцей.

Асн. галіны Л.п.: тэкстыльная (баваўняная, ільняная, шарсцяная, шаўковая, трыкатажная), швейная, гарбарная, абутковая, футравая, скурна-галантарэйная і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Ручны выраб тканін, апрацоўка скур і пашыў абутку ўзніклі ў Індыі, Кітаі і Егіпце задоўга да нашай эры. Як галіна фабрычнай індустрыі склалася ў 2-й пал. 18 ст. Цяпер Л.п. з’яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі развітых краін свету і краін, што сталі на шлях развіцця У 1996 ва ўсім свеце было выраблена 53 893 км² баваўняных і 1182 км² суконных тканін, пашыта 3672 млн. пар абутку (без гумавага). Сярод буйнейшых краін па вытв-сці баваўняных тканін у свеце вылучаюцца Кітай, Індыя, ЗША, Японія, Італія, суконных — Італія, Кітай, Японія, Індыя, ЗША, шаўковых — ЗША, Рэспубліка Карэя, Японія, Індыя, Кітай, абутку — Кітай, Індыя, ЗША, Францыя, Італія. Каля 50% бавоўны-валакна вырабляецца ў Азіі (Кітай, Індыя, Пакістан і інш.), больш за 25% — у Паўн. Амерыцы (ЗША, Мексіка), 33% паставах воўны прыпадае на долю Аўстраліі і Новай Зеландыі, каля 23% — на долю Азіі (Кігай, Індыя, Пакістан, Турцыя і інш.).

На Беларусі ручное ткацтва, выраб сукна, скур, пашыў абутку, швейных вырабаў вядомы здаўна. Першыя прадпрыемствы ўзніклі ў 1730-я г. (выраблялі сукно, паясы, панчохі і інш.). Як фабрычна-заводская Л.п. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Цяпер Л.п. адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. На яе долю ў 1997 прыпадала 8,5% усёй прамысл. прадукцыі і 14,9% занятых у прам-сці. Развіты ўсе важнейшыя галіны Л.п.: тэкстыльная, швейная, гарбарная, абутковая, футравая і інш. У 1997 працавалі 463 прадпрыемствы Л.п. Вытв-сць тканін склала 259 млн. м², у т. л. баваўняных — 47 млн. м², суконных — 9 млн. м², ільняных — 45 млн. м², шаўковых — 67 млн. м². Выпушчана 67 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 44 млн. штук трыкат. вырабаў, пашыта 15,6 млн. пар абутку. Буйнейшыя прадпрыемствы Л.п.: Мінскі камвольны камбінат, Мінская гарбарная фабрыка, Мінская скургалантарэйная фабрыка, Мінскае абутковае аб’яднанне «Прамень», швейная ф-ка трыкат. вырабаў у Мінску «Мілавіца», Аршанскі льнокамбінат, Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ», дывановы камбінат у Віцебску («Віцебскія дываны»), Віцебская гандлёва-прамысловая фірма «Футра», беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці абутку ў Віцебску («Белвест»), Брэсцкі панчошны камбінат, дывановы камбінат у Брэсце («Дываны Брэста»), Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Пінскае прамысл.-гандл. прадпрыемства «Дынама», Бабруйскі скураны камбінат, Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Калінка», Жлобінская фабрыка штучнага футра і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),

агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.​Бекета, В.​Вулф, Г.​Гесэ, Дж.​Джойса, Э.​Іанеска, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Д.​Г.​Лорэнса, М.​Пруста, Ж.​П.​Сартра, Т.​С.​Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.​Далі, О.​Дзікс, Р.​Дэланэ, В.​Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.​Купка, М.​Ларыёнаў, А.​Матыс, П.​Пікасо, Дж.​Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.​Рэгер, Г.​Малер, Р.​Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.​Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.

На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.​Купалы, Ядвігіна Ш., В.​Ластоўскага, А.​Луцкевіча, Ф.​Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац. б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.​Шагала, К.​Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».

Літ.:

Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава (літаратура).

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.​А.​Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца, зак.

1. каму. Аддаць сябе ва ўладу пераможцы; здацца. [Камісар:] — Расстраляйце мяне, Толькі ворагу я не аддамся. Глебка. // на што. Аддаць сябе ў чыё‑н. распараджэнне; даверыцца чыёй‑н. упадзе. Кастусь Прыбыткоўскі аддаўся на чужую волю. Чорны. Відаць, хацеў [Андрэй] быць галавой сям’і, — разважала Марына, — ды ўбачыў, што з гэтага нічога не выходзіць. Аддаўся на маю ўладу. Так даўно трэба было зрабіць... Шахавец. // Уступіць у палавую сувязь (пра жанчыну). Алімпа верыла Валодзю, як верыла самой сабе, і таму.. аддалася яму. Сабаленка.

2. каму-чаму. Цалкам прысвяціць сябе чаму‑н. (працы, вучобе, сям’і і пад.). Нельга.. кінуць агульнае справы і аддацца пытанням прыватнага жыцця. Гартны. Коля з усім уласцівым яму захапленнем аддаўся новай рабоце. Якімовіч. // Захапіцца чым‑н., паглыбіцца ў што‑н. (думкі, мары, пачуцці і пад.). Аддацца ўспамінам. □ Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Бядуля. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і.. суцішыўся — аддаўся журбоце. Быкаў.

3. чым. Адазвацца, адбіцца (пра гукі). Грукат і перастук.. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. // Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё; адазвацца як‑н. Моцны стук над галавою аддаўся вострым болем у вушах і ў галаве. Кулакоўскі.

4. безас. Будзе аддадзена, заплачана. Некалі аддасца.

5. Перастаць злавацца, упарціцца; здацца. Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе.. яго выкрунтасы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свядо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва свядомасць (у 2 знач.). Чалавек — істота свядомая.

2. Звязаны з развіццём свядомасці (у 2 знач.); разумны, асэнсаваны. Вялікі Кастрычнік узняў шырокія працоўныя масы да свядомага палітычнага жыцця, да будаўніцтва новай, сацыялістычнай культуры. Хведаровіч. Усё сваё свядомае жыццё, звыш 50 год, таварыш Калінін прысвяціў рэвалюцыйнай барацьбе за інтарэсы рабочых і сялян. «Беларусь». [Яругін], семнаццацігадовы чалавек, можа, першы раз у свядомым жыцці сваім нароўні з дарослымі дзяліў такую бяду, і адчуванне гэтай роўнасць з іншымі абвастрала суровую рэальнасць навакольнага свету. Карамазаў. // Які прытрымліваецца сістэмы пэўных поглядаў. Свядомы матэрыяліст. Свядомы марксіст. □ Скарына з’явіўся свядомым выразнікам сацыяльна-палітычных імкненняў перадавых слаёў беларускага народа да яднання з брацкімі народамі Расіі і Украіны. Алексютовіч.

3. Здольны мысліць і разважаць; перакананы ў правільнасці сваіх поглядаў, дзеянняў. Свядомы рабочы не толькі выканае, але і перавыканае гэтую норму. Лынькоў. [Чарнавус:] Я цешыўся, як.. [дачка] расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам. Крапіва. Былі і такія [настаўнікі], што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі. Колас. // Які вызначаецца свядомасцю, звязаны са свядомасцю. Свядомая дысцыпліна. □ Нішто так не ўзвышае асобу, як актыўная жыццёвая пазіцыя, свядомыя адносіны да грамадскага абавязку. «Звязда».

4. Які дзейнічае, наступае наўмысна, знарок. [Кісель:] — Нібы мы наўмысля так зрабілі, нібы мы свядомыя неахайнікі? Паслядовіч. // Зроблены з пэўным намерам, наўмысна. Гэта [выказванне Галынскага] было ўжо зусім свядомым выпадам супраць Пілацеева. Галавач. Месцамі аўтар «Хронікі Быхаўца» зрабіў свядомую перагрупоўку матэрыялу. Чамярыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЫСТО́ЦЕЛЬ (Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.

Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.​Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.​Будны, Л.​Зізаній, А.​Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.​Скарульскі, С.​Шадурскі, Б.​Дабшэвіч, К.​Нарбут).

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—4. М., 1976—83;

Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;

Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;

Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.

Г.​У.​Грушавы.

Арыстоцель.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,

палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.​Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.​Мілошавіч) і Харватыі (Ф.​Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)