раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-я г. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл.Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл.Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н ТЭО́РЫЯ,
навука пра агульныя метады даследавання і праектавання механізмаў і машын. Уключае структурны, кінематычны і дынамічны аналіз механізмаў і машын (тых, што існуюць) і сінтэз механізмаў (праектаванне новых механізмаў для ажыццяўлення зададзеных рухаў); дынаміку механізмаў і машын, кінематыку механізмаў, кінетастатыку механізмаў з ёю звязаны дэталі машын (як навук. дысцыпліна), матэрыялазнаўства, навука пра надзейнасцьтэхн. сістэм і інш. Займаецца таксама праектаваннем сістэм кіравання машын-аўтаматаў (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), даследаваннем і праектаваннем маніпулятараў і прамысл.робатаў.
Сфарміравалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам патрэб машынабудавання. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Ж.В.Панселе і Г.Г.Карыяліс (Францыя), Ф.Рэло, О.Мор і Л.Бурместэр (Германія), Р.Віліс (Вялікабрытанія), Дж.Бенафіт (ЗША), П.Л.Чабышоў, М.Я.Жукоўскі, М.І.Мярцалаў, І.І.Артабалеўскі, М.Р.Бруевіч (Расія) і інш.
Літ.:
Теория машин и механизмов. М., 1976;
Левитская О.Н., Левитский Н.И. Курс теории механизмов и машин. 2 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРЫ́Т,
запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн.метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. хімік-арганік.
Чл.-кар. Нац.АН Беларусі (2000), д-рхім.н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.
Тв.:
Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.В.Кабердзіным);
Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.В.Кабердзіным, В.А.Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;
Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУВА́ЕЎ (Рыгор Аляксеевіч) (23.8.1895, Масква — 12.2.1989),
расійскі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1927 у Ін-це высокага ціску АНСССР, адначасова ў Ленінградскім тэхнал. ін-це. З 1946 у Горкаўскім ун-це, адначасова ў 1956—62 дырэктар НДІ хіміі пры гэтым ун-це. З 1963 дырэктар-арганізатар Лабараторыі стабілізацыі палімераў, у 1969—88 дырэктар Ін-та хіміі АНСССР (г. Горкі). Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, арган. пераксідаў, радыкальных рэакцый. Адкрыў спосаб генерыравання свабодных аліфатычных радыкалаў раскладаннем металаалкілаў (1931—35, разам з М.М.Катонам), рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Ю.А.Альдэкопам, М.А.Майерам), прамую рэакцыю свабодных радыкалаў з ртуццю. Распрацаваў метады сінтэзу новых тыпаў металаарган. злучэнняў.
Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1971, 1985.
Тв.:
Металлоорганические соединения в электронике. М., 1972 (у сааўт.).
Літ.:
Воспоминания об академике Г.А.Разуваеве. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перадавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей.Васілёнак.
2.перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука.// Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых.Грахоўскі.// Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк.// Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.
3.узнач.наз.перадава́я, ‑ой, ж.Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую.Шахавец.Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой.Мележ.
•••
Перадавы артыкулгл. артыкул.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
энерге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.
1. Галіна народнай гаспадаркі, якая ўключае энергетычныя рэсурсы, выпрацоўку, пераўтварэнне, перадачу і выкарыстанне розных відаў энергіі. Развіццё энергетыкі. □ Разам з моладдзю іншых нацыянальнасцей юнакі і дзяўчаты нашай рэспублікі актыўна працуюць на будоўлях важнейшых прадпрыемстваў прамысловасці і энергетыкі краіны.«Маладосць».// Галіна тэхнікі, якая занята выпрацоўкай, пераўтварэннем, перадачай, размеркаваннем і выкарыстаннем энергіі ў розных яе формах. Энергетыка сельскай гаспадаркі. Энергетыка прамысловасці.// Вучэнне аб выкарыстанні ў народнай гаспадарцы розных відаў энергіі. Курс энергетыкі.// Тэхнічнае аснашчэнне, якое выкарыстоўваецца для выпрацоўкі, пераўтварэння, перадачы, размеркавання і выкарыстання энергіі ў розных яе формах. Перасоўная энергетыка.
2.Спец. Прынцып дзеяння, механізм чаго‑н. Энергетыка клеткі.
•••
Ядзерная энергетыка — а) галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для электрыфікацыі і цеплафікацыі; б) галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядзернай энергіі ў электрычную і цеплавую.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНКАЛО́ГІЯ (ад грэч. onkos пухліна + ...логія),
галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.
Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.А.Навінскі, М.М.Руднеў, ням. Р.Вірхаў, П.Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.М.Пятроў, П.А.Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.Ямагіва і К.Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.А.Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.
На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.М.Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.С.Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.А.Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.З.Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.Р.Жакаў, Г.У.Мураўская), хіміятэрапіі (Э.А.Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.А.Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.А.Машэўскі), анкагінекалогіі (К.Я.Вішнеўская), анкауралогіі (А.С.Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.М.Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.В.Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.М.Мураўёў, Л.Б.Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.В.Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).
Літ.:
Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;
Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;
Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУЧА́ННЕ,
мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзены гал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл.Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш.навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл.Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.
Літ.:
Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;
Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),
геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.
Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метадыабс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метадыабс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб.стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.
На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (14C) метадам (Л.М.Вазнячук, А.І.Зімянкоў, І.Л.Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс.г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн.г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн.г. назад.
Літ.:
Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;
Шкала геологического времени: Пер. с англ.М., 1985;
Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.