месца ўпадзення ракі ў мора, возера, інш. раку, а таксама месца, да якога даходзіць вадацёк. Адрозніваюць вусці: простыя, калі рэчышча не падзяляецца на рукавы і захоўваецца яго шырыня (р. Тыбр); дэльты (р. Ніл); эстуарыі (р. Тэмза); ліманныя (р.Паўд. Буг); вісячыя (у гарах); сляпыя, калі рака не даходзіць да вадаёма ці інш. ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДА́Р ((Godard) Жан Люк) (н. 3.12.1930, Парыж),
французскі кінарэжысёр. Адзін з вядучых прадстаўнікоў «новай хвалі». Яго творчай манеры ўласцівы своеасаблівы і востры стыль кінаапавядання, выражаны ў рытмічна-імпульсіўным мантажы, частым выкарыстанні ручной камеры, у нетрадыцыйнай лексіцы дыялогаў. Сярод фільмаў: «На апошнім дыханні» (1960), «Жыць сваім жыццём» (1962), «Шалёны П’еро» (1965), «Уікэнд» (1967), «Імя Кармэн» (1983), «Германія, дзевяць нуль» (1991), «Назаўсёды Моцарт» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі нябесная рака, якая спусцілася на зямлю, увасабленне інд.р.Ганг. Калі Ганга падала з неба, яе прыняў на сваю галаву Шыва (каб не разбурала цяжарам зямлю), а з яго галавы рака сцякала ўніз ужо сямю патокамі. Шануецца індусамі як свяшчэнная, яе воды быццам бы ачышчаюць ад грахоў, збаўляюць ад хвароб. Гал. цэнтры паломніцтва — Хардвар, Алахабад, Варанасі, Сагар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Гверына (17.1.1624, г. Мадэна, Італія — 6.3.1683), італьянскі архітэктар. Працаваў у Рыме, Мадэне, Месіне, Парыжы, з 1666 у Турыне. У яго пабудовах адлюстравана дынаміка позняга барока, складаны матэм. разлік спалучаецца з містычнай ірацыянальнасцю арх. вобразаў, напружанасцю формаў, вычварнасцю крывалінейных планаў: царква Сан-Ларэнца (1668—87) і Палацца Карыньяна (1679—83) у Турыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЫНАМІ́Я (ад гіпа... + грэч. dynamis сіла),
зніжэнне мышачных намаганняў, што трацяцца на ўтрыманне позы, перамяшчэнне цела ў прасторы, фіз. работу. Прычыны гіпадынаміі: маларухомы спосаб жыцця, імабілізацыя, працяглы пасцельны рэжым, знаходжанне ва ўмовах бязважкасці, касм. станцый. Пры гіпадынаміі развіваюцца функцыян. і марфал. змены (парушаецца рэактыўнасць арганізма, паніжаецца яго ўстойлівасць да інфекцый і перагрузак, фіз. працаздольнасць, аб’ём цыркулявальнай крыві, мазгавы кровазварот і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1940—41, 1944. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-га кл.агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэматычнае. У Вял.Айч. вайну абсталяванне і б-ка ін-та знішчаны. Аднавіў работу ў 1944. На яго базе створаны Гродзенскі пед.ін-т (1944—78) пераўтвораны ў Гродзенскі універсітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАВЫ́ ЦІСК,
дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл.Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГАТА́Й, Чагатай (7—1242),
мангольскі хан. Другі сын Чынгісхана, удзельнік большасці яго заваёўніцкіх паходаў. Пасля падзелу бацькам заваяваных зямель паміж сынамі (1224) Дж. атрымаў сярэднеазіяцкія вобласці ад Алмалыка да Амудар’і і Сырдар’і [гл.Джагатайскі (Чагатайскі) улус]. Стаўка Дж. знаходзілася ў даліне р. Ілі. У манг. дзяржаве Дж. быў лепшы знаўца манг. звычаёвага права, на сваіх землях патрабаваў строгага выканання манг. законаў.