АЛУЛАНО́З,

гельмінтозная хвароба жывёл, узбуджальнікі якой дробныя нематоды (Ollulanus tricuspis, O. skrjabini, O. andarica, O. suis). Шырока распаўсюджана, вывучана недастаткова. Характарызуецца пашкоджаннем страўніка. Нематоды паразітуюць у прасвеце і тоўшчы слізістай абалонкі страўніка, вывадных пратоках яго залоз, радзей у 12-перснай кішцы і інш. месцах. Хварэюць пераважна дарослыя свінні. Хворай жывёліне ўласцівы дрэнны апетыт, ірвота, паносы, яна паступова худнее, часам гіне. Лячэнне тэрапеўтычнае; хворых жывёл дэгельмінтызуюць.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЯ́НС САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ, Міжнародны альянс сацыялістычнай дэмакратыі,

анархічная арг-цыя, створаная ў 1868 у Жэневе М.А.Бакуніным, Ж.​Рэклю, А.​Рышарам і інш. У 1869 фармальна распушчаны, але фактычна працягваў дзейнасць у складзе 1-га Інтэрнацыянала як Жэнеўская секцыя (пад назвай альянс сацыялістычнай дэмакратыі — Цэнтр. секцыя). Члены альянсу сацыялістычнай дэмакратыі не прызналі выключэння Бакуніна і яго прыхільнікаў з Інтэрнацыянала (1872) і да 1877 працягвалі збіраць уласныя міжнар. кангрэсы.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР III (Alexander; свецкае Раланда Бандынелі; Rolando Bandinelli; ? — 30.8.1181),

папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.​Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета

(каля 588 — каля 525 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́НСКІ (сапр. Пінчук) Андрэй Дзмітрыевіч

(13.12.1897, г.п. Лоеў — 14.8.1979),

бел. тэрапеўт. Д-р мед. н. (1943), праф. (1945). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Кіеўскі ун-т (1927). З 1937 у Кіеўскім стаматалагічным ін-це, у 1949—70 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Працы па даследаванні вянознага ціску і яго ролі ў клініцы сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тв.:

Спутник терапевта. Т. 1—[2]. Мн., 1959—64.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКА (Арэшка) Фларыян

(Фларэнцій) Феліксавіч (1833, Кобрынскі пав. — 1905),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ажэшкаў. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Уваходзіў у Кобрынскую паўстанцкую арг-цыю. У крас. 1863 уступіў у атрад Р.Траўгута, удзельнічаў у баях. Пасля разгрому атрада спрабаваў яго аднавіць. 5.7.1863 арыштаваны. У 1864 сасланы ў Томск. З 1878 23 гады працаваў урачом томскай турмы, потым урачом духоўнай семінарыі.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. accretio прырошчванне),

павелічэнне памераў прыроднага цела за кошт паступлення рэчыва на яго паверхню. Адрозніваюць акрэцыю: планеты (кансалідацыя часцінак протапланетнага воблака ў масіўнае цела планеты), кантынента (разрастанне кантынента за кошт далучэння новых блокаў з кантынентальнай карой — тэрэйнаў або пераўтварэння акіянскай кары ў кантынентальную), літагенетычную (рост мінер. новаўтварэння з паверхні утварэнне канкрэцый), вулканічную (кансалідацыя лавы вакол зацвярдзелага ядра) і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А,

першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛА́КАВЫ,

расійскія альпіністы, браты. Віталь Міхайлавіч (13.1.1906, Масква — 26.5.1986), інжынер-канструктар, засл. майстар альпінізму (1934), засл. майстар спорту СССР (1943), засл. трэнер СССР (1961). Зрабіў першаўзыходжанне на пік Леніна (7134 м, Памір, 1934). Яўген Міхайлавіч (17.2.1907, Масква — 24.3.1948), скульптар, засл. майстар альпінізму (1934). Зрабіў першаўзыходжанне на вышэйшую вяршыню б. СССР — пік Камунізму (7495 м, Памір, 1933). Яго імем названа адна з вяршынь на Паміры.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.​Мальпігі і А.​Валіснеры, швейцарскія Ш.​Банэ і А.​Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)