ГАЛЕ́РА (італьян. galera),

драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст. былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.

Галера.

т. 4, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́НСКІ ((Gołoński) Анджэй) (24.11.1799, г. Улацлавак, Польшча — 1854),

польскі архітэктар. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (1853). Праф. (1838). Скончыў Варшаўскі ун-т (1828). Працаваў (пераважна ў Варшаве) у стылі позняга класіцызму, выкарыстоўваў таксама рэнесансавыя і гатычныя формы.

Сярод работ: царква Аляксандра Неўскага ў варшаўскай Цытадэлі (1835), касцёл у в. Яблонна (каля Варшавы), дамы Міткевіча, Натансона, уласны, дом і ф-ка Фрагета. Перабудаваў барочны касцёл піяраў у сабор св. Тройцы (1835—37), палац Урускіх (1844, цяпер Ін-т геаграфіі Варшаўскага ун-та), царкву ў павільёне палаца «На вадзе» ў Лазенках (1846), цэнтр. частку Гомельскага палаца (1852, з А.​Іджкоўскім).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНАЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Principal; Cordillera de los Andes),

назва водападзельнага хрыбта Чылійска-Аргенцінскіх Андаў паміж 31° і 39° паўд. шыраты. Выш. на Пн да 6960 м (г. Аканкагуа), на Пд ад 35° паўд. ш. да 4000 м. Складзена з мезазойскіх асадкавых і вулканічных парод. Шмат дзеючых вулканаў. Частыя землетрасенні. Увільгатненне хрыбтоў у цэлым павялічваецца з Пн на Пд. На Пн схілы ўкрыты ксерафітнымі хмызнякамі, у цэнтр. частцы — цвердалістымі лясамі, на Пд — вільготнымі вечназялёнымі лясамі (гемігілеямі), якія пераходзяць на ўсх. схілы. Часам Галоўнай Кардыльерай Андаў называюць усю Заходнюю Кардыльеру Андаў, а таксама адрэзак паміж 20°30 і 23° паўд. ш. (да вулкана Ліканкабур у Цэнтр. Андах).

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.​Амаліуса д’Алуа),

гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)∙4H2O. Прымесі Fe​3+, Cr​3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.

Галуазіт.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДШТЭ́ЙН (Элкано Маркавіч) (н. 28.3.1923, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1950). Працаваў у «Белдзяржпраекце» (1952—90). З 1990 узначальвае персанальныя творчыя майстэрні. Асн. работы ў Мінску: комплекс жылых дамоў па вул. Чырвонай (1952—53, у сааўт.), радыётэхнічны каледж (1956), Фундаментальная б-ка АН Беларусі (1967), Дом настаўніка (1976), комплексы вучылішча кінамеханікаў і мед. ін-та на праспекце газ. «Праўда» (абодва 1979, у сааўт.); а таксама эксперым. школы ў Салігорску (1966), Брэсце (1969), Мінску (1976); серыя тыпавых школ і дашкольных устаноў (1960—80); краязнаўчы музей у Касцюковічах, школа мастацтваў у Нароўлі (абодва 1989, у сааўт.) і інш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́Ж (франц. garage ад garer ставіць пад навес, схаваць),

памяшканне (або комплекс збудаванняў) для захоўвання, тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Адрозніваюць гаражы для грузавых, легкавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, а таксама мяшаныя. Гаражы бываюць наземныя, паўпадземныя і падземныя; адно- і шматпавярховыя, у т. л. гаражы-этажэркі (без абмежавальных сцен). Расстаноўка аўтамабіляў тупіковая і праматочная; адна- і шматрадная. Спец. гаражы выкарыстоўваюць для захоўвання трактароў і інш. самаходных машын.

Схема мнагаяруснага гаража (падоўжны разрэз і план першага паверха): 1 — рампы; 2 — мыйнае памяшканне; 3 — стаянкі аўтамабіляў; 4 — памяшканні для кліентаў; 5 — уезд; 6 — заправачныя калонкі; 7 — выезд; 8 — лесвіца; 9 — пасты тэхнічнага абслугоўвання.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЦКІ (Казімір Міхайлавіч) (н. 25.3.1936, в. Ахімкавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі малекул і іх спектраў (інфрачырвоных і камбінацыйнага рассеяння), а таксама па канфармацыйных ператварэннях палімераў.

Тв.:

Расчет производных высшего порядка в методах ССП МО ЛКАО (разам з А.​А.​Ахрэмам, Ю.​А.​Сакаловым) // Докл. АН СССР. 1977. Т. 236, № 4;

Теория интенсивности инфракрасных спектров многоатомных молекул в приближении МО ЛКАО // Там жа. 1984. Т. 279, № 2.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́НПІС»

(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),

незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.​Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.​Беліян (Германія, з 1993).

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАРАЎ (Валянцін Аляксеевіч) (н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф. ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл. гл. таксама ў арт. Гратэск.

Літ.:

Валентин Губарев: Живопись: [Каталог]. Мн., 1992.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Губараў. Русалка прэснаводная, звычайная. 1996.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),

італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл. АМ СССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.

Р.Гутуза. Аўтапартрэт. 1975.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)