ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 мм за год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАЛПАКСТА́Н, Рэспубліка Каракалпакстан,
у складзе Узбекістана. Пл. 164,9 тыс.км². Нас. 1428,9 тыс.чал. (1996), гарадскога 49%. Сярэдняя шчыльн. 8,7 чал. на 1 км². Найб. густа заселена даліна р. Амудар’я. Жывуць каракалпакі (32%), узбекі (33%), казахі (26%), рускія, туркмены, татары, карэйцы і інш. Сталіца — г.Нукус. Найб. гарады: Тахіяташ, Хаджэйлі, Муйнак, Кунград, Чымбай, Біруні і інш.
Прырода. Характарызуецца раўнінным рэльефам з невял. ўзвышшамі. На ПдУ і У — узгорыстая пустыня Кызылкум, на З — плато Усцюрт выш. да 292 м, паміж імі — даліна і дэльта Амудар’і. На Пн К. Аральскае м., якое з канца 1980-х г. аб’яўлена зонай экалагічнага бедства. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (граніт, мармур, вапнякі, мергель), фасфарыты, руды каляровых металаў, кухонная і глаўберава солі, тальк, графіт, прыродны газ, нафта. Клімат рэзка кантынентальны. Уплыў Аральскага м. нязначны. Лета сухое, гарачае, зіма халодная, бясснежная. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 26—28 °C. Ападкаў каля 110 мм за год. Гал. рака Амудар’я з’яўляецца асн. крыніцай для арашэння, буйной трансп. артэрыяй; багатая рыбай. Арашальныя каналы Кегейлі, Куанышджарма, Кызкеткен і інш. Невял. азёры, балоты. Глебы ў даліне і дэльце Амудар’і шэразёмна-лугавыя, такыравыя засоленыя, на плато Усцюрт шэра-бурыя пустынныя, такыры, саланчакі, у пустыні Кызылкум пясчаныя шэразёмы або голыя пяскі. У даліне Амудар’і тугайная расліннасць і зараснікі трыснягу, на Усцюрце — чорны саксаул, у Кызылкумах — палын, асака, ксерафільныя злакі, саксаул і інш. Запаведнік Бадай-Тугай.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі неаліту. Этнагенез каракалпакаў звязаны з плямёнамі, што насялялі дэльтавыя і стэпавыя вобласці Сырдар’і і Прыаралля. Як народнасць каракалпакі сфарміраваліся да 16 ст. У 17 — сярэдзіне 18 ст. займалі тэр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні Сырдар’і. Вялі паўкачавы спосаб жыцця, займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам і рыбалоўствам. Улада належала феад. -родавай знаці і мусульм. духавенству. Каракалпакі залежалі ад каз. ханаў. Пасля захопу іх тэрыторыі джунгарамі (1723) рассяліліся па Сярэдняй Азіі. Да 1811 Хівінскае ханства заваявала б. частку К., а яе насельніцтва перасяліла ў дэльту Амудар’і і абклала вял. падаткамі. Каракалпакі паўставалі супраць прыгнятальнікаў у 1827—28, 1855—56, 1858—59. Пасля паходу рас. войск на Хіву ў 1873 землі каракалпакаў на правым беразе Амудар’і далучаны да Рас. імперыі; створаны Амудар’інскі аддзел, які ў 1887 уключаны ў Сырдар’інскую вобл. Частка каракалпакаў, што жыла на левабярэжжы, пэўны час заставалася ў Хівінскім ханстве. Каракалпакі ўдзельнічалі ў рэв. выступленнях 1905—07 і Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. У снеж. 1917 устаноўлена сав. ўлада. З крас. 1918 К. у складзе Туркменскай АССР. Левабярэжная яе частка, якая заставалася ў Хівінскім ханстве, у крас. 1920 увайшла ў Харэзмскую нар.сав. рэспубліку. У ходзе нац.дзярж. размежавання каракалпакі аб’яднаны. У 1925 утворана Каракалпакская аўт. вобласць у складзе Каз. АССР, з 1930 — у РСФСР. У 1932 К. ператвораны ў Каракалпакскую АССР у складзе РСФСР, з 1936 — у складзе Узб. ССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце К. У ліст. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у студз. 1992 прынята назва Рэспубліка Каракалпакстан.
Гаспадарка. Прам-сць К. выкарыстоўвае пераважна мясц. сыравіну. Вядучая галіна — бавоўнаачышчальная (з-ды ў Хаджэйлі, Чымбаі, Турткуле, Кунградзе, Біруні, Мангіце). З ёй звязана алейная прам-сць, якая перапрацоўвае баваўнянае семя. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мясной, малочнай, пладова-кансервавай галінамі (прадпрыемствы ў Хаджэйлі, Нукусе, Чымбаі і інш.). Аснова электраэнергетыкі К. — Тахіяташская ДРЭС. Металаапр.прам-сць (судна-, матора- і аўтарамонтны з-ды) пашырана ў Хаджэйлі, Тахіяташы, Нукусе. З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная, шоўкаматальная, трыкат., швейная, дывановая. У Нукусе знаходзіцца адзіны ва Узбекістане юрта-лямцавы камбінат. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельныя, жалезабетонных канструкцый, домабуд., гранітна-мармуровы, мелавы з-ды). Нар. промыслы (разьба і размалёўка па ганчы, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні бавоўны (асн. галіна раслінаводства), рысу, шаўкаводстве і жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4,3 млн.га, з іх 90% пад пашай. Земляробства паліўное. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, бульбу, агародніну, бахчавыя культуры, люцэрну. Збор (тыс.т, 1995): бавоўніку — 288,2, рысу — 126,6, пшаніцы — 30,2, бульбы — 4,8, агародніны — 66,5, бахчавых — 42. Пладаводства. Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць авечак (у асноўным каракульскіх), коз, буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Вытв-сць (1995): мяса — 42,6 тыс.т, малака — 157,8 тыс.т, яец — 7,7 млн.шт. Вярблюдагадоўля. Шаўкаводства. Зверагадоўля (андатры, норкі, пясцы, нутрыі, серабрыста-чорныя лісы). Чыгунка Чарджоу—Кунград—Макат злучае К. з чыг. сеткай Сярэдняй Азіі, Казахстана і Расіі. Развіты аўтатранспарт. Гал. аўтадарога Бухара—Муйнак. Суднаходства па Амудар’і. Газаправоды Бухара—Урал і Сярэдняя Азія—Цэнтр.
Т.Л.Казакова (прырода, гаспадарка).
Да арт.Каракалпакстан. Адміністрацыйны будынак у г. Нукус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл.Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б.дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс.дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн.сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за 1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн.дзес. зямлі, з якіх ад 2/3 да 3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.
На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс.дзес.) складалі 1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля 1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс.дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасляКастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.
Літ.:
Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.М., 1958;
Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, які спалучае агульнадэмакр. ідэі і мэты з задачамі сац. і нац. вызвалення прыгнечаных народаў. Яго ідэйныя вытокі ў ідэалогіі Асветніцтва, якая была цесна звязана з рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. рухам за дасягненне паліт. самастойнасці, адраджэнне нац. самасвядомасці і культуры.
За ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народаў на аснове грамадскага дагавору, ажыццяўленне гуманіст. ідэалаў сац. справядлівасці, дэмакратыі і свабоды людзей выступалі Вальтэр, П.Гольбах, Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо (Францыя), Дж.Лок; Ф.Бэкан, Дж.Свіфт (Англія), Г.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ (Германія), бел. мысліцелі-асветнікі Б.Дабшэвіч, Г.Каніскі, І.Капіевіч, М.Матушэвіч, К.Нарбут, А.Нарушэвіч, І.Страйноўскі і інш. Гэтыя ідэі далей развіты ў эпоху фарміравання нацый і стварэння нац. дзяржаў у Зах. і Усх. Еўропе, Паўн. Амерыцы, пазней у нац.-вызв. руху каланіяльных краін.
На Беларусі фарміраванне ідэалогіі Н.-д. непасрэдна звязана з паспяваннем сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве па забеспячэнні суверэнных правоў бел. народа на самаст.паліт. і культ. развіццё. Перадумовы для яго ўзнікнення складаліся ў працэсе развіцця беларусазнаўства, культ.-асв. і выхаваўчай дзейнасці патрыят. арг-цый, т-ваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім ун-це, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай мед. акадэміі і інш. Важную ролю ў пашырэнні гэтых ідэй адыгралі К.Каліноўскі і яго «Лісты з-пад шыбеніцы», газ.«Мужыцкая праўда», час.«Гомон». Самастойны характар гісторыі бел. народа раскрывалі ў сваіх творах Ф.Багушэвіч, Я.Лучына (І.Л.Неслухоўскі), М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Г.Гурыновіч, вучоныя-славісты і этнографы М.А.Янчук, У.М.Дабравольскі, Я.Ф.Карскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі і інш.Тэарэт. абгрунтаванню права бел. народа на развіццё сваёй дзяржаўнасці, мовы і культуры шмат увагі аддавалі газ.«Наша доля» і «Наша ніва». На платформе Н.-д. стаялі Беларуская сацыялістычная грамада (1903—18), бел.нац. грамадскія арг-цыі на чале з Беларускім народным камітэтам у Вільні, нац. арг-цыі, т-вы, гурткі, суполкі і згуртаванні ў Петраградзе, Маскве, Яраслаўлі і інш. гарадах, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны, рабочых, салдат, матросаў. Мэта ўтварэння бел. дзяржаўнасці (у форме аўт. часткі Рас.дэмакр. рэспублікі, літ-бел. канфедэрацыі або незалежнай дзяржавы) аб’ядноўвала ўсе плыні бел.нац. руху, на якія ён пачаў размяжоўвацца пасляЛют. рэвалюцыі 1917 і канчаткова раскалоўся пасляКастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Практычным увасабленнем ідэалогіі Н.-д. была палітыка беларусізацыі, ажыццяўленне якой у 1920-я г. дазволіла сфарміраваць нац. сістэму адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, кнігавыдавецкую справу і актывізаваць удзел беларусаў у культ. і гасп. жыцці. У сярэдзіне 1920-х г.Н.-д. быў абвешчаны «контррэвалюцыйнай плынню», «правым ухілам», «варожай антысавецкай ідэалогіяй і практыкай». У рамках барацьбы супраць Н.-д. органамі НКУСБССР была ўзбуджана справа аб т.зв.«Саюзе вызвалення Беларусі», а таксама шэраг спраў, па якіх да крымінальнай адказнасці неабгрунтавана прыцягнуты і рэпрэсіраваны многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі (гл.«Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Аб’яднанае антысавецкае падполле»), У ліку афіц. дакументаў, накіраваных на пераадоленне Н.-д., была пастанова ЦККП(б)Б «Аб фактах пранікнення класава-варожых, нацыянал-дэмакр. уплываў у маст. л-ры» (1933). У 1980—90-х г. работу па адраджэнні нац. традыцый і духоўных дэмакр. каштоўнасцей бел. народа працягвалі маладзёжныя нефармальныя аб’яднанні «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя», грамадскія аб’яднанні і партыі Мартыралог Беларусі, «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» і інш.Асн. палажэнні праграм іх дзейнасці (пра вяршэнства нацыі ў яе самавызначэнні, пра фактычную і юрыд. прыналежнасць усёй дзярж. улады народу, захаванне нац. традыцый, гісторыка-культ. спадчыны і інш.) знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, і інш. заканадаўчых актах. Гарантыяй далейшага развіцця гэтых ідэй з’яўляюцца ўмацаванне дзярж. незалежнасці, развіццё ўсіх сфер жыцця бел. грамадства з улікам патрэб і нац. інтарэсаў краіны, агульнагуманіст. каштоўнасцей сусв. цывілізацыі.
Літ.:
Канчар А. Класавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі. Вільня, 1921;
Турук Ф. Белорусское движение: Репринт. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,
дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт.Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач.кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.А.Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРКБССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр.БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш.культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш.фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн.руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.
Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс.дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦККП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, У.Дубоўка, А.Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).
Літ.:
Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;
Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;
Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;
Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;
Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯ (Македонија),
Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б.аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс.км². Нас. 2009 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г.Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.
Прырода. Большую ч.тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш.Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.
Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар.паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс.ж. (1994). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл.Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс.чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл.ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.
У М. дзейнічаюць Унутр.макед.рэв.арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-г. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім.прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс.гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал.гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн.дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.
Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед.літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт.зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-вамакед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ.перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.
Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп.арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед.нар.т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш.Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г.рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).
Сцяг Македоніі.Да арт.Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.Да арт.Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.Да арт.Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.Да арт.Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
знак, ‑а, м.
1. Прадмет, метка, фігура і пад., якія служаць для абазначэння чаго‑н., указання на што‑н. Зрабіць знак на дрэве. Указальны знак. □ Хвост паражняка мільгануў за паласатым чыгуначным знакам.Навуменка.// Сведчанне, прымета чаго‑н. Маўчанне — знак згоды. □ Шаблю .. [бацька] павесіў на сцяне, як знак уласнай вайсковай доблесці.Алешка.— Камары таўкуць свой мак, Быць надвор’ю — добры знак.Гаўрусёў.
2. След, шрам, якія засталіся пасля чаго‑н.; характэрны адбітак, накладзены чым‑н. Знак удару. □ Я мог толькі здагадацца, што той рубец быў знакам апошняй вайны.Краўчанка.//перан. Здабыткі, вынікі чыёй‑н. працы, дзейнасці і пад. Перш, чым здарыцца такое, .. [Антон] павінен штосьці зрабіць, пакінуць пасля сябе нейкі знак, добрую памяць.Савіцкі.
3. Умоўнае абазначэнне з замацаваным за ім канкрэтным значэннем. Матэматычны знак. Астранамічныя знакі. Нотны знак. Карэктурныя знакі.// Кляймо, метка. Фабрычны знак. Фірменны знак.
4. Тое, што і значок (у 1 знач.). Усе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Я» было з каронай.Колас.
5. Рух (рукой ці галавой), якім паведамляюць што‑н., папярэджваюць аб чым‑н. Убачыўшы Васіля, Піліп ветліва памахаў яму зверху рукой і паказаў знакамі, што хутка спусціцца ўніз.Кулакоўскі.Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай! Кузьма заўважыў гэтыя знакі.Шамякін.
•••
Вадзяныя знакі — літары і фігуры на паперы, якія ставяцца ў час вырабу паперы і бачныя толькі на прасвет.
Дзяржаўны знак якасці — адзіная ў СССР адзнака дзяржаўнай атэстацыі прадукцыі на адпаведнасць яе лепшым сусветным і айчынным узорам.
Дыякрытычны знак — знак над або пад літарай, які паказвае, што яе трэба чытаць інакш, чым без яго або з іншым знакам (напрыклад, у беларускай мове літара «ў» чытаецца коратка ў адрозненне ад «у»).
Знакі адрознення — значкі, нашыўкі, пагоны і пад. на форменным адзенні, якія служаць для абазначэння звання, роду службы ці ведамства.
Знакі задыяка — абазначэнні 12 сузор’яў, якія размешчаны ўздоўж экліптыкі і названы пераважна імёнамі жывёл (Рак, Леў, Скарпіён і інш.).
Знакі прыпынку — графічныя знакі (кропка, коска і пад.), якія ўжываюцца ў пісьмовай мове для сэнсавага і інтанацыйнага расчлянення тэксту.
Знакі ўзнагароды — ордэны і медалі.
Мяккі знак — назва літары «ь».
Цвёрды знак — назва літары «ъ» (у рускай і старабеларускай азбуцы).
Дацца ў знакігл. дацца.
Пад знакамчаго — кіруючыся якой‑н. ідэяй, якім‑н. імкненнем. У нашай сям’і выхаванне ішло пад знакам вялікай любві і пашаны да кнігі.С. Александровіч.
У знакчаго — як сведчанне, доказ чаго‑н.; паказваючы, выяўляючы што‑н. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды.Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́ба1, ‑ы, ж.
1. Памылка, промах, недахоп. Агульная хіба мовы нашых газет.. вось у чым. Мы абавязкова хочам слова ў слова перакласці кожны сказ з рускай мовы.Лужанін.Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя хібы.Быкаў.Юнацтва! Гарачае, поўнае запалу, у каго з людзей ты праходзіла без хібаў?Сіняўскі.
2. Пра фізічны недахоп. — Калі ў чалавека ёсць якая-небудзь хіба з вокам, то за гэтае няшчасце нават і хуліган не будзе чалавека абсмейваць.Чорны.
хі́ба2, часціца.
1. Ужываецца ў пытальных сказах, якія выражаюць сумненне ў чым‑н., недавер да чаго‑н., здзіўленне чым‑н., і па значэнню вельмі блізкія да слоў: «няўжо», «можа быць». — Хіба гэта мячык? — здзівілася бабка, калі дзед вярнуўся дамоў з магазіна.Юрэвіч.[Рабочы:] Мая дачушка вывучыла чатыры [мовы].. Трэба ж і мне не вельмі адстаць ад яе. Хіба я няправільна разважаю?Дубоўка.— А вы хіба бачылі Уладзіміра Ільіча? — спытаў я. — Як жа. І не адзін раз! — адказаў камбрыг.Дзенісевіч.//(звычайнаўспалучэннісасловамі «можна», «магчыма» іасабовыміформамідзеясл. «магчы»). Ужываецца ў рытарычным пытанні, якое заключае адмоўны адказ. Хіба можна так рабіць? □ Пасля снедання Івана пахіліла да сну. Ён цэлую ноч быў на начлезе, а хіба там заснеш!Чарнышэвіч.
2. Ужываецца ў пытальных сказах для выражэння няўпэўненасці ў неабходнасці якога‑н. дзеяння і блізка па значэнню словам: «можа быць», «не варта». Хіба схадзіць мне да доктара? □ Хіба можна пісьменніка падганяць? Розныя фактары могуць уплываць на плённасць яго працы.«ЛіМ».
3.(звычайнаўспалучэннісасловамі «толькі», «што»). Ужываецца для надання адцення абмежаванасці, дапушчэння, магчымасці чаго‑н. Там ніхто не пройдзе, хіба толькі звер прабярэцца. □ Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу.Колас.Выдавалі хіба толькі вочы — праніклівыя, пільныя, гарачыя, у іх палаў агонь, і яго цяжка было прыхаваць.«Звязда».Дзед развёў рукамі: — Якая ў мяне зброя, пан гарадавы. Хіба што адна папруга на штанах...Якімовіч.
хі́ба3, злучн.
1.уступальна-абмежавальны. Ужываецца ў спалучэнні са словамі «толькі», «што» і без іх для выражэння абмежавання ў значэнні: «акрамя таго, што...»; «можа быць, толькі...». Рэдка, хіба толькі ў штучных пасадках, убачыш тут піхту, лістоўніцу, кедр, з хвойных парод абжыліся ў гэтых мясцінах толькі сасна ды елка.Гавеман.Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы [сяляне] з такім лёскатам звыкліся.Новікаў.
2.умоўны. Ужываецца для выражэння супрацьпастаўлення з адценнем умоўнасці ў значэнні: «калі не...», «калі толькі не...». Абавязкова прыйду, хіба толькі затрымаюць.
хі́ба4, выкл.
Ужываецца з пытальнай інтанацыяй і выражае сумненне, недавер. [Алесь:] — Ты робіш мне балюча. А я помню цябе. [Майка:] — Хіба?Караткевіч.
хіба́1, часціца.
Тое, што і хі́ба 2.
хіба́2, злучн.
Тое, што і хі́ба 3.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)