РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ,

нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс. чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.

Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст. Асн. этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц. рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст. традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.

Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл. Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс. чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВК БССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац. рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял. Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс. чал., у 1970—939 тыс. чал., у 1979—1134 тыс. чал., у 1989—1342 тыс. чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар. т-ва рус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт. Расійская Федэрацыя.

Літ.:

Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;

Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;

Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст. Мн., 1997.

Г.​І.​Каспяровіч, П.​У.​Церашковіч.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З КАМПАЗІ́ТАРАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз кампазітараў,

добраахвотная грамадская творчая арганізацыя кампазітараў і музыказнаўцаў Беларусі. Створаны ў 1933 як аўт. секцыя пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў, паводле пастановы якой секцыя кампазітараў перайменавана ў Аргкамітэт С.к.Б. (з 1938 Саюз сав. кампазітараў Беларусі). З 1957 наз. С.к.Б., з 1999 — Бел. саюз кампазітараў (БСК). Да 1992 уваходзіў у Саюз кампазітараў СССР. Асн. мэты: удзел у развіцці бел. муз. мастацтва, садзейнічанне стварэнню і прапагандзе высокамаст. муз. твораў, павышэнню творчага росту і прафес. майстэрства кампазітараў і музыказнаўцаў на аснове развіцця лепшых традыцый нац. муз. культуры. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд кампазітараў Беларусі, выканаўчы — праўленне БСК. З’езды саюза адбыліся ў 1947, 1956, 1959, 1962, 1966, 1971, 1976, 1980, 1984, 1989, 1993, 1998, 2002 Старшыні праўлення: І.​І.​Любан (1932—38), А.​В.​Багатыроў (1938—49), М.​І.​Аладаў (1949—50), Я.​К.​Цікоцкі (1950—63), Дз.​Р.​Камінскі (1963—66), Р.​Р.​Шырма (1966—78), Ю.​У.​Семяняка (1978—80), І.​М.​Лучанок (з 1980). Праўленне праводзіць пленумы, на якіх абмяркоўваюцца праблемы творчага жыцця, пытанні развіцця муз. творчасці і музыказнаўства, наладжвае праслухоўванне і абмеркаванне новых твораў. Дзейнічаюць камісіі: прапаганды бел. музыкі (наладжвае канцэрты-сустрэчы кампазітараў са слухачамі, сувязі з замежнымі саюзамі кампазітараў і творчымі арг-цыямі), ваен.-патрыят. музыкі, муз.-эстэт. выхавання дзяцей і юнацтва, музыказнаўства і крытыкі, этнамузыказнаўства і фальклору. БСК — адзін з заснавальнікаў міжнар. фестываляў «Славянскі базар», «XXI стагоддзе — музыка надзеі», нац. — «Музыка і тэатр», міжнар. конкурсу юных кампазітараў «Надзея». Прымаў удзел у дэкадах бел. мастацтва ў Маскве (1940, 1955, 1987, 2000) з паказам новых бел. опер, балетаў, буйн. муз. твораў бел. кампазітараў, у днях бел. культуры на Украіне, Узбекістане, Літве. У складзе БСК дзейнічае Бел. асацыяцыя сучаснай музыкі (прэзідэнты: з 1990 А.​Б.​Сонін, з 1995 В.​У.​Кузняцоў, з 2001 Дз.​В.​Лыбін) — член Міжнар. асацыяцыі сучаснай музыкі (з 1992), заснавальнік Міжнар. фестывалю сучаснай камернай музыкі (1991, 1993, 1995). На 1.10.2001 у саюзе 121 член.

Члены Беларускага саюза кампазітараў

1932. М.​І.​Аладаў, Ю.​М.​Дрэйзін, І.​І.​Любан, М.​Ф.​Мацісон, С.​У.​Палонскі, Р.​К.​Пукст, Н.​Ф.​Сакалоўскі, А.​Я.​Туранкоў, У.​В.​Тэраўскі, Я.​К.​Цікоцкі, М.​М.​Чуркін, Т.​А.​Шнітман, А.​А.​Ягораў, В.​А.​Яфімаў.

1933. А.​В.​Багатыроў.

1934. М.​Я.​Крошнер, П.​П.​Падкавыраў, А.​М.​Папоў.

1937. Дз.​А.​Лукас, Б.​С.​Смольскі.

1939. А.​К.​Клумаў, Л.​С.​Мухарынская, М.​Э.​Шнейдэрман.

1940. У.​У.​Алоўнікаў, І.​Столаў, М.​Р.​Шыфрын.

1941. Дз.​Р.​Камінскі.

1944. Л.​М.​Абеліёвіч, С.​Г.​Нісневіч.

1946. І.​Г.​Нісневіч, Г.​І.​Цітовіч, Р.​Р.​Шырма.

1948. Я.​К.​Цікоцкі.

1949. Г.​М.​Вагнер.

1951. Р.​А.​Анчыкаў, М.​А.​Русін.

1952. І.​І.​Жыновіч.

1954. Э.​М.​Тырманд.

1955. Я.​А.​Глебаў, І.​І.​Кузняцоў.

1957. С.​С.​Аксакаў, Я.​Р.​Дзягцярык, Ю.​У.​Семяняка.

1958. Р.​П.​Бутвілоўскі, А.​Я.​Ракава, В.​А.​Сізко, У.​І.​Чараднічэнка.

1959. Г.​С.​Глушчанка, К.​І.​Сцепанцэвіч.

1961. Т.​А.​Дубкова, Дз.​Б.​Смольскі.

1962. Л.​Д.​Аўэрбах, Ю.​Д.​Бяльзацкі, Т.​А.​Шчарбакова.

1964. С.​А.​Картэс.

1965. А.​Б.​Ладыгіна, І.​М.​Лучанок, Н.​М.​Юдзеніч.

1967. Дз.​М.​Жураўлёў, К.​Дз.​Цесакоў, А.​Р.​Янчанка.

1970. Я.​Я.​Касалапаў, А.​Ю.​Мдывані, Р.​Ф.​Сурус.

1971. Ю.​В.​Грыгор’еў, Э.​Б.​Зарыцкі, З.​Я.​Мажэйка, Ф.​Дз.​Пыталеў.

1973. Э.​А.​Казачкоў.

1974. В.​А.​Войцік, Л.​К.​Захлеўны, Э.​С.​Ханок, Л.​К.​Шлег.

1975. А.​М.​Зарубка.

1977. У.​І.​Буднік, У.​В.​Дарохін, В.​К.​Іваноў, У.​В.​Прохараў.

1978. Р.​М.​Аладава, А.​А.​Друкт, А.​Б.​Залётнеў, І.​І.​Зубрыч, В.​П.​Помазаў, А.​Б.​Сонін, В.​В.​Сярых, Н.​М.​Усцінава.

1979. Г.​К.​Гарэлава, Л.​М.​Гуцін, В.​І.​Карэтнікаў, Л.​Ф.​Мурашка, Л.​І.​Свердэль.

1980. У.​В.​Браілоўскі, М.​Дз.​Васючкоў, А.​Я.​Гураў, У.​А.​Дамарацкі, У.​П.​Кандрусевіч, М.​К.​Літвін, У.​А.​Палуэктаў, У.​Я.​Солтан, А.​М.​Чыркун.

1981. Т.​Б.​Варфаламеева, А.​В.​Клеванец, А.​А.​Кочын, В.​П.​Савіцкая, Р.​І.​Сергіенка, Л.​А.​Сцяпура.

1982. П.​П.​Альхімовіч, А.​М.​Елісеенкаў, Н.​А.​Калеснікава, В.​П.​Раінчык.

1983. І.​У.​Хадоска.

1984. Н.​У.​Аляксандрава.

1985. А.​В.​Бандарэнка, В.​М.​Капыцько, Л.​П.​Касцюкавец, В.​У.​Кузняцоў, У.​М.​Кур’ян, Э.​В.​Наско, А.​У.​Рашчынскі.

1986. В.​В.​Кандрасюк. У.​Г.​Мулявін.

1987. С.​П.​Бельцюкоў, М.​Г.​Марозава, А.​Р.​Навахрост, А.​Б.​Смольскі.

1988. Т.​Г.​Мдывані, А.​І.​Хадоска, С.​М.​Хвашчынскі.

1989. Ш.​А.​Ісхакбаева, Я.​У.​Паплаўскі, С.​І.​Янковіч.

1990. Т.​С.​Якіменка, Дз.​А.​Яўтуховіч.

1991. А.​А.​Барзова, Н.​Я.​Бунцэвіч, У.​А.​Грушэўскі, А.​І.​Дзмітрыеў, У.​У.​Карызна, А.​Ф.​Літвіноўскі, С.​В.​Наско, Т.​П.​Песнякевіч, А.​С.​Шушкевіч, Э.​А.​Язерская.

1992. Э.​А.​Алейнікава, А.​І.​Буцько, А.​М.​Гулай, У.​М.​Каральчук.

1993. Л.​А.​Барадзіна, Н.​А.​Голубева, У.​М.​Грыцкевіч, Дз.​М.​Даўгалёў, Л.​І.​Сімаковіч, І.​М.​Цвяткова.

1994. Г.​А.​Ермачэнкаў, Дз.​В.​Лыбін.

1996. А.​І.​Безенсон, Г.​І.​Кароткіна.

1997. А.​В.​Атрашкевіч, Р.​Я.​Глебаў, У.​М.​Саўчык, Н.​А.​Юўчанка, П.​В.​Яроменка.

1998. Э.​У.​Андрэенка, У.​А.​Бабкоў, У.​І.​Гаркуша, М.​В.​Калекша, Л.​С.​Мітаковіч, Я.​К.​Паплаўская, Г.​І.​Сасноўскі, Г.​В.​Таўлай, В.​В.​Шлеянкоў.

1999. І.​К.​Аслёзава, А.​В.​Іваноў, Н.​А.​Ролік.

2000. В.​А.​Антаневіч, Р.​П.​Апановіч, В.​В.​Воранаў.

Н.​Я.​Бунцэвіч, Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 14, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГАЛЫ́ПІНСКАЯ АГРА́РНАЯ РЭФО́РМА,

буржуазная рэформа сял. надзельнага землеўладання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1906—17. Названа па прозвішчы П.​А.​Сталыпіна, ініцыятара і кіраўніка рэформы. Выклікана развіццём капіталізму, барацьбой сялян за ліквідацыю панскага землеўладання і інш. рэшткаў прыгонніцтва ў час рэвалюцыі 1905—07. С.а.р. праводзілася з мэтай захавання манархіі, стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця капіталіст. адносін у с.-г. вытв-сці, умацавання слоя сял. буржуазіі і заможнага сялянства ў якасці, апоры самадзяржаўя, ператварэння асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых, паскарэння росту прадукц. сіл земляробства пры захаванні памешчыцкіх латыфундый і прадухілення агр.-сял. рэвалюцыі. Гал. змест рэформы: разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны, насаджэнне дробнакапіталіст. сял. зямельнай уласнасці і хутарской формы землекарыстання, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір, на Д. Усход, у Казахстан і інш. ўскраінныя рэгіёны імперыі. Пачалася паводле ўказа ад 22.11.1906, які дазваляў выхад сялян з пазямельнай абшчыны і замацаванне за імі зямлі ў асабістую ўласнасць. Указ з некат. папраўкамі ўхвалены Дзярж. Саветам, зацверджаны царом і прыняты Дзярж. думай як Закон 27.6.1910, дапоўнены палажэннем аб землеўпарадкаванні ад 11.6.1911, якое ўсталёўвала прымусовы выхад сялян з абшчыны і пераход да спадчыннага падворнага землеўладання.

У 1905 абшчыннае землеўладанне ахоплівала 77,1% сял. двароў і 83,2% надзельных зямель Еўрап. Расіі. На Беларусі яно не мела значнага пашырэння і захавалася пераважна ў Магілёўскай (80,5% сял. двароў, 79,3% надзельнай зямлі) і Віцебскай (53% сял. двароў, 44,6% надзельнай зямлі) губ. Падворнае ўладанне ворнымі землямі і сенажацямі панавала ў Прыбалтыцы, Зах. і Цэнтр. Беларусі, на Правабярэжнай Украіне. Нягледзячы на адм. націск улад, на пач. 1916 з пазямельнай абшчыны выйшла толькі 26% сял. двароў, на долю якіх прыпадала 14,7% сял. абшчыннага землеўладання. Найб. актыўны выхад з абшчыны назіраўся на Пд Украіны і ў Стэпавым Заволжы — у рэгіёнах адносна высокага ўзроўню развіцця агр. капіталізму. Значным быў выхад з абшчыны і на У Беларусі. Да 1916 у Магілёўскай і Віцебскай губ. з яе выйшла 139,4 тыс. сял. двароў, (63% іх агульнай колькасці). Найменш закрануты рэфармаваннем Земляробчы цэнтр, паўн.-ўсх. і паўн. губерні. Землеўпарадкаванне, якое праводзілася ў ходзе С.а.р., найперш было накіравана на стварэнне хутароў і адрубоў (гл. Водруб) на сял. надзельнай зямлі. Аднак спадзяванні ўрада на масавае ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак як апорнай базы «моцнага» сялянства не апраўдаліся. У еўрап. частцы імперыі яны ў 1907—16 складалі толькі 13,6% усіх надзельных двароў, на долю якіх прыпадала 12,2% надзельнага землеўладання. На надзельнай зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. за гэты час створана 113,8 тыс. хутарскіх і адрубных гаспадарак пл. 1147,2 тыс. дзес. (10% сял. двароў і 18,7% надзельнага землеўладання). Апрача таго, Сял. пазямельны банк прадаў пад хутары і адрубы ў гэтых губернях у 1907—16 228,7 тыс. дзес. банкаўскіх зямель, на якіх узнікла 13,5 тыс. гаспадарак. На купленай сялянамі казённай зямлі (5,4 тыс. дзес.) створана 813 хутарскіх і адрубных гаспадарак. Па адноснай колькасці хутароў і адрубоў, створаных пры выдзелах з абшчыны асобных гаспадароў дамоў, Беларусь стаяла на перадапошнім месцы сярод рэгіёнаў еўрап. часткі імперыі. Пры ўсіх намаганнях урада ў 5 зах. губернях на хутары і адрубы выйшла толькі ​1/8 сял. двароў. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам кулакі і сял. бедната. Адным з элементаў С.а.р. было заахвочванне ўрадам сял. перасяленства. У 1906—16 з еўрап. часткі краіны ў Сібір і на Д. Усход перасялілася 3134,8 тыс. чал., у т. л. з 5 зах. губерняў — 335,4 тыс. чал. (11,6% перасяленцаў з еўрап. часткі імперыі). З іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. З 1910, калі ў сялянства з’явіліся надзеі на атрыманне панскай зямлі, перасяленні рэзка скараціліся. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала сял. бедната. Царская адміністрацыя не змагла належным чынам арганізаваць перасяленчую справу, аказаць істотную грашовую дапамогу перасяленцам. У выніку значная частка іх вымушана была вяртацца ў родныя мясціны. У 1907—14 з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 546,6 тыс. (17,4%) перасяленцаў, у т. л. ў 5 зах. губерняў — 36,5 тыс. (10,9%). Перасяленчая палітыка царызму не дасягнула мэты.

С.а.р. садзейнічала абеззямеленню бяднейшых слаёў сялян (якія былі вымушаны прадаваць кулакам атрыманыя ва ўласнасць землі) і канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках сял. буржуазіі. Адносна адсталая рас. прам-сць не магла прыняць у якасці рабочай сілы масу малазямельнага і беззямельнага сялянства, што захоўвала і ўзмацняла высокі ўзровень сац. напружанасці ў вёсцы. У эканам. плане С.а.р. мела прагрэсіўнае значэнне, бо паскарала рост капіталізму ў вёсцы, стварала новыя магчымасці для ўздыму с.-г. вытв-сці; расла прадукцыйнасць працы, развівалася гандл. земляробства. З выхадам на хутары і адрубы зменшыліся цераспалосіца, дробнапалосіца і далёказямелле сял. палёў, што садзейнічала развіццю сял. гаспадаркі. Аднак рэформа не прывяла да карэнных сац.-эканам. зрухаў, не вырашыла агр. пытання і не змагла прадухіліць наспяванне новай рас. бурж.-дэмакр. рэвалюцыі. Абсалютная большасць сял. гаспадарак не мела магчымасці карыстацца агранамічнай і тэхн. дапамогай, каап. крэдытам і інш. С.а.р. пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, панскіх латыфундый, за кошт згалення сял. мас. Афіцыйна яна спынена пастановай Часовага ўрада ад 28.6(11.7).1917.

Літ.:

Дубровский С.М. Столыпинская земельная реформа. М., 1963;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Аврех А.Я. П.​А.​Столыпин и судьбы реформ в России. М., 1991;

Зайцева Л.И. Аграрная реформа П.А. Столыпина в документах и публикациях конца XIX — начала XX в. М., 1995;

Теляк Л.В. Столыпинская аграрная реформа: Историогр. (1906—1917 гт.). Самара, 1995. Тюкавкин В.Г. Великорусское крестьянство и Столыпинская аграрная реформа. М., 2001.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ,

збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.

М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.​А.​Белялюбскага, Дз.​І.​Жураўскага, С.​В.​Кербедза, Л.​Ф.​Нікалаі, Я.​А.​Патона, Р.​П.​Перадзерыя, Л.​Дз.​Праскуракова, Ф.​С.​Ясінскага; Э.​Фрэйсінэ (Францыя), Р.​Маяра (Швейцарыя) і інш.

Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.​Г.​Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст. Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.​Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).

Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св. Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж. 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.​Тэлфард, А.​Дэрбі, Дж.​Уілкінсан, Р.​Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.​Б.​Альберці, Б.​Аманаці, у Швейцарыі І.​У.​Грубенман, у ЗША В.​Роблінг і яго сын Дж.​А.​Роблінг, Дж.​Фінлей, на Украіне Я.​А.​Патон.

На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р. Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.​Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.​Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл. даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.

Літ.:

Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].

І.​І.​Леановіч, Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Карлаў мост у Празе. 1357.
Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.
Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.
Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.
Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),

нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн. чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс. чал.), Літве (258 тыс. чал.), Украіне (219,2 тыс. чал.), Расіі (94,6 тыс. чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс. чал.), ЗША (5,6 млн. чал.), Германіі (1,5 млн. чал.), Францыі (1 млн. чал.), Канадзе (400 тыс. чал.), Бразіліі (200 тыс. чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс. чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн. чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.

Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.

Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв. буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст. паланізацыя бел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.​Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс. чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс. чал. П. У 1921 ЦВК БССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз. Бел. дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ. «Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял. Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс. чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ. «Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час. «Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.

А.​І.​Валахановіч, І.​В.​Карашчанка.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шыро́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікія памеры ў папярочніку; проціл. вузкі. Тратуар шырокі. Па ім ідзе многа людзей. Брыль. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі. Лынькоў. Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай. Прайшло шмат часу, а яны [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). Ліпа Варфаламееўна — шырокая, высокая, дзябёлая і таксама вельмі ветлівая, вельмі гаваркая, вельмі шчырая. Пянкрат. А той [Максім], высокі, шырокі ў плячах, але крыху згорблены, праціснуўся наперад. Капусцін.

2. Свабодны па пакрою, які не прылягае да фігуры. Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан. Колас. Сівы, увесь ружовенькі, як анісавы яблык, з запалым, як у бабулькі, ротам, апрануты.. [сусед] быў у шырокі салдацкі мундзір. Ракітны.

3. Які займае сабой вялікую прастору; вялізны. Налева адкрыўся шырокі плёс. Брыль. Шырокі парк, густы агрэст, Шумяць дубы і клёны. Прыходзька. На луг шырокі Грамада рушыла касцоў. Гурло. Я праходжу, Мая краіна, Твой шырокі, Як свет, Прастор. Глебка.

4. Размашысты, свабодны (пра крокі, рухі і пад.). Ад ложка доктар пайшоў хутка, шырокім крокам, як спяшаўся куды. Пташнікаў. — Прашу! — Гунава, ідучы да стала, зрабіў шырокі, гасцінны жэст. Самуйлёнак.

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені ахопу, размаху і пад. Шырокая сетка школ. Шырокія паўнамоцтвы. Шырокія планы. □ Шырокая аўдыторыя таксама прыкмеціла і запомніла інтэлігентнага лектара, які ўмеў вельмі жыва і цікава расказаць пра творчасць Някрасава ці Маякоўскага. Ліс. // Вялікі, значны па багаццю, разнастайны па выбар і пад. Шырокая начытанасць. Спецыяліст шырокага профілю. Шырокая праграма навуковых даследаванняў. □ У чайной заўсёды шырокі асартымент страў. «Беларусь». // Неабмежаваны, агульны. — Мы павінны лячыць фактычна здаровых людзей, разумеючы лячэнне ў шырокім сэнсе гэтага слова. Шахавец. Творчы кругагляд Самуйлёнка вельмі шырокі, цікавіўся ён многім. «Маладосць». Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Лужанін. // Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў і пад. Гэта быў чалавек з адкрытым, шырокім характарам. «Маладосць». Ты ведай, дзяўчына, павер, дарагая, Даўно ў маім сэрцы шырокім жывеш. Бялевіч. // Свабодны і гучны. Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі. Колас. Песня хлынула шырокая, працяжная... Грамовіч.

6. перан. Які ахоплівае ўсё, многае або ўсіх, многіх, распаўсюджваецца на ўсё, многае або ўсіх, многіх; масавы. Шырокае сацыялістычнае спаборніцтва. Шырокія колы чытачоў. □ Бальшавікі разгарнулі сярод салдат шырокую агітацыю, растлумачваючы ім сапраўдныя мэты і прычыны вайны, паказваючы, у чыіх інтарэсах яна вядзецца. Кудраўцаў. Таварыства [аховы помнікаў гісторыі і культуры] праводзіць шырокую прапагандысцкую работу. «Помнікі». // Які з’яўляецца прадстаўніком многіх людзей. Шырокі чытач. // Распаўсюджаны, вядомы многім. Шырокая папулярнасць. □ Шырокі рэзананс кабыла беларуская літаратура на Украіне ў пачатку ХХ стагоддзя. «Полымя». // Прызначаны для многіх людзей, разлічаны на шырокія масы. На прадпрыемствах Ніжняга Тагіла расшыраецца выраб тавараў шырокага ўжытку. «Звязда».

•••

Шырокі экран гл. экран.

На шырокую нагу гл. нага.

Шырокая косць; шырокі ў косці гл. косць.

Шырокая натура гл. натура.

Шырокім фронтам гл. фронт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КНІГАДРУКАВА́ННЕ,

спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.

Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс. экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.​Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн. экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз. інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн. Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.​Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.​Фёдаравым у 1573 у Львове.

Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв. мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.​Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.​С.​Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.​Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.​Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.​Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.​Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.​Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.​Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.​Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.​Жыло, удасканалена ў 1862 Г.​Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.​Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.​Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.​Д.​Лапцеў, Г.​Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.​Рубел (ЗША) і К.​Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.​Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.​А.​Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш.). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт. Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.

Літ.:

Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;

Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;

Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;

Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;

Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.​Амана. 16 ст.
Да арт. Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.​Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.​Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА

У канцы 19 ст. — 1980-я г. бел. дыяспара складала ад ​1/6 да амаль ​1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990 па-за межамі Беларусі пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.

У розныя часы і ў розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. этнічных зямель у інш. рэгіёны было выклікана паліт., рэліг., эканам., ваен. і інш. прычынамі. Насельніцтва пачало пакідаць бел. землі ўжо ў часы існавання тут найстараж. дзярж. утварэнняў — Полацкага і Тураўскага княстваў. У 11—12 ст. родныя мясціны пакідалі прадстаўнікі кіруючай эліты ў сувязі з паліт. абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Падобны характар эміграцыя мела ў ранні перыяд існавання Вял. княства Літоўскага (ВКЛ) і ў часы яго росквіту (13—1-я пал. 15 ст.). Прававой асновай натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі заканадаўчыя акты і зводы законаў, створаныя ў ВКЛ, — прывілей 1447, віцебскі (1503) і полацкі (1547) прывілеі, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 і інш. На працягу 15—17 ст. ураджэнцы ВКЛ выязджалі ў «Свяшчэнную Рымскую імперыю», італьян. дзяржавы (Геную, Венецыю, Падую, Фларэнцыю і інш.), Польшчу, Чэхію, Францыю, Іспанію, Галандыю, дзе паступалі на вайск. службу ці павышалі свой адукац. ўзровень, садзейнічалі распаўсюджанню навукі, друкарства і інш. (Ф.​Скарына, П.​Мсціславец, Сімяон Полацкі, К.​Семяновіч, І.​Капіевіч і інш.). У канцы 16—17 ст. значны рост перасяленцаў на У быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. Абвясціўшы сябе спадкаемніцай Кіеўскай Русі і на землі ВКЛ, Маскоўская дзяржава заахвочвала эміграцыю беларусаў як «исконно русских» з мэтай каланізацыі далучаных ёю на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым, прымала іх на службу, аказвала матэрыяльную падтрымку. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі бел. землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхароў масава выводзілі ў глыб імперыі. Двойчы толькі на працягу стагоддзя (у час паўстання Б.​Хмяльніцкага, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21) насельніцтва Беларусі скарачалася напалову: кожны 2-і жыхар загінуў або трапіў у палон ці быў выселены ў Расію. На ўкр. землях збеглыя з ВКЛ уліваліся ў шэрагі казацкай вольніцы. На Украіну і ў Расію ўцякала насельніцтва ў галодныя неўрадлівыя гады (1588, 1601—02, 1655, 1690 і інш.), а таксама шукаючы паратунку ад эпідэмій (у 16—48 ст. іх было больш за 80). Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія ваен. і дзярж. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.​Каменскі, Л.​Сеніцкі і інш.).

У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), развіццё ў сувязі з гэтым у канцы 18—19 ст. нац.-вызв. руху на Беларусі і паўстанняў сталі прычынамі паліт. эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу ў 1812 Напалеона на Расію. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўключаліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.​Касцюшка, В.​Урублеўскі, М.​Судзілоўскі, З.​Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.​Дамейка, Г.​Дмахоўскі, Н.​Орда, А.​Рыпінскі, К.​Ельскі і інш.). Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. Каталіцкія святары бел. паходжання, якія ў пач. 19 ст. эмігрыравалі ў ЗША, садзейнічалі пашырэнню каталіцкай адукацыі (Б.​Крукоўскі, Н.​Корсак і інш.). Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі абумовіла асаблівасці ўсх. дыяспары: фактычна бел. насельніцтва, якое перасялілася ў цэнтр. і паўд. раёны еўрап. Расіі, Сібір, Казахстан, на Д. Усход, пакідала сваю спрадвечную тэрыторыю і апыналася ў іншаэтнічным асяроддзі, але фармальна перамяшчэнні адбываліся ў межах адной дзяржавы. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі губерняў з пераважна бел. насельніцтвам пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Усх. дыяспара папаўнялася таксама шляхам гвалтоўнага высялення найперш па паліт. матывах. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі шляхты да Рас. імперыі ў яе паўд. губерні пасля паўстання 1830—31 пераселена значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзярж. сялян-аднадворцаў. Тысячы ўдзельнікаў тайных т-ваў моладзі ў Літве і на Беларусі (філаматы, філарэты, прамяністыя і інш.), нац.-вызв. паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 былі сасланы на катаржныя работы і пасяленне. Сасланыя ў розныя куткі Расіі зарэкамендавалі сябе таленавітымі даследчыкамі прыроды, побыту традыцый, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу, Казахстана (І.​Чэрскі, Э.​Пякарскі, А.​Янушкевіч).

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на мяжы 19—20 ст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання бел. дыяспары за межамі Бацькаўшчыны. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс. чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Асн. прычыны масавага рассейвання беларусаў па-за сваімі этнічнымі межамі — актыўнае фарміраванне новага гасп. ўкладу і рыначных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, адсутнасць развітой прам-сці, якая б паглынула лішак рабочых рук, станаўленне сусв. рынку рабочай сілы і попыт на танных работнікаў у Еўропе і Амерыцы, магчымасць там больш высокага заробку. Палітыка царызму ў адносінах да эміграцыі з этнічных бел. зямель вынікала з афіц. непрызнання беларусаў як асобнага народа і ў сувязі з гэтым мела дваісты характар. З аднаго боку, яна характарызавалася заахвочваннем перасяленняў на У Рас. імперыі; у ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—17) праводзілася палітыка дзярж. падтрымкі перасялення ў Сібір і на ўскраіны імперыі. З другога боку, выезд за мяжу разглядаўся ўладамі як фактар паслаблення «карэннага рускага насельніцтва», павелічэння кошту мясц. рабочай сілы. Таму на дзярж. узроўні эміграцыя на Захад стрымлівалася, адсутнічала адпаведнае заканадаўства, эмігранты не мелі прававой, маральнай і матэрыяльнай падтрымкі сваёй радзімы. За мяжой бел. перасяленцы (найчасцей непісьменныя ці малаадукаваныя) папаўнялі рады некваліфікаваных работнікаў на цяжкіх і небяспечных вытворчасцях, мелі цяжкія сац.-быт. ўмовы і параўнаўча нізкую зарплату, якая, аднак, была значна вышэйшая, чым у Расіі. У сувязі з адмоўным стаўленнем дзяржавы да выезду сялян, складанасцю працэдуры і дарагоўляй атрымання пасведчанняў на выезд мела месца значная нелегальная эміграцыя. Нац. ўціск бел. народа ў Рас. імперыі, незавершанасць станаўлення бел. нацыі вызначылі паскораную асіміляцыю ўнутр. і знешняй міграцыі. Аднак у сем’ях, кампактных асяродках зах. дыяспары захоўвалася пэўная нац. адметнасць. У параўнанні з ёй усх. дыяспара была больш устойлівая ў зберажэнні мовы, звычаяў, традыцый, этнічных прыкмет; у іншаэтнічных асяроддзях Рас. імперыі было больш інтэлігенцыі, якая да таго ж не адарвалася ад сваіх каранёў, здолела стварыць нац. арг-цыі. Па-за этнічнымі межамі ўзніклі першая асв. арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт. арг-цыя бел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), дзейнічалі Бел. студэнцкае зямляцтва ў Варшаве (1908—14), Бел. навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та (1912—14).

Паскарэнне працэсаў нац. адраджэння ў пач. 20 ст. істотна не паўплывала на самаўсведамленне бел. эмігрантаў. Яны не стварылі за мяжой сваіх суполак, арганізацый, а ўваходзілі ў рус. і польскія, часам укр. і літ. асяродкі. Гэта садзейнічала іх русіфікацыі ці паланізацыі, а таксама страце сваіх гіст. каранёў нашчадкамі бел. імігрантаў. 1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва ва ўсх. раёны Расіі (гл. Бежанцы), абумовілі новую хвалю вымушаных выездаў у замежныя краіны. Са жн. 1914 да вясны 1915 каля 318 тыс. жыхароў бел. губерняў трапілі ў палон або пра іх не было звестак. З акупіраванай тэр. Беларусі на работу ў Германію вывозілі рабочых і сялян, а таксама ваеннапалонных. У 1915 пры адступленні рус. арміі праводзілася прымусовая эвакуацыя насельніцтва. Паводле акад. У.​М.​Ігнатоўскага, каля 2 млн. беларусаў добраахвотна ці прымусова перасяліліся ў цэнтр. і ўсх. рэгіёны Расіі. У 1916—20 тут былі створаны арг-цыі падтрымкі бежанцаў, грамадска-культурныя і нац. культ.-асв. арг-цыі. Вялася таксама паліт. дзейнасць. Бел. нац. сілы гуртаваліся таксама вакол Бел. нац. камісарыята (Белнацком) у Петраградзе і Маскве. Паводле даследаванняў бел. дэмографаў, 246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся ў родныя мясціны, яшчэ 122 тыс. чал. выехалі за мяжу. Яны шукалі паратунку ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Фінляндыі, Турцыі, Германіі. У міжваен. перыяд, асабліва ў перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і ў пач. 1920-х г., асаблівасці ўнутр. і знешняй бел. міграцыі, яе характар і памеры, стан нац. свядомасці ў многім вызначалі супярэчнасці сац.-эканам. і паліт. жыцця сав. грамадства. Яны абумовілі першую арганізаваную паліт. эміграцыю, ядро якой склалі ўрад і вайск. фарміраванні Бел. Нар. Рэспублікі (БНР), кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш. Гэта выклікала новую з’яву ў сац. складзе эміграцыі — пэўную прысутнасць інтэлігенцыі.

Адвольнае вызначэнне і змяненне тэр. БССР без уліку этнічных межаў і жыццёвых інтарэсаў бел. народа (далучэнне да РСФСР у 1919 Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ., аднаўленне БССР пасля польскай акупацыі на тэр. толькі 6 паветаў Мінскай губ. з насельніцтвам 1,6 млн. чал., уключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы) абумовілі знаходжанне пераважнай часткі нацыі на сваіх спрадвечных землях у складзе суседніх дзяржаў, што аслабіла эканам. базу і духоўныя сувязі бел. этнасу. Другая плынь міжваен. эміграцыі — працоўная, сялянская — звязана з выездам у Амерыку і Еўропу часткі насельніцтва Зах. Беларусі з-за цяжкага сац.-эканам. становішча, нац. і рэліг. ўціску ў складзе Польшчы, яе палітыкі садзеяння эміграцыі. У 1921—39 з Зах. Беларусі выехалі пераважна ў Канаду, ЗША, Францыю, Літву, Латвію, Аргенціну, Бразілію 180—250 тыс. чал. Міграцыя з Сав. Беларусі ў міжваенны перыяд была нязначная. На эміграцыі найб. паліт. актыўнасць і нац.-культ. дзейнасць у міжваенны перыяд была ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне. Тут існавалі бел. арг-цыі, аб’яднанні, т-вы, выдаваліся газеты і часопісы. Цэнтрам збірання нац. сіл сталі эміграцыйны ўрад БНР, дыпламат. прадстаўніцтвы і місіі ў прыбалтыйскіх краінах, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі, Чэхаславакіі. У 1920—30-я г. бел. нац. сілы ў Літве групаваліся вакол Бел. грамады і Бел. сабрання ў Коўне. Тут дзейнічалі Бел. цэнтр у Літве, Бел. культ.-асв. т-ва і Аб’яднанне студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. У Латвіі былі створаны культ.-асв. т-вы «Бацькаўшчына» ў Дзвінску, «Рунь», «Беларуская хата», Бел. навук. т-ва ў Рызе, Т-ва бел. вучыцялёў у Латвіі, Бел. навук.-краязнаўчае і выдавецкае т-вы. Значны палітычна актыўны асяродак склаўся ў Чэхаславакіі; у Празе працавалі ўрад БНР, група бел. эсэраў, «Сялянскі саюз» («Крывічы»), студэнцкая група «Грамада», дзейнічалі Бел. (крывіцкае) культ. т-ва імя Ф.​Скарыны, Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (БАСА), т-ва «Беларускі сокал». З 1930 актыўную нац. дзейнасць у Францыі праводзіў «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» і Бел. жаночая грамада (з 1938). У міжваенны перыяд пачалося стварэнне нац. арг-цый у Амерыцы: у Чыкага ў 1923 заснаваны Бел.-амерыканскі саюз (дзейнічаў да пач. 1940-х г.) у 1928 — першае ў ЗША бел. паліт. аб’яднанне — Бел.-амерыканскі грамадскі клуб, у 1935 — Бел.-амерыканскае задзіночанне. Згуртаванню суродзічаў у Аргенціне садзейнічалі культ.-асв. т-вы «Грамада», «Культура», «Белавежа», б-ка імя І.​Луцкевіча. У 1939 разам са згуртаваннямі «Якуб Колас», «Мінск» і інш. яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. т-ваў. Менавіта выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічаў Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне, у канцы 1930-х г. — Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі. Культурнае жыццё гэтых і інш. аб’яднанняў мела пэўную бел. нац. адметнасць.

Складаныя міжнар. абставіны напярэдадні 2-й сусв. вайны, пачатак яе і захоп Германіяй Польшчы, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР актывізавалі паліт. жыццё бел. эміграцыі ў зах.-еўрап. краінах. Акрамя таго, яна папоўнілася дзеячамі, якія выехалі з Зах. Беларусі пасля заняцця яе Чырв. Арміяй. У выніку ваен. дзеянняў Германіі ў палон трапіла 70 тыс. беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска. Гэтыя акалічнасці садзейнічалі росту зацікаўленасці ням. улад да бел. пытання. У ліст. 1939 створана Бел. прадстаўніцтва пры Мін-ве ўнутраных спраў Германіі. З лета 1940 пачаў дзейнічаць Бел. к-т самапомачы.

2-я сусв. вайна паглыбіла паліт. размежаванне эміграцыі, у яе асяроддзі павялічылася колькасць людзей, што былі патрыятычна настроены і спачувалі СССР, які нёс на сабе асн. цяжар змагання з фашызмам. На хвалі антыфаш. ўздыму ў розных краінах пачалі стварацца к-ты ў падтрымку Сав. Саюза. 2-я сусв. вайна, у час якой тэр. Беларусі стала арэнай жорсткіх баёў і працяглай акупацыі, абумовілі 3-ю масавую хвалю ўнутр. і знешняй міграцыі, папаўненне дыяспары. Каля 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на У СССР, і толькі кожны 3-і потым вярнуўся на Беларусь. У ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў. Паводле афіц. даных, амаль 400 тыс. жыхароў рэспублікі (па інш. звестках каля 700 тыс.) былі вывезены акупантамі на працу ў Германію. Пасля рашэння СНК СССР (кастр. 1944) аб рэпатрыяцыі сав. грамадзян у краіну вярнуліся 520 тыс. беларусаў. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе склалася самая вял. ў гісторыі бел. эміграцыі паліт. плынь. Туды выехалі створаныя на акупіраванай тэрыторыі бел. калабарацыянісцкія арг-цыі, установы і вайсковыя фарміраванні [Бел. цэнтр. рада (БЦР), Гал. штаб Саюза бел. моладзі, атрады Бел. краёвай абароны і дапаможнай паліцыі], Сабор епіскапаў Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, частка інтэлігенцыі, якая працавала ў гады вайны ў цывільнай акупац. адміністрацыі, адукац. сістэме, культ.-асв. арг-цыях. Гэта хваля склала аснову сучаснай нац. зах. дыяспары. Пасля вайны ў ЗША і Канадзе пасяліліся прыкладна па 50 тыс. імігрантаў бел. паходжання. Дзесяткі іх аселі ў Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі, а таксама ў Аўстраліі. Ад 250 да 400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў складзе Польшчы. У жн. 1945 да Польшчы адышлі 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абл. У ходзе ўзаемнай пасляваен. рэпатрыяцыі невял. частка беларусаў (36 тыс.) пераехала ў БССР, але сярод 274 тыс. чал., якія ў 1945—47 перасяліліся ў Польшчу, было шмат беларусаў-католікаў, што па розных прычынах аднеслі сябе да палякаў. У пасляваен. час назіралася невял. па памерах рээміграцыя. Пад уплывам перамогі СССР і саюзнікаў у 2-й сусв. вайне тысячы эмігрантаў прынялі грамадзянства СССР. Пазней 40—50% тых, хто прыбыў, пакінулі Радзіму з-за нязвыклага ладу жыцця, нізкага жыццёвага ўзроўню. У сац. складзе пасляваен. бел. замежжа пераважалі сельскія працаўнікі. У параўнанні з папярэднімі хвалямі павялічылася колькасць рабочых і асабліва інтэлігенцыі. Паступова сац. статус многіх беларусаў памяняўся: вырасла колькасць інтэлігенцыі, прадстаўнікоў сярэдняга класа. Значная частка пасляваен. эміграцыйнай хвалі інтэгравалася ў рус. і польскія асяродкі, асімілявалася. Але менавіта яе прадстаўнікі далі прыклады грамадска-культ., рэліг. жыцця на нац. аснове, сцвярджэння беларусаў як самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы. Зберажэнню нац. традыцый садзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел. правасл. царква пад канстанцінопальскай юрысдыкцыяй, Бел. каталіцкая місія. Захавалі жыццяздольнасць створаныя ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. згуртаванні беларусаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Бельгіі. З’явіліся новыя нац. арг-цыі, навукова-культ. цэнтры, пашырыўся замежны бел. перыядычны друк. Ва ўзгодненасці дзеянняў суайчыннікаў, іх гуртаванні вял. ролю адыгрываюць сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. Нацыянальна свядомая бел. эміграцыя на Захадзе неаднародная. У ёй назіраецца супрацьстаянне розных груп і плыней, існуюць 2 паліт. цэнтры — Рада БНР і Бел. цэнтр. рада, якія, аднак, у галоўным ніколі не мелі разыходжанняў: аднолькава не прымалі сацыялістычны лад, сав. ўладу.

У сувязі з распадам СССР (1991) і набыццём суверэнітэту былымі сав. рэспублікамі ўнутрыдзярж. міграцыя ператварылася ў міжнар. класічную эміграцыю. У новых незалежных дзяржавах апынуліся 2130 тыс. беларусаў. У 1990-я г. намецілася тэндэнцыя вяртання суайчыннікаў на Бацькаўшчыну. На працягу 1992—2000 Беларусь прыняла на жыхарства з былых рэспублік Сав.

Саюза 432 тыс. чал., у т. л. 200,6 тыс. беларусаў. Эмігрыравалі з Беларусі за гэты перыяд у постсав. дзяржавы 217 тыс. ж., з іх у Расію — 161 тыс. чал., Украіну — 38,6 тыс., краіны Балтыі — 5,3 тыс., Казахстан — 4,4 тыс., Сярэднюю Азію — 3,6 тыс., Закаўказзе — 2,1 тыс., Малдову — 2 тыс. У наш час беларусы ў свеце найб. сканцэнтраваны на пагранічных з Рэспублікай Беларусь тэрыторыях суседніх дзяржаў — спрадвечных, гіст. землях. Кампактна беларусы пражываюць у Польшчы, пераважна на сваіх этнічных землях Беласточчыны. У Рас. Федэрацыі іх асела 1 млн. 200 тыс. (0,8% яе насельніцтва); у Маскве і вобласці — 129 тыс., Санкт-Пецярбургу і вобласці — 127 тыс., Калінінградскай вобл. — 74 тыс., Карэліі — 55 тыс., Цюменскай вобл. — 49 тыс. і ў інш. рэгіёнах. На Украіне жывуць 440 тыс. беларусаў (1,9% яе насельніцтва), у Казахстане — 183 тыс. (1,2%), Латвіі — 120 тыс. (4,5%), Літве — 63 тыс. (1,7%), Эстоніі — 29 тыс. (1,8%), Узбекістане — 29 тыс. (0,2%), Малдове — 20 тыс. (0,5%). Адметнасць бел. эміграцыі 1990-х г. — скарачэнне колькасці яе прадстаўнікоў у новых незалежных дзяржавах і павелічэнне яе зах. часткі, якая ў сав. гады папаўнялася нязначна з-за адсутнасці права на эміграцыю. Прычынамі выезду сталі сац.-эканам. і экалаг. стан на Беларусі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і інш. На працягу 1992—2000 з Беларусі выехалі па-за тэрыторыю постсав. краін 71,4 тыс. чал., а прыбылі адтуль 31,8 тыс. Эмігранты з Беларусі накіроўваліся гал. ч. у Ізраіль, ЗША, Германію, Аўстралію, Канаду, Польшчу, Чэхію. Паводле звестак пасольства Беларусі ў Ізраілі, цяпер там пражывае 120—140 тыс. выхадцаў з Беларусі. Устойлівыя бел. асяродкі існуюць на Амерыканскім і Аўстралійскім кантынентах, у шэрагу еўрап. краін. Найбольшая па колькасці бел. дыяспара склалася ў ЗША. Паводле падлікаў амер. даследчыка-беларуса В.​Кіпеля, тут у выніку трох хваль эміграцыі пасялілася больш за 600 тыс. суродзічаў і іх нашчадкаў. У 1990-я г. сфарміравалася часовая працоўная эміграцыя, у т. л. нелегальная. У 1994—2000 за межамі рэспублікі працавала больш за 20 тыс. яе жыхароў — у Расіі, Украіне, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Ізраілі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах і інш. краінах. З улікам значнай прысутнасці ў замежжы беларусаў і выхадцаў з Беларусі абарона іх законных правоў закладзена ў міжнар. дагаворах аб узаемаадносінах Беларусі з шэрагам краін, міжурадавых пагадненнях аб абароне сваіх грамадзян на тэрыторыі адна адной з Польшчай, Расіяй, Украінай, Літвой, Казахстанам, Славакіяй, Кубай; пагадненнях аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны сваіх грамадзян з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой, Малдовай, Казахстанам, Арменіяй; пагадненнях аб узаемным забеспячэнні правоў нац. меншасцей з Малдовай, Украінай, Расіяй, Літвой.

Характэрнай з’явай 1990-х г. стала існаванне на ўсёй прасторы пражывання бел. дыяспары (зах. і ўсх.) нацыянальна арганізаванай дзейнасці. Сучасная эміграцыя назапасіла багаты вопыт уладкавання нац. жыцця, які садзейнічае захаванню значнай часткай эмігрантаў і іх нашчадкаў звычаяў, роднай мовы, культуры, сваёй самабытнасці. Важная роля ў гэтым належыць згуртаванням і суполкам, што дзейнічаюць у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Вялікабрытаніі і інш. Паглыбіўся працэс гуртавання беларусаў і ў новых незалежных дзяржавах на постсав. абшары, актывізавалася іх нац.-культ. жыццё. Шматлікія грамадска-культ. аб’яднанні і т-вы працуюць у Расіі, Украіне, Малдове, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане. Узніклі структуры, якія ўзгадняюць нац. грамадска-культ. дзейнасць: Згуртаванне бел. грамадскіх арг-цый у Літве, Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Расіі», Усеўкр. савет беларусаў, Згуртаванне беларусаў Казахстана, Асацыяцыя беларусаў Эстоніі, Каардынацыйны савет бел. абшчын Малдовы. Гуртаванню суродзічаў садзейнічалі 1-ы сход беларусаў блізкага замежжа (1992), з’езды беларусаў краін Балтыі (1994, 1998, 2002), сустрэчы беларусаў Расіі (1994) і іх з’езды (1999, 2002). Значнымі падзеямі грамадска-культ. жыцця бел. дыяспары сталі чарговыя (22—25-я) сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (1996—2002), Аўстраліі. Кансалідуючымі агульнанац. мерапрыемствамі сталі з’езды беларусаў свету (1993, 1997, 2001). Адметнай з’явай нац. адраджэння стала стварэнне міжнар. грамадскай арг-цыі «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (1990), якая ў 2002 падтрымлівала сувязі больш чым з 200 суполкамі бел. дыяспары. Згуртаванне было ініцыятарам і арганізатарам з’ездаў беларусаў свету, 4 міжнар. навукова-практычных канферэнцый «Культура і адукацыя беларускага замежжа» (1994—2000); пры ім з 2002 працуе інфарм. цэнтр «Беларусь аб’яднаная». Працягвае дзейнасць Бел. т-ва па культ. сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (т-ва «Радзіма»). Замежным суайчыннікам высылаецца газ. «Голас Радзімы». Беларусы на постсав. прасторы шмат робяць у справе ўзнаўлення памяці пра найб. вядомых дзеячаў адраджэнскага руху з Беларусі. Сіламі Бел. грамадска-культ. т-ва (Пецярбург) у г.п. Левашова пастаўлены крыж (1992). Пры дапамозе дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі, беларусаў ЗША устаноўлены помнік М.​Багдановічу ў Яраслаўлі (1994). Тут на базе музея паэта створаны Цэнтр бел. культуры (1995). У г. Шальчынінкай (Літва) устаноўлены помнік К.​Каліноўскаму. Бел. культ. т-ва ў Калінінградзе стала ініцыятарам узвядзення ў бліжэйшы час у горадзе помніка Ф.​Скарыне, беларусы Масквы і Беларусі — помніка Я.​Купалу ў сталіцы Расіі. Ушанаваннем памяці дзеячаў бел. нац. руху сталі мемар. дошкі Ф.​Скарыне, К.​Каліноўскаму, Я.​Купалу, В.​Ластоўскаму, Б.​Тарашкевічу, Р.​Шырме, П.​Сергіевічу ў Вільнюсе.

Замежныя суродзічы шмат зрабілі па прыцягненні ўвагі сусв. грамадскасці да лёсу ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986, стымулявалі стварэнне чарнобыльскіх фондаў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і інш. Захаванню і пашырэнню бел. прысутнасці ў свеце садзейнічаюць нац. грамадска-культ. цэнтры ў Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Кліўлендзе, Таронта, Лондане і інш. Характэрнай рысай нац.-культ. жыцця бел. дыяспары ў 1990-я г. стала актыўная праца ў галіне беларусістыкі значнай колькасці даследчыкаў. З 1990-х г. актывізавалася праца цэнтраў творчых, інтэлектуальных сіл бел. дыяспары — Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (выдае «Запісы») і Таронта, Англа-бел. т-ва ў Лондане (выдае на англ. мове «Беларускую хроніку» і «Беларускі бюлетэнь навін»), бел. б-кі і музея Ф.​Скарыны. З 1996 у Парыжы дзейнічае створаная з удзелам нашчадкаў бел. эміграцыі асацыяцыя «Беларускія перспектывы» (выдае аднайменны бюлетэнь на франц. мове). У 2000 заснаваны Бел. ін-т культуры ў Варшаве, які аб’ядноўвае вучоных, прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі; зарэгістравана Бел. гіст. згуртаванне ў Аўстраліі (г. Адэлаіда). Навук. асяродкі склаліся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Вільнюсе. Вучоныя бел. паходжання працуюць у Цэнтры беларуса- і ўкраіназнаўчых даследаванняў (створаны ў 1994 у сістэме Рас. АН), удзельнічаюць у мерапрыемствах суполкі Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (Масква). Намаганнямі бел. даследчыкаў з Масквы і Беларусі выдадзены 4 выпускі літ.-навук. гадавіка «Скарыніч» (1991—99). З удзелам бел. даследчыкаў у С.-Пецярбургу рэгулярна праводзяцца беларусазнаўчыя канферэнцыі, частка іх матэрыялаў змешчана ў «Беларускім зборніку». У 2001 у Вільнюсе зарэгістравана грамадская культ.-навук. арг-цыя «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» для адраджэння гэтай установы. Выходзяць газ. «Беларускі дайджэст», «Беларускі агляд» (на англ. мове), «Беларускае слова» (з 2002, Таронта, Канада), час. «Полацак» (ЗША), «Прамень» (Манрэаль, Канада), бюлетэнь Федэральнай рады бел. арг-цый Аўстраліі. Захаванню беларусамі нац. свядомасці спрыяюць газ. «Прамень» (Рыга), «Рунь» (Вільнюс), «Крыніца» і «Наша новая газета» (С.-Пецярбург), «Галіцкая Рунь» (Львоў), бюлетэні «Шляхам Скарыны» (Масква), «Маланка» (Іркуцк) і інш. Дзейнічаюць бел. праграмы на літ., латв. і эстонскім радыё. Першымі крокамі па стварэнні на постсав. прасторы бел. нац. адукацыі сталі нядзельныя школы для дзяцей і дарослых у Маскве, Рызе, Ташкенце, Даўгаўпілсе, Новасібірску, Таліне, Кішынёве, Паўладары, Ерэване, Львове, Цюмені і інш. З 1993 працуе адзіная ў замежжы поўная сярэдняя школа з бел. мовай выкладання ў Вільнюсе, а ў літ. г. Вісагінас з 1994 — класы з навучаннем на бел. мове. У 1994 адкрылася бел. школа ў Рызе, якая ў 1998 атрымала статус асноўнай.

У бел. культуру пачала арганічна ўключацца творчасць замежных бел. вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, кампазітараў, музыкантаў, спевакоў, артыстаў. У 1991 заснавана аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое склалі маст. суполкі Латвіі, Літвы, Эстоніі і С.-Пецярбурга. Сучасныя перасяленцы з Беларусі слаба далучаюцца да нац. жыцця пасляваен. эміграцыі, хаця прыток нацыянальна арыентаваных эмігрантаў прывёў да ажыўлення бел. асяродкаў у Нью-Йорку, Таронта, Празе, Берліне. У Празе дзейнічаюць Бел.-чэшскае т-ва «Скарына», Звяз беларусаў замежжа ў Чэхіі, Бел.-іберыйскае згуртаванне (Іспанія), Бел. інфарм. цэнтр фонду ў г. Зіген (Германія). Прадстаўнікі бел. моладзі, што навучаецца ці працуе ў Зах. Еўропе, заснавалі Згуртаванне бел. моладзі замежжа (Германія, 2003). Створана Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі, сярод якіх ёсць і беларусы. Індыферэнтнасць значнай часткі беларусаў у постсав. дзяржавах, іх падзеленасць па паліт. прычынах, недастатковая падтрымка Бацькаўшчынай замежных суродзічаў абумовілі адсутнасць бел. школ, нац. друку ў шматлікіх і багатых на інтэлектуальныя сілы асяродках у Расіі, Казахстане, Украіне.

Працягам бел. рэліг. і культ. традыцый і звычаяў, імкнення бел. дыяспары да нац. самазахавання стала далейшая арганізацыя рэліг.-царк. жыцця на нац. аснове. Гэта выявілася ў будаўніцтве цэркваў, правядзенні набажэнстваў, выданні рэліг. л-ры, часопісаў на роднай мове. У пач. 1990-х г. адбыліся першыя кантакты паміж бел. правасл. цэрквамі на эміграцыі і царк. грамадскасцю Беларусі. Правасл. беларусы на постсав. прасторы пачалі наладжваць рэліг.-царк. жыццё на нац. аснове. У 1996 створана бел. царк. т-ва пры Рыжскім кафедральным саборы Раства Хрыстова, з 2001 дзейнічае правасл. бел. прыход у Вільнюсе. Новасібірскія беларусы пабудавалі правасл. царкву св. Ефрасінні Полацкай (2001). Нягледзячы на неаднаразовыя спробы, бел. рымска-каталіцкая грамада на эміграцыі не змагла арганізаваць свае нац. парафіі. Пэўнае ажыўленне царк.-рэліг. дзейнасці на нац. глебе пачалося сярод бел. католікаў на постсав. прасторы. У 1991 прадстаўнікамі Маскоўскага т-ва бел. культуры арганізавана каталіцкая суполка. У С.-Пецярбургу службы па-беларуску праходзяць у Кафедральным каталіцкім касцёле, вядуцца перадачы па гар. каталіцкім радыё «Марыя». Утворана каталіцкая секта Т-ва бел. мовы Віленскага краю, з 1998 у Вільнюсе ў касцёле св. Барталамея набажэнствы праводзяцца на бел. мове. У бел. асяроддзі на Захадзе існуюць грэка-каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Лондане і Парыжы, парафія ў Чыкага. З 1991 дзейнічае уніяцкая суполка ў Маскве. Бел. рэдакцыя «Радыё Ватыкана» з 1990 увяла спец. рубрыку для грэка-католікаў. У Бел. каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі праходзяць навучанне будучыя святары. Развіццё бел. дыяспары арганічна звязана з захаваннем і ўмацаваннем дзяржаўнасці Беларусі, працэсамі нац. адраджэння Бацькаўшчыны, усталяваннем добрасуседскіх адносін з памежнымі краінамі, уваходжаннем у еўрап. і міжнар. супольнасць. Самастойная, дэмакр. і прававая Беларусь зможа забяспечыць існаванне бел. народа на Бацькаўшчыне і бел. дыяспары як адзінага арганізма. Гэта адна з умоў самазахавання і развіцця бел. нацыі ў эпоху глабалізацыі.

Літ.:

Околовіч Я. Рады для эмігрантаў, каторые едуць у Амэрыку, а такжэ размовы беларуско-англіцкіе. Вільня, 1912;

Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Ч. 1—3. Лос-Анжэлес, 1968;

Лещенко Г.Ф. Переселения из Белоруссии в Поволжье и Сибирь (конец XVI—XVII в.): Автореф. дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1983;

Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі, Мн., 1984;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Яе ж. Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі XX ст. // Запісы Бел. ін-та навукі й мастацтва. 2001. №25;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994;

Белорусы. М., 1998;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000;

Беларускія мастакі ў замежжы. Б.м., 2001;

Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001;

Белорусы в Молдове // Материалы Междунар. научно-практ. конф., г. Кишинев, 6—8 окт. 2001 г. Мн., 2001;

Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.

Г.​Г.​Сяргеева, Т.​А.​Папоўская.

т. 18, кн. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.

Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.​Б.​Валовіча і падканцлера Л.​І.​Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш. еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр. ням., франц., лац. мовы.

Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.​Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.​Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.​Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.

Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.

Публ.:

Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Літ.:

Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;

Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;

Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;

Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;

Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;

Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;

Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;

Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;

Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;

Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;

Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)