фізічная велічыня, якая характарызуе меру вярчальнага руху цела (сістэмы цел) адносна пункта або восі. Паняцце «М.і.» дастасавальнае таксама да эл.-магн., гравітацыйнага і інш. фізічных палёў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх задач механікі, фізікі і тэхнікі.
М.і. матэрыяльнага пункта з імпульсамі адносна цэнтра (полюса) O роўны вектарнаму здабытку:
, дзе — радыус-вектар пункта, праведзены з цэнтра O. Для сістэмы n такіх пунктаў
і адносна восі вярчэння выражаецца таксама праз вуглавую скорасць і момант інерцыіI дадзенай сістэмы (напр., цвёрдага цела) адносна гэтай восі:
. Змены М.і. сістэмы цел адбываюцца пад уздзеяннем толькі знешніх сіл і залежаць ад іх моманту (гл.Момант сілы). З 2-га закону Ньютана (гл.Ньютана законы механікі) вынікае
. Калі
будзе пастаянным і мае месца закон захавання М.і. (гл.Захавання законы). Роўнасць
мае таксама месца пры руху пункта (цела) ў полі цэнтральных сіл, пры гэтым яго рух падпарадкоўваецца закону плошчаў (гл.Кеплера законы), што выкарыстоўваецца ў нябеснай механіцы, тэорыі руху ШСЗ, касм. лятальных апаратаў і інш. Большасці элементарных часціц уласцівы ўласны, унутраны М.і. (гл.Спін). Адзінка М.і. ў СІ — кілаграм-метр у квадраце за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,
змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.
Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл.Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл.Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл.Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСТРЫ́НА ((Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да) (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),
італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыня хар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т. л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).
Літ.:
Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;
Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;
Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,
устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.
П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл.Плазменная тэхналогія).
На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.Дэбюсі, А.Скрабіна, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, Б.Бартака, у «Атмасферах» Дз.Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.Шапэна, М.Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),
галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц.тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш.Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКО́ВЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапіснай тэхнікі, у якой сувязным рэчывам фарбаў з’яўляецца адбелены пчаліны воск. Не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. Існуюць гарачы (энкаўстыка) і халодны (васковая тэмпера) спосабы васковага жывапісу.
Энкаўстыка вядомая з часоў Стараж. Егіпта. У сярэднія вякі саступіла месца яечнай тэмперы. Адраджацца васковы жывапіс пачаў у эпоху Рэнесанса, асабліва пашырыўся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. васковы жывапіс выкарыстоўваўся пры рэстаўрацыйных работах, дубліраванні і рэтушы карцін і насценнага жывапісу.
Бел. мастакамі ў васковым жывапісе выкананы шэраг насценных размалёвак і карцін: «Навука» ў фае Ін-та кібернетыкі АН Беларусі (1971), «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976; абедзве С.Катковай і З.Літвінавай), «Асветнікі» Г.Вашчанкі ў Доме настаўніка (1976), «Мой край — Беларусь» І.Кліменкі, А.Ксяндзова, В.Барабанцава ў б-цы Бел.эканам. ун-та (1978), «Заснавальнікі Беларускага універсітэта» У.Самсонава ў корпусе ф-та журналістыкі БДУ, «Музыка» С.Катовіча ў Рэсп. ліцэі пры Бел. акадэміі музыкі (абедзве 1980; усе ў Мінску) і інш. Сярод станковых работ у васковым жывапісе выкананы нацюрморты «Хлеб» і «Цыкламен» Вашчанкі (1966), «Дзяўчына ў чорным берэце» (1974) і «Партрэт Л.Зяневіч» (1978) Літвінавай, «Партрэт дзяўчыны» (1977) і «Партрэт М.Гусоўскага» (1980) Барабанцава, нацюрморт «Збаны і кветкі» В.Ціханава (1980) і інш.
Да арт.Васковы жывапіс. З.Літвінава, С.Каткова. «Стары і новы Вільнюс». Насценная размалёўка ў кінатэатры «Вільнюс» у Мінску. 1976.