ПАЎДНЁВЫЯ ШЭТЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Shetland Islands),
група вулканічных астравоў у праліве Дрэйка. каля паўн.-зах. берагоў Антарктычнага п-ва. Складаецца з 11 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 4,3 тыс.км². Выш. да 2300 м (на в-ве Кларэнс). Складзены з вывергнутых метамарфічных і часткова асадкавых парод. Б.ч. укрыты снегам і лёдам. Лежбішчы цюленяў і марскіх ільвоў, калоніі пінгвінаў і інш. марскіх птушак. Адкрыты ў 1819 У.Смітам, апісаны і нанесены на карту Ф.Ф.Белінсгаўзенам у 1821. На астравах навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, Чылі, Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НЧЭРЫ (ад ням. Pinscher),
група парод сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. Еўропы, сфарміраваны ў канцы 19 ст. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. На Беларусі сабакаводы-аматары найб. гадуюць даберман-П. як службовых, малога і карлікавага П. як дэкаратыўна-пакаёвых сабак.
Выш. даберман-П. ў карку 60—72 см, канстытуцыя моцная, сухая; касцяк і мускулатура добра развітыя. Поўсць кароткая, прамая, бліскучая, чорная, карычневая або блакітная з іржава-чырвонымі падпалінамі. Хвост і вушы купіруюць. Характэрны алюр — галоп. Тып паводзін рухомы з актыўнай абарончай рэакцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСЕ́НЫ (ад піра... +грэч. xenos чужы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа стужачных сілікатаў. Агульная формула R2[Si2O6], дзе R — пераважна магній, жалеза, радый, кальцый, алюміній, натрый, літый і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (клінапіраксены) і рамбічнай (ортапіраксены) сінганіях. Адрозніваюць П. шчолачназямельныя (дыяпсід-гедэнбергіт, аўгіт) і шчолачныя (эгірын, жадэіт, спадумен). Крышталі кароткапрызматычныя, таблітчастыя, зярністыя масы, украпанікі. Колер белы, шэры, жоўты, аліўкава-зялёны, бураваты да чорнага. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,1—3,6 г/см³. Уваходзяць у састаў многіх магматычных і метамарфічных горных парод, некат. пароды цалкам складзены з П. (напр., піраксеніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́ЦКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1977 з мэтай захавання унікальных насаджэнняў інтрадукаваных лясных культур і паляпшэння ўмоў іх росту. Пл. 508 га. Лесапасадкі з пач. 20 ст. Узрост лясных культур 30—100 гадоў. З мясц.парод пераважаюць чыстыя і мяшаныя насаджэнні хвоі і елкі звычайнай, дубу летняга, ясеню звычайнага. З інтрадукаваных відаў растуць лістоўніцы еўрапейская і сібірская, хвоі Мурэя і веймутава, дугласія, елка канадская, дуб чырвоны, ясень пенсільванскі, арэх маньчжурскі, аксаміт амурскі, таполі канадская, валасістаплодная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВА́Я ПАДМА́НКА,
найбольш пашыраны пародаўтваральны мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, групы амфіболаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, магнію, жалеза, (NaK)0-1 (Ca, Na)2 (Mg, Fe+, Al, Fe3+, Ti)5 [(Si, Al)4 O11]2 (OH, F, Cl)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі прызматычныя, слупкаватыя, часцей зярністыя масы, украпаныя падоўжаныя зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльнасць 3,1—3,3 г/см³. Крохкі. Адзін з гал. кампанентаў многіх вывергнутых і метамарфічных горных парод. Пры выветрыванні пераходзіць у сумесь гліністых мінералаў, апалу і гідраксідаў жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎЦАЎ (Мікіта Фёдаравіч) (26.9.1895, в. Воздрама Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 1987),
расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі зоатэхн. ін-т (1935). У 1956—72 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Навук. працы па малочнай і мясной жывёлагадоўлі і яе пароднай перабудове, развіцці плем. службы, вывядзенні новых парод буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Межпородное скрещивание крупного рогатого скота. М., 1951;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),
парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц.парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУВЕНЗО́РЫ (Ruwenzori),
горны масіў ва Усх. Афрыцы, на мяжы Заіра і Уганды. Складзены са стараж.-крыштал. парод. Выш. да 5109 м (пік Маргерыта). На ніжніх схілах да выш. каля 2600 м — перадгорныя і горныя лясы і саванны; уздоўж верхняй мяжы лесу — бамбукавыя зараснікі. На выш. 2600—3800 м — субальпійская расліннасць (гал.ч. дрэвападобны верас), вышэй за 3800 м — высакагорныя лугі, вышэй 4600—4800 м — вечныя снягі і ледавікі, агульная пл. каля 5 км². Далінныя ледавікі апускаюцца да выш. каля 4200 м. Запаведнік (горныя гарылы). Масіў адкрыты ў 1876 Г.М.Стэнлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),
расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн.навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ДЖАНЕЦ,
маладая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.