усхо́д ​1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д ​2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́рства, ‑а, н.

1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.

2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.

3. перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства. «Беларусь». Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ. А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух. Матрунёнак. // Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола. Хомчанка. І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства. «Звязда». Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны! В. Вольскі.

•••

Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.

Вечнае царства — пра рай.

Вянчацца на царства гл. вянчацца.

Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.

Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае... Навуменка.

Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.

Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.

Царства нябеснае каму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула... Шамякін.

Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат ​1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат ​2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцюдзёны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае нізкую ці адносна нізкую тэмпературу; халодны (пра паветра, вецер і пад.). Вада ў .. [рэчцы] сцюдзёная, крынічная, чыстая, як крышталь. Новікаў. Хвілін праз сорак, у дадатак да ўсіх нашых няшчасцяў, мы [лётчыкі] трапілі ў густы сцюдзёны туман. Шамякін. Пуста і холадна цяпер там [на месцы сустрэчы], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч. / Пра цела, часткі цела. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч. [Ногі] былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя. Быкаў. // Які характарызуецца нізкай тэмпературай (пра пагоду, пару і пад.). У верасні ночы бываюць сцюдзёныя. Галавач. Іх [сяброў] прывялі за дрот зімой сцюдзёнай. Аўрамчык. У сцюдзёную зімовую пару аўтаматчыкі станавіліся на лыжы і рабілі рэйды ў тыл ворага. «Звязда». // Які не ацяпляецца; не ўцеплены (пра памяшканне). У доўгай, бы пуня, сцюдзёнай будыніне, апрача залы са сцэнай, былі два пакойчыкі. Мядзёлка. // Пазбаўлены цеплыні (пра рэчывы, прадметы, з’явы). Калючым сцюдзёным снегам гарэзна сыпле ў твар [вецер], сячэ, як шротам. Якімовіч. Сцюдзёная раса абмывае ногі, аж ломіць у суставах. Гамолка. // Ахалоджаны. Сцюдзёны квас.

2. Звязаны з адчуваннем холаду, з уяўленнем аб холадзе. Сцюдзёнае неба. / Пра цемень, сінь і пад. Ранак сустрэў Свету сцюдзёным блакітам чыстага неба. Гарбук. [Вочы старога рыбака] наглядзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, і на сцюдзёную чорную цемрадзь. Брыль. // перан. Які нагадвае па колеру лёд, глыбіню вады, паветраную прастору. Калі адцвітае яна — пяшчотна сіняя сцюдзёная краска — тады жыццё адкрывае ўсе вокны. Лынькоў.

3. Які не вылучае цяпла; не выклікае адчування цяпла (пра месяц, зоркі). А там, на радзіме, марозам убраны У сцюдзёныя зоры стары медны бор. Танк. / Пра зару, святло і пад. Калі ж разліўся ў роднай шыры Сцюдзёным сполахам усход, Ужо над пожнямі у вырай Вандроўнік-жораў вёў свой род. Кірэенка. / у вобразным ужыв. Гарэла каліна ў сцюдзёным агні. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)