хлю́панне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне ног па гразі і шолах кустоў. Пальчэўскі. Чулася толькі хлюпанне вады ды шуршанне леташняй асакі. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмы́ханне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чмыхаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. У гэты момант за акном пачуўся скрып намерзлых палазоў і задаволенае чмыханне каня, які прабег доўгую дарогу і нарэшце пачуў стайню. Хацкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́станне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. шастаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Па шастанню саломы Рыбак адчуў, што ён [пацук] там не адзін. Быкаў. Пад зялёнае шастанне хвойнага галля думаецца пра Палессе. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. У працэсе працы, руху, дзеяння і пад. утвараць глухі характэрны гук. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем, ды пагрымлівае бульба, падаючы ў кашы. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАТАРЭ́Я ў тэхніцы,
аднолькавыя прылады, прыстасаванні ці збудаванні, аб’яднаныя ў адзіную сістэму (устаноўку) для сумеснага больш эфектыўнага дзеяння. напрыклад, коксавая батарэя — шэраг коксавых печаў для сухой перагонкі каменнага вугалю ў кокс; радыятарная батарэя — злучаныя ў адно ацяпляльнае прыстасаванне радыятары; ахаладжальныя батарэі — сістэмы труб (гладкіх ці з рэбрамі), у якіх выпараецца холадагент або працякае халадзільны раствор. Пашыраны электрычныя батарэі — кандэнсатарныя (з кандэнсатараў), акумулятарныя (з акумулятараў) і з інш. хімічных крыніц току.
т. 2, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),
іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.
т. 2, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФІ́КСІЯ (грэч. asphyxia літар. адсутнасць пульсу),
паталагічны стан, што ўзнікае ў арганізме ад рэзкага недахопу кіслароду і лішку вуглекіслаты. Асфіксія механічная ўзнікае ад спынення доступу паветра ў лёгкія, асфіксія таксічная — ад дзеяння розных хім. рэчываў. Пры асфіксіі ўзнікаюць задышка і галавакружэнне, пачашчаецца пульс, павышаецца крывяны ціск, зацямняецца свядомасць, трацяцца адчувальнасць і рэфлексы, спыняюцца дыханне і сардэчная дзейнасць. Неадкладныя меры: штучнае дыханне, лякарствы, якія ўзбуджаюць дыхальны і сасудзісты цэнтры.
т. 2, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАФІ́Я (ад грэч. atrophia завяданне),
памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.
Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. фактараў.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,
рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.
т. 6, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,
эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.
т. 6, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)