дало́ў, прысл.
1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.
2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!
•••
І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.
З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бац 1, выкл.
Разм.
1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.
2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.
бац 2, баца, м.
Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вядо́ма,
1. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці якіх‑н. звестак. Імя гэтага чалавека было вядома таму, хто хоць зрэдку чытаў сельскагаспадарчую літаратуру. Сабаленка. [Кавалёва] усміхнулася, схавала насенне ў кішэню і прамовіла: — Мне ўжо ўсё вядома. Дуброўскі.
2. у знач. пабочн. Зразумела; канечне. Я быў за старшага ў атрадзе і, вядома, усе чакалі маёй каманды. Якімовіч. Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае. Брыль.
3. часціца сцвярджальная. Бясспрэчна. Ты напішаш мне? — Вядома, напішу.
•••
Аднаму богу вядома — пра тое, што нікому не вядома.
Як вядома (у знач. пабочн.) — пра тое, што ўсе ведаюць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.
2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.
1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.
2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.
мука́, ‑і́, ДМ муцэ́, ж.
Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́льга, безас. у знач. вык.
1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.
2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.
•••
Нельга не адзначыць гл. адзначыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніякава́та, прысл.
Разм.
1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.
2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паку́тліва,
1. прысл. З адчуваннем, пачуццём пакуты. Хлопцы сноўдаліся па лесе, пакутліва думалі — што рабіць далей. Новікаў. // Выяўляючы, паказваючы пакуту. Гэлін твар на імгненне пакутліва перасмыкнуўся. Навуменка. // Прычыняючы пакуту. Пакутліва ныла спіна, ад напружання балела шыя. Шамякін.
2. прысл. У вялікай ступені, вельмі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак, ужо нават вылузаны з каляровай паперкі. Брыль. Пакутліва доўга цягнуўся дзень. Шамякін.
3. безас. у знач. вык. Цяжка, нязносна. Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Сядзець за сталом было пакутліва. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смаката́, ‑ы, ДМ ‑каце ж.
Разм.
1. Што‑н. смачнае (з яды). І ўсё было такое смачнае, што за вушы, здаецца б, не адцягнуў ад такой смакаты. Сабаленка. Знойдзеш — абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!.. Брыль.
2. у знач. вык. Пра што‑н. вельмі смачнае; аб’ядзенне. [Мароз:] — Прыязджаем з Іванам Васільевічам — а там ужо стол з місай рыбы. Свежанькая, падсмажаная, масла на ёй кіпіць — смаката. Лобан. І ўсе арэхі спеленькія, жоўценькія, поўненькія, і нават калі пасушацца на печы, дык усё роўна зярняты на ўсю шкарлупку. Раскусіш арэх — а там такая смаката!.. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)