БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР’Е́Р (франц. barriére),

1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.

2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.

4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (стараж.-яўр. чалавек),

у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЛО́ДНЫЯ ПАХО́ДЫ»,

адна з формаў барацьбы беспрацоўных у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Удзельнікі паходаў у сталічныя ці вялікія адм. гарады ставілі свае патрабаванні ўрадам і парламентам, галоўныя з якіх — дзярж. страхаванне па беспрацоўі і выдача дапамогі беспрацоўным. Самыя вялікія «галодныя паходы» былі ў ЗША (1931, 1932) і Вялікабрытаніі (1932, 1933 і інш.).

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ І МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1870—1913 у г. Брэст. У 1879 былі 2 вагранкі, адлівалі чыгунныя вырабы. У 1908 працаваў конны рухавік (5 к.с.), у 1913 — газавы (12 к.с.), рамантавалі с.-г. машыны, рабілі чыгунныя адліўкі. Працавала да 78 чал. (1899). Выраблялі прадукцыі на суму да 12 тыс. руб. (1913).

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКАЯ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1900—41. Знаходзілася за 7 км ад чыг. ст. Асінаўка (цяпер у Дубровенскім р-не). Выпускала баваўняныя, шаўковыя, джутавыя тканіны, пражу. У 1908—13 працавала 488 рабочых, былі паравыя рухавікі, 160 ткацкіх станкоў, 120 круцільных верацён. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў Барнаул, увайшла ў склад Барнаульскага камвольнага камбіната.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫ, лесавозы,

сані для перавозкі лесу і буд. матэрыялаў. Рабілі з масіўных, часцей натуральна выгнутых палазоў, якія трывала злучалі паміж сабой па капылах дубовымі вязамі, брускамі ці патоўшчанымі на канцах калодкамі. Спосаб укладкі бярвён залежаў ад даўжыні, канструкцыі К., мясц. тыпаў запрэжкі. Былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст. Выйшлі з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)